Выбрать главу

Памятаю, зь якою крыўдаю распавядаў мой сябра-бiзнэсовец пра тэлефонны званок з далёкае Эстонii. Эстонскi фiрмач, зацiкаўлены ва ўсё тых жа МАЗах, удосталь даў волю свайму досьцiпу з нагоды «такой чудеснай рэспублiкi, на каторую весь мiр смотрыт с надзеждай». «Включайте факс», — адказаў сябра. «О, в вашей рэспублiке дажэ факс есть!» — данеслася зь безь пяцi хвiлiнаў Эўропы. Але сябра дарэмна крыўдаваў на свайго балтыйскага калегу. Нас павiнны нелюбiць. Можа, хоць гэта паслужыць нагодаю для зацiкаўленьня самiмi сабой.

Вось за гэтымi сьветлымi думкамi я i ўбачыў тую, каго шукаў. Я ўбачыў пад ненатуральна белаю чолкаю неверагодна сiнiя вочы, ад погляду якiх не была страшнаю думка, што жысьць прайшла дарэмна, i ня вернеш. Я ўбачыў вусны, якiя яшчэ не згубiлi дзiцячай пульхнасьцi, але ўжо навучылiся складацца ў цынiчную ўсьмешку. Толькi пасьля я зьвярнуў увагу на яе ногi, ад сузiраньня якiх думка пра мiнулае жыцьцё губляла надрыў таннага рамансу. Такiх ног я й насамрэч яшчэ не цалаваў. Адным словам, я ўбачыў курву, прафуру, самадайку, лахудру, цi як там яшчэ яе пасьпелi нарачы тыя, каму валоданьне ёю падалося занадта дарагiм. Я ўбачыў тую, наблiжэньне да якой хоць на крок пагражала няўцямнай небясьпекаю. Тую, што, нават калi яна была самою цнотаю, адным паваротам шыi абуджала згадкi аб раi. Дзе яе першым i галоўным абавязкам было Даць. Цана, некалi заплочаная першаадкрывальнiкам Адамам, вядомая. Я, у адрозьненьне ад яго, быў у нашмат менш спрыяльных абставiнах. Гiтары пад рукой не было, у кiшэнi — пошлая зялёная дваццатка. Каб чытаць ёй беларускiя вершы ў такi сьвяточны дзень, я не настолькi многа прыняў. Ня мог жа я зь ёй абысьцiся так, як абышоўся адзiн менскi актор з прастытуткаю ў беластоцкiм гатэлi. На прапанову каханьня менчук адказаў згодаю, але з умоваю «Як я хачу». «Ого! — заiнтрыгавалася панi, — як жа пан хоча?» «У доўг», — быў адказ гордага беларуса.

Я абраў самы дурацкi варыянт з усiх магчымых. Пасьля апошняга сьвяточнага стрэлу я маўклiвым ценем, гэткiм бязмоўным рыцарам паплёўся ўсьлед за ёю ў надзеi, годнай пiянэра, да яе пад'езду знайсьцi тыя словы, ад якiх яна растане i ў якiя паверыць назаўжды. Мой маршрут скончыўся ля гатэлю «Плянэта», дзе яна, вядома ж, не жыла.

Як нам не варочаецца язык гаварыць i думаць аб радзiме, ня дай бог, не высокiмi словамi. А радзiма тым часам, стамiўшыся чакаць нашых даўгоў, сама шукае сабе адэкватнае цаны. Калi радзiма — гэта тое, што здольнае радзiць. А ня толькi даваць. I калi-небудзь яна адкрыецца сьвету. Адкрыецца ня дранiкамi, ня МАЗамi i ня танкамi. А сьвет адкрые для сябе новы славянскi Тайлянд. Ня можа тое, што каштуе дорага, доўга заставацца без належнай увагi. Беларусы са сваiм «толькi б не было вайны», як заўжды, зразумеюць гэта занадта позна. Нямецкi пiсьменьнiк, што прадракаў i нават жадаў пад бамбардоўкамi савецкiх танкаў краху сваёй краiны, на шчасьце, памылiўся. I шанец вярнуцца на ўсходнiя рубяжы выглядае вельмi спакусьлiва. Гэта будзе новая вайна, у якой кроў не пралiваецца, а наадварот — выцiскае аджылую. Але цi ня ў новай, вольнай донарскай крывi выратаваньне нашага раю?

Тры новыя помнікі

У горадзе амаль адначасова зьявiлiся тры помнiкi. Загадкавы, анэкдатычны й трагiчны.

Помнiк самому сабе

Неяк апоўначы, калі я праходзіў вулiцай Ленiнградзкай, маю ўвагу прыцягнула пара мужыкоў, што стаялi насупраць былой жандармэрыi. Адзiн жаласьлiва нешта даводзiў другому. Да маiх вушэй даляцела: «Братан, я тожа вараваў». Але спынiцца на пачцiвай адлегласьцi мяне прымусiў той, што ня «тожа». Рост гэтага калоса, які, прыгнуўшыся, слухаў свайго суразмоўцу, быў крыху большы за два мэтры. Я асьцярожненька збочыў на iншую вулiцу.

Наступнаю ранiцаю я ўбачыў загадкавага Гулiвэра зноў. Гэта была ўсяго толькi бронзавая статуя. Цiкаўная публiка абкружыла яе шчыльным колам. Дыскусія разгарэлася на тэму — каму i дзеля чаго паставiлi помнiк. Гiпотэза юбiлейнага Пушкiна разьбiлася аб джынсавы прыкiд i адсутнасьць бакенбардаў. Нехта выказаўся за варыянт «Рабочага чалавека з працягнутай рукой» — фiгура стаяла на каналiзацыйным люку. Нарэшце, адзiн разумнiк прыкурыў папяросу ды ўставiў яе памiж бронзавых пальцаў. Такi творчы падыход публiцы спадабаўся. У дзясьнiцу пачалi ўстаўляць купюры, абрыўкi газэтаў ды сарваныя кветкi. А я ўсё нiяк ня мог узгадаць — дзе я ўжо бачыў гэты нахабны й вясёлы твар? Адна мая знаёмая кiнематаграфiстка паведала гiсторыю прататыпа.