Выбрать главу

Жыў у Менску чалавек зь цёмным мiнулым i сьветлаю мараю пра вечную славу. Адзiная ў горадзе апошняя мадэль «Фэрары» ды Мiс Менск у якасьцi жонкi маглі прынесьці часовую радасьць, але ня славу. I чалавек рашыўся на экстрэмальны крок — у гэтай краiне на свае грошы зьняць кiно паводле свайго сцэнару ды з сабою ў галоўнай ролi. I, што самае неверагоднае, зьняў i нават, кажуць, нешта зарабiў. Скульптура кiнагероя, выкананая Уладзімерам Жбанавым (аўтарам даўганогай «мянчанкі» зь Міхайлаўскага сквэру), павiнна была ўпрыгожыць адну з прысадаў ля кiнастудыi «Беларусьфiльм». Шукальнiк славы, а звалі яго Ўладзімер Галынскі, загiнуў гэтаксама загадкава, як i жыў. Ягонае цела знайшлi на трэцiя суткi пасьля сьмерцi — ад перабору наркотыкаў. Ён якраз зьбiраўся везьцi сваю карцiну па лягерах i турмах краiны са шляхетнай мэтаю бясплатнага паказу. Так ці інакш, а галоўнага чалавек дамогся. Лета пяройдзе ў восень, а восень у зiму. Зьменяцца рэжымы й моды. А бронзавы чалавек зь вясёлым тварам у кепцы набакiр будзе нязьменна стаяць на вулiцы. Палохаючы начных мiнакоў, а дзённых — жэстам запрашаючы да размовы. I ахвотных паразмаўляць зь ім не паменее нiколi.

Тут быў Пушкiн

— А вось, Леанiд Iльлiч, наш новы помнiк Пушкiну Аляксандру Сяргеевiчу.

— А, знаю-знаю. Гэта той, якi «Му-му» напiсаў.

— Ох i жартаўнiк Вы, Леанiд Iльлiч. «Му-му» ж Тургенеў напiсаў.

— Г-мм. Тады якога хрэна помнiк Пушкiну паставiлi?

Я згадаў гэты сiвы анэкдот ля новага помнiка расейскаму клясыку, што, як пiшуць цэнтральныя газэты, «прысеў адпачыць на маляўнiчым беразе Сьвiслачы». Хоць, на мой погляд, Пушкiн прысеў адпачыць ля гатэлю «Беларусь». Мастак Юры Арэхаў намагаўся выявiць хвiлiну паэтавага натхненьня. Атрымалася забаўна. Зачаравана пазiраючы на новую арэну Палацу спорту, чалавек у старадаўнiм сурдуце застыў у такой позе, што мiжволi ўзьнiкала жаданьне дапамагчы яму ўладкавацца ямчэй. Пацешыла і публiка, што сабралася вакол Пушкiна. Збольшага дзядулi й бабулi, якiм вельмi пасуе азначэньне «русский интеллигент в первом поколении». У адной бабулi, што задуменна пазiрала на скульптуру, я асьцярожна запытаўся, цi падабаецца ёй гэты помнiк. У адказ спадарыня ўсхвалявана сказала: «А помните вот это?.. Зима. Крестьянин торжествуя...» Ну, не перабiваць жа было яе цудоўнае iмгненьне iншаю цытатай. А помніце: «... мы получим Варшавскую губернию, что следовало осуществить уже 33 года тому назад. Из всех поляков меня интересует один Мицкевич». Альбо гэта: «Для нас мятеж Польши есть дело семейственное, старинная, наследственная распря...» Выратаваў мяне нейкi жвавы дзядок, падобны на футбольнага трэнэра ў адстаўцы. Ён выскачыў да падножжа й зычным голасам са стараньнем тэатральнага абiтурыента задэклямаваў: «Война! Подняты наконец, Шумят знамёна бранной чести!» Пасьля чаго прачытаў кароткую лекцыю на тэму адвечнага адзiнства народаў, якое сымбалiзуе Пушкiн. Бронзавы госьць па-ранейшаму зацята вывучаў хакейную пляцоўку. Пасьля дзядка адцясьнiла вясельная працэсiя. «На фоне Пушкина снималося семейство». Я ў гэтым нiчога кепскага не знаходжу. Як i ў тым, што калi-нікалi «русские интеллигенты» зьбяруцца між казiно й «Мосбізнэсбанкам», каб пачытаць адзiн аднаму любiмыя зь дзяцiнства радкi свайго паэта. Урэшце, iх застаецца ня так i многа. I калi гадоў празь дзьвесьце нейкi хлопчык запытае ў мацi: «Хто гэты дзядзька на ўслончыку?» — я не зьдзiўлюся адказу матулi. «Гэта, сынок, паэт Пушкiн. Здаецца, ён жыў у гэтым гатэлi пару стагодзьдзяў таму»...

Кветкi на памяць

Апошнюю нядзелю вясны я пачаў з чытаньня гараскопу ў бясплатнай газэце «Ва-Банкъ». На 30 траўня прагноз быў наступны: «Магчымыя значныя й нават разбуральныя пераўтварэньнi ў жыцьцi, якiх цяжка пазьбегнуць, бо яны лёсавызначальныя. Трэба захоўваць асьцярожнасьць у месцах скапленьня людзей...» Нядзеля выдалася сьпякотнаю, таму запрашэньне ад прыяцеля правесьцi дзянёк у Лошыцкiм парку, дзе адбудзецца турнiр рыцарскiх клюбаў, я прыняў з радасьцю. Масавага скапленьня ў Лошыцы не назiралася. Белмоўныя сямейныя пары зь дзецьмi ды жыхары ваколiцаў прыйшлi паглядзець на рэдкае вiдовiшча. На тле белай сядзiбы чатыры прыгажунi ў шляхецкiх строях гарцавалi на прыгожых скакунах. Некалькi дзясяткаў маладых людзей у самаробных рыцарскiх дасьпехах з суворымi тварамi рыхтавалiся да бойкi. На тле гэтай маскараднай мешанiны з джынсы, кальчуг i крыжовых плашчоў нацыянальны сьцяг над шатром глядзеўся вельмi сур'ёзна. Сам турнiр выйшаў даволi камічны. Асаблiва запомнiўся момант, калi з аднаго рыцара ад удару зьляцеў шалом, i той, схапiўшыся за вуха, пабег зь месца бiтвы. «Куды ж ты, доблесны рыцар?» — пад сьмех публiкi крычаў апрануты ў чорнае цырымонiямайстар. Я злавiў сябе на думцы, як лёгка разважаць на тэмы жыцьця й сьмерцi, назiраючы за бяскроўнымi двубоямi. Але галоўным адбiткам дня стаў не турнiр у Лошыцы.