Выбрать главу

Перад ад'ездам сюды я наўмысна ня стаў выпытваць у дасьведчаных менскiх лiтаратуразнаўцаў, як там хутчэй прайсьцi на магiлу, i дзе той апошнi дом. Адзiнае, куды я пасьпеў зазiрнуць, гэта даўняе эсэ Мiхася Стральцова, зь якога даведаўся, што вясною 1917-га малады чалавек зьняў пакой на другiм паверсе дому нумар 8 на Мiкалаеўскай вулiцы.

З гэтай адзiнаю зьвесткаю мы з таварышам i рушылi на пошукi Максiмавых сьлядоў. Горад мне не спадабаўся адразу. Пыльны й правiнцыйны, ён адкрыта рыхтаваўся да сваёй зiмовай сьпячкi. I мы са сваiм дзiўнаватым пытаньнем «А дзе тут у вас да 17-га году была вулiца Мiкалаеўская?» выглядалi зусiм экзатычна. Праўда, некалькi гадзiнаў пошуку нас вывелi на вулiцу Багдановiча, дзе мы накiравалiся ў мастацкую школу — з апошнiм спадзевам на культурную ўстанову. «О, так вы из Белоруссии. А я сама из Мозыря, — прывiтала нас дырэктарка. — Дом нашего писателя, кстати, хорошего, в двух шагах отсюда. А могила... Кажется, на Старом Ливадийском между Чеховым и Бирюковым».

Мы ўзьнялiся на другi паверх стыльнага дамка са сьцiплай мэмарыяльнаю дошкаю. Казённы iнтэр'ер рамонтнай управы й стук друкаркi не пакiдалi месца фантазiяваньню. Сiняй бухты з вокнаў, на жаль, таксама не было бачна. «Слухай, а хiба Чэхаў пахаваны не на Сахалiне?» «А хто такi Бiрукоў?» «Напэўна, писатель хороший».

«А хто такi Багдановiч?» — спачувальна запыталася ў нас наша крымска-татарская каляжанка, калi мы з прыяцелем, змораныя марнымi пошукамi на адхонах закiнутых i страшных могiлак, дабралiся ў свой санаторый. «Гэта вельмi прыгожы малады чалавек. Ён некалi жыў на Волзе, вывучыў па кнiгах беларускую мову й стаў першым паэтам нацыi. Ён загiнуў у Ялце, не пакiнуўшы пасьля сябе анi сына, анi дрэва. Толькi адну кнiгу, лепшай за якую ў нашай паэзii ўжо ня будзе нiколi». Сказаў i сам зьдзiвiўся прастаце адказу.

«Дай Бог, каб цябе так некалi шукалi», — падбадзёрваў я таварыша. «Як там чаравiчкi, ня цiснуць?» — данеслася ў адказ. Абыйшоўшы, напэўна, усе могiлкi, якiя ёсьць у Ялце, мы, выматаныя ўшчэнт хадою па гарах i спусках, прыселi на нейкi грудок. «Тут ты маеш рацыю. У такiх чаравiчках толькi па могiлках шпацыраваць». «А мо яны нас i выведуць, як боты-хуткаходы». Але сцэнiчныя дзядзiвасiны туфлi, не прызначаныя для ялцiнскiх ляндшафтаў, так намулялi ногi, што я ўжо пачаў заводзiцца на Максiма, быццам той сам абраў сабе месца скону.

Магiла ўзьнiкла абсалютна нечакана, нiбы ўзнагарода за высiлкi. I больш душэўнай магiлы я напэўна ў жыцьцi яшчэ ня бачыў. Не патрэбны чорны мармур, ня трэба мудрагелiстых архiтэктурных знакаў журбы. Звычайны бэтонны абэлiск дваццатых гадоў пад кiпарысам, па-дзiцячы прымiтыўна размаляваны сiнiмi кветкамi — што можа быць прыгажэй для паэта?

Томiк вершаў застаўся неразгорнутым, бутэлька гарэлкi — неадкаркаванаю. Нафантазiяваная сустрэча з магiлай кумiра, з налiтай шклянкай i дэклямацыяй падалася фальшывым рытуалам. Бо я не рызыкну назваць яго кумiрам. Але сыходзiць з магiлы не хацелася. Можна было сядзець гадзiну, дзьве, спрабуючы ўявiць яшчэ нiкому невядомага, жывога маладога чалавека, якi на Яраслаўскiм вакзале чакае цягнiка ў Беларусь. Мы сядзелi моўчкi хвiлiн дзесяць. Але ад гэтага маўчаньня мне стала неверагодна самотна. Нас было трое. I цi ня быў я тут лiшнiм? Памiж двума паэтамi, адзiн зь якiх ужо нiчога не напiша, а другi яшчэ ня ведае, дзе скончыць свой шлях. Але гэта нiяк не адаб'ецца на маёй любовi цытаваць абодвух. Я ўзьняўся й пайшоў да выйсьця першы.

Крымскiя калегi па нашым вяртаньнi на сэмiнар запаважалi ў нашых сьцiплых асобах усю беларускую нацыю. «Белорусы — ребята сурьёзные. Они как на курорты приезжают, сразу на кладбище идут», — жартаваў адзiн. А сапраўды, мы ж на курорце. Трэба ж насалоджвацца момантам. I мы пайшлi насалоджвацца. Пад гукi таннага танго пiць на ўзьбярэжжы крымскае вiно, заляцацца да тутэйшых прыгажуняў i дзiвiцца на начны прыбой. Паэт нарэшце знайшоў сваю нiмфу, пышнацелую татарку — «мiс 47-мы год». Як ён паясьнiў: «Пара вырашаць крымска-татарскае пытаньне».

Мы завалiлiся ў нейкi дансынг, дзе я амаль па-бацькоўску падставiў сваю камiзэльку пад сьлёзы нейкай пакiнутай каханкам юнай беларускi, якая, вядома ж, ня ведала нiводнага беларускага паэта, а прыяцель у капелюшы й кашнэ кiношнага злодзея павёў сваю крымскую шахерэзаду ў тэхнатанец. Назiраючы за тым танцам, я каторы раз уразiўся адсутнасьцi ў сябры ўсялякiх комплексаў. Закрый вушы, i можна было ўявiць што грае Рыо-Рыта. Вядома, яны былi самай цудоўнай парай гэтага вечара. Але я танчыць ня мог. Праклятыя чаравiкi нацёрлi мне ногi. Ды й да мора на трэцiя суткi прызвычайваесься, як да неба. А горы не здаюцца больш прыгожымi за нашыя бульбяныя палi. Я нават убачыў на ўзьбярэжжы даму з сабачкам — яркую бляндынку ў джынсах са здаравенным вадалазам на ланцугу. Знаёмiцца не хацелася. З памiраючага курорту ўжо цягнула туды, дзе жыцьцё. I дзе я нарэшце скiну свае чаравiкi забойцы.