Выбрать главу

"Ну што, натхніўся, пісьменьнік? Можа, пойдзем?" — нэрвавалася мая лэдзі... Свае блуканьні па Кальварыі я звычайна сканчаю ля помніка беларускага паэта. Бо лічу ягоную магілу галоўнаю для сябе. Бяз гэтай магілы Кальварыя ня мела б таго сэнсу. Сьціплая пліта зь беларускімі літарамі ля касьцёла грае большую ролю ў менскай сталічнасьці за ўвесь мільён сёньняшніх жыхароў. Бо, магчыма, менскі шляхціц Ян Неслухоўскі стаў першым, хто жыве тут "не як усе".

Дайшоўшы да сваёй мэты, я аслупянеў ад сымбалічнасьці карціны. Магіла Лучыны зьнікла. Сьнег пакрыў і грудок, і пліту. Ані знаку. "Тут пад сьнегам магіла", — патлумачыў я дзяўчыне. "Твайго сябра?" — пасьміхнулася яна. "Калегі, — адказваў я, прабіраючыся па калена ў сьнезе да схаванай пліты. — Ён быў чыгуначным чыноўнікам з амбіцыямі літаратара. Друкаваў свае польскія вершы ў Варшаве. Але ня мог не пісаць на мове ўласнага народу. Ці думаў ён пра літаратурную кар'еру, пішучы беларускія вершы? Наўрад ці. — Я сунуў руку пад сьнег і намацаў граніт Лучынавай пліты. — Але застаўся, як беларускі паэт Янка Лучына". "І даўно ён памёр?" — удала цікавасьць спадарожніца? "Ды не, — няўпэўнена адказаў я, — напрыканцы пазамінулага стагодзьдзя". І тут яе прарвала. "Ды вы ж усе нейкія нэкрафілы. Носіцеся з вашай мёртвай моваю. Газэткі выдаяце, якіх ніхто не чытае. Вершыкі пішаце, якія толькі на могілках і дэклямаваць. Ды паглядзі на сябе. Сам стаіш, як манумэнт. Зрэшты, хоць жыві тут. А я пайшла".

І пайшла. І дзякуй Богу, што пайшла. Ну не тлумачыць жа было гэтай дурніцы, што цяга да магілаў блізкіх табе людзей ня ёсьць нэкрафіліяй. Хутчэй наадварот — жывою патрэбаю жывых людзей. Патрэбаю душы, а ня цела. Хоць, насамрэч мне было крыху крыўдна. Усё ж могілкі не плянаваліся канцавым пунктам майго маршруту з гэтаю паняй. Яе фігурку хутка схавалі кальварыйскія клёны. Якія не захінаюць агнёў блізкага мікрараёну. Яна пайшла туды, дзе ідзе працэс. Дзе назапашваюцца баксы й "зайцы", купляюцца дублёнкі й відзікі, п'юцца "Крыжачкі" і "Сьмірновы", слухаюцца Пугачовы й абмяркоўваюцца Пуціны з Прымаковымі, чытаюцца "талстушкі" й глядзяцца "Панарамы", упрыгожваюцца елкі й пішуцца навагоднія паштоўкі. З пажаданьнямі "новага шчасьця". Там, за крыжамі ідзе нармальны фізіялягічны працэс. І ці шмат бяды ў тым, што там, дзе "усе як усе", не чытаюцца беларускія вершы? Бяды няма ніякай, калі ня блытаць фізіялёгію з духам. Сыходзячы, я азірнуўся на Лучынаву магілу. Цяпер яна была пазначаная маімі сьлядамі.

Падрыхтаванае на падставе: Зьміцер Бартосік, Чорны пісталет. Апавяданьні з уласнага жыцьця, — Менск: Вострая Брама, 2002.

Паэт, бард Зьміцер Бартосік, выдаючы сваю першую кнігу зьдзівіў і ўразіў чытача. Можна было б спадзявацца, што першае выданьне Бартосікавай творчасьці будзе верашаваным, а тут – неспадзеўка – проза. Апавяданьні з уласнага жыцьця. А і тытул які – “Чорны пісталет”. Пакуль не прачытаеш, ваабражэнне малюе нейкія стэрыатыпныя абразкі – Штырліц, Джэймс Бонд, дэтэктыў, пошукі скарбаў, вайна ў канцы канцоў. А тут - тут проста жыцьцё. Звычайнае і незвычайнае адначасова. Сьмешныя і сумныя сытуацыі. Але, што цэнна, без ніякіх павучэньняў, без акадэмічна-маралізатарскіх высноваў, без падтэксту, маўляў, не рабіце так, як рабіў я, ды не здарыцца з вамі тая прыкрасьць, што са мной здарылася. Без гераізаваньня сябе самога, - гляньце, які я выдатны, які разумны, цудоўны, які надчалавек. Нічога такога ў гэтых апавяданьнях няма. Усё проста і звычайна – апавяданьні з уласнага жыцьця.

Copyright © 2015 by Kamunikat.org - ePub