Усё, што адбывалася на тыя Каляды, я ўспрымаў надзiва спакойна. Увечары мусіў быць рэстаран зь дзяўчатамі. А пасьля Новы год. А ў новым годзе была Вільня, "Наша Ніва", новыя сябры й радасныя пляны. І раптам — гэтыя двое ў цывiльным па баках, трэцi сьпераду. Кабінэт начальніка Угро. Тэлеграма зь цікавай фразаю: "... в случае задержания конвой выезжает незамедлительно". Пераапрананьне ў прасьцейшую адзёжку ды адрываньне фiльтраў ад цыгарэт. Цесны варанок i лянiвая размова канваiраў пра надыходнае сьвята... Рыданьнi мацi вярнулi мяне да рэальнасьцi. Да паступовага разуменьня таго, што ня будзе ў мяне вясёлых Калядаў. А вось год атрымаецца сапраўды Новы.
У камэры нас было чацьвёра. Мiлы хлопчык-кампутаршчык, якi адмыслова пакiнуў фортку свайго офiсу адчыненай, пасьля чаго ў офiсе засталася толькi гэтая самая фортка. Хлопчыка ўзялi ў момант, калi той у чаканьнi нявесты сэрвiраваў сьвяточны стол. У камэру яго даставілі ў строі жаніха. У белай кашулі й чорных нагавіцах. Другога, блатара-пачаткоўца i сына вайсковых расейцаў, выцягнулi з п'яной бойкi ля вiннай крамы, калi той яшчэ не пасьпеў нiкому страсянуць мазгоў. У яго была прабітая галава, і ён гэтым вельмі ганарыўся. Усё дэманстраваў сваю дзірку ў чэрапе, залепленую нейкай адмысловаю пласьцінаю. Трэцi быў саракагадовы, прыгожы чалавек з выцягнутым арыстакратычным тварам i вельмi разумным позiркам. Усё ў iм — пастава, тэмбар, манера гаварыць зь невялiкiмi паўзамi, — незвычайна супакойвала. Нават імя ягонае, Анатоль, дадавала яму шляхетнасьці. Ня кажучы пра кругагляд. Ад Вітаўта да Мулявіна. Я хутчэй уявiў бы яго за пiсьмовым сталом, чым... у якасьцi рэцыдывiста зь пяцьцю тэрмiнамi за плячыма й адным загубленым жыцьцём на душы, якi лiтаральна некалькi дзён таму грабануў у горадзе Мазыры прыватную краму й нажом паранiў мiлiцыянта.
Як добра, што я нiкога зь iх ня ведаў па той бок турэмнага муру. I як файна, што менавiта яны сталi маiмi сукамэрнiкамi ў той сьвяточны пераднавагоднi тыдзень. Мiлыя людзi ў чатырох сьценах, якім не было чаго дзялiць, акрамя цыгарэтных зацяжак ды ўспамiнаў. Страчаная свабода была для ўсiх ня больш, чым нагодаю распавесьцi нешта цiкавае. А апавядальнiкамi яны былi выдатнымi.
Так за вясёлымi размовамi мы й сустрэлi сьвятло апошняга перадсьвяточнага дня. Менавiта сьвятло, бо ўбачыць неба з таго вакна было немагчыма. Але я быў упэўнены, што там цудоўнае зiмовае надвор'е, як на калядных паштоўках. У той дзень я па-сапраўднаму спалохаўся распаўсюджанай прыкметы — як ты новы год сустрэнеш, так яго й правядзеш. І з кожнай гадзінай набліжэньня Новага году ўва мне расла балючая зайздрасьць да кожнага з маіх сукамэрнікаў. Якія здаваліся мне абранцамі фартуны. Бо яны, у адрозьненьне ад мяне, ведалі, што іх чакае заўтра. Старэйшаму з нас пабачыць колер неба сьвяцiла, у лепшым выпадку, у першыя гады будучага тысячагодзьдзя. Што яго нiяк не засмучала. Ён ужо ведаў зону, у якую яго накiруюць, i зь якой ён адлучыўся на нейкiя паўгады. Ён ужо думкамi быў там, прадчуваючы цёплую сустрэчу за чыфiрам са старымi сябрамi. Урэшце, на зоне засталася ягоная галубятня, якую трэба было б адрамантаваць. Высьветлiлася, што ён любiў птушак нашмат больш за людзей. Хлопчык-кампутаршчык небеспадстаўна спадзяваўся на ўмоўны тэрмiн. Бо ён жа першы раз, і мама паплача ў судзе, і нявеста ўмольна зірне на пракурора. Толькі што добрую характарыстыку на былой працы наўрад ці дадуць. А жывапiсны «граза раёну» i так ведаў, што яго, хутчэй за ўсё, апраўдаюць. Мяне ж не чакалi нi тэрмiн, нi добры адвакат, нi сьледчы. Валагодзкi канвой — вось адзiнае, што я ведаў пра свой блiжэйшы навагоднi лёс. Пра шлях на радзіму, сустрэчу са старымі знаёмымі ды валагодзкі цэнтрал, у параўнаньні зь якім менская Валадарка здаецца Палацам сьнягурачкі, лепш было зусім ня думаць. Як і пра папярэдняе жыцьцё. Зь Беларусяй, Вільняю й "Нашай Нівай". Супакоiў мяне сiвы забойца: «Ты не хвалюйся. Першую ходку зробіш, а там — як па масьле».
Адмераўшы на вока апошнiя iмгненьнi сыходнага году, мы зрабiлi з хлеба нешта, што нагадвала фужэры, ды, пажадаўшы адзiн адному пераменаў да лепшага, распачалi сваю сьвяточную вячэру. Але не пасьпеў я дажаваць свой мякiш, як дзьверы камэры расчынiлiся й мяне паклiкалi «з рэчамi».
На гадзiньнiку ў дзяжурцы было бяз чвэрцi дванаццаць."Відзіш, сколька ўрэмя? Каб пасьля не гаварыў, што цібя адпусьцілі ў старым годзе". Я нават не адразу паверыў словам турэмшчыка. Настолькі пранікся сваёй страшнай казкай. Якая скончылася так сваечасова й так будзённа. Новы год я сустрэў у мiлiцэйскiм варанку, што вёз мяне з турэмнай ускраiны ў цэнтар гораду, дзе даўно ўжо iшло гульбiшча. Сьнегу не было, стаяла мярзотная адлiга. Але горад гудзеў, піў і рагатаў. Я ішоў празь сьвяточны натоўп і быў самым шчасьлівым чалавекам у гэтую навагоднюю ноч. Бо ў падарунак атрымаў не свабоду нават, а сваё ранейшае жыцьцё...