Выбрать главу

Як высьветлiлася пазьней, беларуская пракуратура вырашыла не выдаваць расейскiм калегам свайго грамадзянiна. I праз суткi я стаяў у кабiнэце пракурора Гомельскай вобласьцi як шкадлiвы падшыванец. Пракурор падвёў мяне да мапы Рэспублiкi Беларусі, што вiсела пад гiпсавай «Пагоняю», i сказаў: «Вось, сынок, межы нашай рэспублiкi. Тут i гуляй сабе. Толькi страляць ня трэба. А вось тут, — ён паказаў на Расею, — твая родзіна, дзе табе лепш пакуль не паказвацца. Зразумеў?» Я зразумеў. Зона маёй свабоды пашырылася да межаў краiны, i тая граніца за сорак кiлямэтраў на ўсход раптам перастала быць празрыстаю. Так я ўпершыню амаль фiзычна адчуў межы сваёй краiны, i свабода, абмежаваная такiм чынам, падалася мне надта ж прывабнаю для жыцьця. На радзіме я па-ранейшаму заставаўся ў вышуку. Радзіма ўсё яшчэ магла пераламаць мой лёс аб калена. Калі б не "папяровы", "штучны", "несур'ёзны" ці які там яшчэ сувэрэнітэт маёй невялікай нерадзімы. Было над чым задумацца. Тэлеграму аб закрыцьцi справы я атрымаў у тым самым годзе. Але дзеля чаго ўсё гэта было? Ці зрабіў я выснову? Ня ведаю. Бо й да гэтае пары мяне наведваюць мары пра чорны пісталет.

Верасень 1998

Чаравікі забойцы

Iншым часам мяне палохаюць рэчы, якiя быццам бы цалкам выпадкова трапляюць да мяне. Вось i зараз, зьбіраўся на журналiсцкую канфэрэнцыю ў Ялту і аж перасмыкнуўся ад прозьвiшча, якое прачытаў на падэшве сваiх чаравiкаў. Рэч у тым, што перад Ялтаю я вырашыў заехаць на дзень у Гомель, адведаць матулю, i тая, пашкадаваўшы маiх ног у цяжкiм восеньскiм абутку, вырашыла аблегчыць мне крымскую хаду, пазычыўшы лёгкiя гострамысыя чаравiкi ў касьцюмерным цэху мясцовага тэатру. На падэшве стаяла «В.Пятроў».

А пару месяцаў да таго артыст В.Пятроў, напiўшыся, забiў свайго роднага сына. І на гэтым дурная бэлетрыстыка ня скончылася. Сына звалi Максiмам i ён быў на два гады маладзейшы за мяне. Я падзялiўся гэтай інфармацыяй са сваiм спадарожнiкам, вядомым беларускiм паэтам, вялiкiм аматарам жыцьця й буйных жанчын. «Ну й ня дзiўна, — жыцьцярадасна адрэагаваў той, — рэчы забойцы заўсёды шукаюць новага гаспадара». «I часам знаходзяць», — дадаў ён пасьля паўзы. Зь якою б лёгкасьцю я зноў апрануў свой восеньскi «Белвест»! Але цягнiк ужо кацiўся па ўкраiнскай зямлi.

Чаравiчкi мiлага камэдыянта, весельчака й сыназабойцы дзядзi Васi прыйшлося абуваць у Сымфэропалi. Але зацыклiвацца на сумнай ноце, цi, яшчэ горш, шукаць у тым нейкай прыкметы не хацелася. Нездарма ж у маёй кайстры ляжалі кнiжка «Вянок» i бутэлька гомельскай гарэлкi «Стары млын».

Заўсёды перад сустрэчай з морам я настройваю сябе, каб не зьдзiўляцца. I кожнага разу не атрымлiваецца. Быццам пасьля доўгiх дзён у чатырох сьценах перад табою раптам распахнулi дзьверы. Вось i цяпер, пераехаўшы Крымскi хрыбет, я цалкам аддаўся сузiраньню грандыёзнага краявiду.

Журналiсцкi сэмiнар праходзiў у адным з санаторыяў, пабудаваных за сталiнскiм часам, куды нас i засялiлi. Я зь нейкiм несамавiтым зларадзтвам прайшоўся па чырвонакiлiмавых калiдорах, у якiх, здавалася, нават пахi засталiся з часоў, калi тут адпачывала начальства сярэдняга саюзнага зьвяна. I шырокаваконныя бiльярдныя, i барэльефныя сьцены, i ўвесь астатнi ампiр пад кiпарысамi будаваўся ну нiяк не дзеля «сумнеўных сэмiнараў на грошы заакiянскiх гаспадароў». Усё тут патыхала далёкай, няспраўджанай марай дзяцiнства — «зьезьдзiць у Артэк».

Вось i збылася мара. А радасьцi няма. Затое было дзiўнаватае адчуваньне сваёй далучанасьцi да незнаёмага места, дзякуючы чалавеку, нават голас якога ўявiць немагчыма. «Ну хiба мы гэтага не заслужылi!» — паклiкаў мяне мой спадарожнiк у наш нумар з вэрандаю й вiдам на мора — такiм, як на вiннай этыкетцы пяцiдзясятых гадоў. Я з радасьцяй скiнуў праклятыя чаравiкi i якi ўжо раз пракляў адсутнасьць фотаапарату. Паэт выйшаў на вэранду. Аднак прыгажосьць iмгненьня была не ў насычанасьцi фарбаў — сiняе мора плаўна пераходзiла ў залацiстае неба, грамада зялёных гор зь пiкамi кiпарысаў i белыя балясiны сталiнскай вэранды — а ў тым, наколькi ўсяму гэтаму паштовачнаму краявiду адпавядаў чалавек на вэрандзе. Шырокi плашч, шыракаполы капялюш, ядвабнае кашнэ, шырокi, яркi гальштук, а галоўнае сам твар чалавека — усё адпавядала экзатычнаму навакольлю. Не хапала толькi сьпеваў грамафоннага Лешчанкi. Ня ведаю, як наконт рэчаў, а тое, што мiнулыя часы працягваюць шукаць сваiх згубленых сучасьнiкаў, у гэтым я, бадай, пераканаўся. I добра, калi можна падмануць час. У такiх апартамэнтах паэты звычайна стралялiся й выкiдвалiся за парэнчы. Але не памiралi ад сухотаў. «Ну што ўтаропiўся? Хадзем да мора?» — перарваў ён маю плынь сьведамасьцi.