Выбрать главу

Зачараваны геніем аўтамабілебудаваньня, я не адразу заўважыў прыгажуню, прыстаўленую да "Фэрары". Прыгажуню з самымі даўгімі нагамі, з самымі вялікімі вачыма, з самай недасягальнаю ўсьмешкай. Нядаўняя менская школьніца была проста наэлектрызаваная гонарам за сваё пачэснае месца.

"І колькі каштуе гэты аўтамабіль?" Яна нават не паглядзела ў мой беларускамоўны бок.

"150 000 долларав". — "І што? Ужо купілі, ці ў мяне ёсьць яшчэ шанец?" Нават ценю ўсьмешкі на смазьлівенькім тварыку: "Нет. Ана ешчё не продана". — "Дзякуй Вам. Не ўяўляеце, як Вы мяне суцешылі". Я казаў гэта з усёй сур'ёзнасьцю, на якую толькі быў здольны. І яна ўзнагародзіла-ткі мяне позіркам. "А Вы што, милианер?" — "Я люблю рух. Беларускі рух", — амаль працытаваў я выслоўе "мільянэра" Глёбуса. І тут, у гэтае імгненьне адбылося тое, да чаго я ня быў падрыхтаваны. Яна не сказала больш нічога. Але яна паверыла ў тое, што я, менавіта я магу набыць монстра. Я выразна прачытаў гэта ў яе позірку.

Пакідаючы выставу, я заўважыў адну дэталь. У адрозьненьне ад прагных вачэй новых наведнікаў, вочы тых, хто сыходзіў, былі крыху разгубленыя. Ня думаю, што яны былі расчараваныя ўбачаным. "Куда ехаць-та?" Вось дзе новая беларуская праблема.

Сядаючы ў свой стары "Фальксваген" з "Пагоняю" на кодабе, я зусім не пакутаваў ад думкі, што ў мяне ніколі ня будзе "Фэрары". У жыцьці шмат чаго ня будзе. Усяго не пералічыш. Куды страшней увогуле пазбавіцца мараў. Ці зьвезьці іх да ўвасобленых у мэтале ці камені нетрывалых рэчаў.

Ах, як мне марылася пра сваю абранасьць і выключнасьць дзясятак гадоў таму! Ах, як верылася ў сваю не прыроджаную, а нованароджаную арыстакратычнасьць. А маё "заўтра" было настолькі да маіх мараў і высакародных плянаў спрыяльным, што нават ня верылася самому. Ня кажучы пра тых, хто апынаўся побач са мной — тых беларускіх людзей, якія былі абазваныя кімсьці несьвядомымі. І на якіх я, не адчуўшы захапленьня ад сваёй беларускай сьвядомасьці (чытай — шляхетнасьці) звычайна глядзеў паверх галоваў. А трэ было ў вочы.

Перадапошнi парад

Што кара блiзiцца, што яе даўно ўжо нельга адвесьцi, у гэтым, я думаю, нi ў кога больш няма нiякага сумневу...

...коцiцца хваля бальшавiцкага наступленьня, яна перахлiснула Вiцебск i пагражае Менску, беларускай сталiцы, пасьля падзеньня якой, як перадае наша «бюро чутак», на Ўсходзе мы таксама не ўтрымаемся.

Томас Ман, «Доктар Фаўстус».

Менш за ўсё 3 лiпеня мне хацелася выходзiць на вулiцу. Ну, што я туды папруся, — думалася мне. На халеру я буду псаваць людзям настрой сваiм цяжкiм поглядам на ўсё iхнае баляваньне. У iх сьвята. Iм сёньня дазволяць бадзяцца па ўсёй галоўнай вулiцы, ад броўкi да броўкi. На ўсiх кутах дзеля iхных вачэй і вушэй будуць танчыць народныя калектывы ды сьпяваць iх любiмыя песьнi зоркi раённых ДК. Дзеля iхных глотак будзе ракою лiцца пiва з гарэлкаю ды смажыцца мяса. Дзеля iхных вачэй неба ўвечары будзе расквечанае агнямi фэервэркаў. Яны гэта ўсё заслужылi. Сваёю вераю ды працаю на сваё пахмельле. Ты — не. Ты лiчыш гэты рэжым акупацыйным. Гэтую дату — днём, калi 54 гады таму ў горад увайшлi чужыя танкi, каб зруйнаваць яго й перайначыць пад свае парады. Табе не даспадобы iх песьнi й сьцягi. Што табе рабiць сярод iх? Але адседзецца ў хаце за чытаньнем любiмага Томаса Мана ў мяне ня выйшла. Сьвята лезла скрозь муры й шыбы ўзмоцненымi да дурноты звонкiмi гукамi дзявочых галаскоў — «Я люблю цібя Дзiма, што мне так неабхадзiма». Пад такiя заклiкi, далiбог, нiяк не пераварваюцца Манавы прароцтвы падзеньня Нямеччыны. Ды й чаму б чужому сьвяту раптам не абярнуцца маiм, дзякуючы якой рамантычнай сустрэчы?.. Я раптам прыгадаў аднаго няўдалага Дона Жуана.

Неяк мне давялося выслухаць безьлiч камплiмэнтаў на адрас Беларусi й беларусак ад аднаго маскоўскага кiроўцы-перагоншчыка. Ён прыехаў сюды, каб забраць набыты ягонымi гаспадарамi МАЗ. Па атрыманьнi машыны маскоўскаму госьцю захацелася разьняволiцца. Пакаштаваць беларускага каханьня. Час быў самы прыдатны — 23 гадзiны, i масквiч, узяўшы таксоўку, паехаў па Менску, прадчуваючы незабыўную беларускую ноч у абдымках адной з прыгажуняў, ад колькасьцi якiх на менскiх вулiцах расейская галава пайшла кругам. Запрашэньне да раману ў расейца не адзначалася вытанчанасьцю. Спыняючы таксоўку, ён высоўваў галаву й крычаў сваёй абраньнiцы ледзь не на ўсю вулiцу адну толькi фразу: «Эй, трахацца пайдзём!» Няцяжка было адгадаць рэакцыю «непрадзьвiнутых» менскiх дзяўчатак на такую стыльную маскоўскую прэлюдыю. Паматаўшыся бяз вынiку па вулiцах чужой сталiцы ды пакiнуўшы менскаму таксi суму, за якую можна было б спакусiць, бадай, Шахерэзаду, зьбянтэжаны масквiч накiраваўся на сваю стаянку. «Але што яны ўсе робяць на вулiцы?» — запытаў ён у таксiста на разьвiтаньне. «Гуляюць», — адказаў той. «I ўсё? — разгубiўся маскоўскi госьць, — а першай гадзiне ночы?! Загадкавая, блiн, краiна».