Гэтую фразу — загадкавая краiна — масквiч будзе паўтараць да самага ад'езду. «Вы не разумееце, у якой чыстай краiне вы жывяце. У вас жа школьнiцы газоны граблямi капаюць. На свае вочы бачыў. I якiя школьнiцы! Кожная — гатовая фотамадэль. Нашы ж двоечнiцы, здаецца, усе даўно на трасах па чырвонцу аддаюцца. А граблi й за сотню ў рукi ня возьмуць. Якi тут, на хер, край балот. Рай некранутых Еваў. А вы й не заўважаеце». Ён пакiнуў Беларусь зь няўцямнай усьмешкаю на твары, так i не паспытаўшы беларускага каханьня. Павез у свой дзесяцiдаляравы рай сьветлыя ўражаньнi ад загадкавай краiны. Разгадкi пакiнуўшы мне.
У гэтыя днi прыгожых жанчын на менскiх вулiцах было шмат, як нiколi. На любы густ i запыт. Выпускнiцы, дзевачкi-трасьцiначкi ў клёшах i на цяжкiх, а-ля хунта, падэшвах; навучэнкi ПТВ, iнтрыгуючыя караценькiмi спаднiцамi ды лайкравымi панчохамi; нашыя нязломныя бiзнэс-лэдзi ў кофтачках i пiнжаках ад мсье Дынама; маладзяшчыеся перакiсьсю вадароду ды чаравiчкамi-шпiлькамi каралевы плянавых аддзелаў, бухгальтэрыяў ды iншых адмiнiстрацыяў. Беларусаў можна зразумець. Навошта напружвацца, жывучы ў гатовым раi? Гэта быў сапраўды грандыёзны парад. О, калi б я злавiў у Сьвiслачы залатую рыбку, мне б не спатрэбiлася дакучаць жывёлiнцы трыма жаданьнямi. Мне б хапiла й аднаго. На ўсё б жыцьцё, бадай, хапiла. Ды замест рыбкi да мяне з глыбiнь шашлычнае чаргi падплыў знаёмы беларускi нацыяналiст. Каб засьведчыць мне, старанна пражоўваючы мясцо, сваё незадавальненьне «лукашысцкiм» сьвятам. Божа, падумаў я з жахам, няўжо ж да канца маiх дзён я буду прыцягваць увагу адно нацыянальна заклапочаных сяброў БНФ? Не карай, Стваральнiк!
Пасьля порцыi пiва з гарэлкай мая хада значна пашпарчэла ў пошуках зусiм не жаночых вабнотаў. Але, патрапiўшы да запаветных дзьвярэй зь лiтарай «М», я быў зноўку зьбянтэжаны колькасьцю стройных ног, пяшчотных шыяў ды iгрывых вачэй. На iмгненьне здалося, што ў парыве страсьцi я пераблытаў дзьверы. Ля кожнай кабiнкi ўтварылася вясёлая дзявочая чарга. Засяродзiўшы ўвагу на пiсуары ды слухаючы бесклапотнае шчабятаньне за сьпiнаю, я адчуў сябе сiбiрскiм селянiнам у Эўропах, дзiкiм занзiбарцам у чэраве заходняй цывiлiзацыi.
Вось куды было б цiкава запрасiць таго маскоўскага пiжона. Маўляў, у вас у Маскве зь дзяўчынкаю ў туалеце не пазнаёмiсься. А ў нас — хоць спатканьнi прызначай. Калiсьцi, дарэчы, мне вельмi хацелася выглядаць сапраўдным iншаземцам у вачах менавiта расейцаў. Для беларусаў, думалася, толькi Расея можа служыць лепшым i агромнiстым люстрам нашай эўрапейскасьцi. А перад кiм жа яшчэ казыраць рэшткамi готыкi ды барока, гiстарычнай спадчынай Вялiкае Лiтвы й Рэчы Паспалiтай, урэшце, шляхетнымi дамкамi, заходнiмi аўтамабiлямi ды добрымi, зноў жа, у параўнаньнi з расейскiмi, дарогамi. Але большасьць маiх суайчыньнiкаў захацела цi то растварыцца ў гэтым люстры, цi то схавацца за iм. Толькi атрымалася наадварот. Для расейца я стаў iншаземцам. Ды радасьцi ад гэтага не паболела. У ягоных вачах я, напэўна, выглядаю адданым вырабляльнiкам танных МАЗаў, якога можна па-сваяцку паляпаць па плячы, маўляў, «харошая рэспублiка, бедна, но чыста» i кiраваць у сапраўдную Расею, «бязь месных страннасьцей». Для эўрапейца ж я так i ня стаў сваiм. Але эўрапеец, нарэшце, заўважыў мяне дзякуючы чырвонай пляме не майго сьцяга.
Мiж тым, разгуляева на галоўнай нашай вулiцы набiрала абароты. Адчуваньне было такое, што гульбiшча iдзе «за канец сьвету». Пiлося й пажыралася ўсё, што прадавалася, але неяк без натхненьня. Савецкая Беларусь гуляла незразумелы сьвету баль. Нарэшце, далi доўгачаканы салют, што ненадоўга прымусiла публiку прыўзьняць галовы. Самi сабою на памяць прыходзiлi кадры з «Тытанiка», дзе таксама народ забаўлялi яркай стралянiнаю. Не без захапленьня майстэрствам пiратэхнiкаў назiраючы за агнямi, што прыгожа пераўтваралiся то ў чырвоныя зоркi, то ў чырвона-зялёныя кругi, мне менш за ўсё хацелася прыкiдваць — колькi яшчэ нас чакае пераможных чырвоных салютаў. Пяць цi, можа, трынаццаць. Канец гэтай азлобленай на ўвесь сьвет дзяржаўкi будзе мала адрозьнiвацца ад канца вялiкага судна.