Траплялiся й багатыя магiлы, з гранiтнымi помнiкамi ды агароджамi зь нержавейкi. Але ўсе пахаваньнi аб'ядноўвала (цi ўраўноўвала) расейская мова. Часам настолькi пачварна вершаваная ў эпiтафiях, што нават мяне крыўда брала за невядомага нябожчыка. Пакуль я палiў ля помнiка 23-гадовай вельмi прывабнай дзяўчыны Iрыны, што памерла (цi загiнула?) летась у векапомны дзень 3 лiпеня, спакой могiлак быў парушаны празь меру жывым крыкам майго сябра, якi гукаў мяне.
Ён знайшоў першую беларускую магiлу. Але, што ўразiла мяне асаблiва — можа й сапраўды першую нашую магiлу з тых, што захавалiся. Надпiс на ўрослым у зямлю, магчыма, за сто гадоў камянi расейскiмi лiтарамi але зь беларускiм аканьнем паведамляў, што тут спачывае «Раба божая Татяна Ляхава». «Татяна» было напiсана, можа й несьвядома, але бязь мяккага знаку. Нашыя пошукi яе нашчадкаў актывiзавалiся i былi ўвянчаныя. Наступныя дзьве магiлы былi ўжо сьвядома беларускiя. Ахайныя абэлiскi Iвана ды Эмiлii Ляхаў. З чыёй iнiцыятывы? Дзяцей цi самога Iвана Паўлавiча, прыгожага савецкага афiцэра са здымку? Ды цi так гэта важна, калi двум падарожнiкам па гэткiх халодных мясьцiнах стала значна цяплей.
Але беларускiя магілы на гэтым не сканчалiся. Калi мы, задаволеныя, зьбiралiся сыходзiць, нам трапiлася яшчэ адна такая. Ладны драўляны крыж, пафарбаваны сiняю фарбаю, за грунтоўнай агароджаю, на якiм нажом былi няроўна надрапаныя беларускiя словы «пагiб ад фашыскай рукi 1944 Пражыў 47. Кухарчык К.М.» Тут ужо быў сюжэт. Жывы й па сёньня.
Як мала, аказваецца, нам трэба, каб не пачувацца самотнымi ў сваёй мове — знайсьцi да сваiх жывых душаў пару роднасных душаў зусiм невядомых, даўно зьнiклых з гэтага сьвету людзей. Я ня веру ў адвечнае жыцьцё чалавечае душы. Там, куды зьнiкаюць нашыя душы, ня можа быць моваў. Але драма i моц гэтае краiны ў тым, што нават душы, якiя былi ёй адданыя, не зьнiкаюць зь яе жыцьця назаўжды. Сваiмi магiламi яны яшчэ доўга будуць удзельнiчаць у ратаваньнi зямлi, за якую i ў якую леглi. Да нашага сыходу.
Карацейшы шлях
Бардаўскі фэст за калючым дротам
Я шмат што памятаю з маленства. Ад найвялiкшых радасьцяў да найсьмяротнейшых крыўдаў. Нават да сёньня памяць захоўвае зайздрасьць да суседзкага сына, што меў цацку, якою я так i не завалодаў нiколi. Гэта глёбус. Фiзычны глёбус з адзiнай нефiзычнай адзнакай — тлустай, чырвонай паласой, што йшла па зялёна-блакiтным полi, як бы даючы зразумець што хоць Зямля й адна, але гэта не зусiм так. Iх дзьве — наша й iхная. Па адзiн бок чырвонай стужкi Крэмль, кракадзiл Гена ды "красный день календаря". Па другi — незразумелыя "нярускiя" словы, голыя цёткi ды галодныя раўналеткi. Я быў шчасьлiвы, што знаходжуся па гэты бок зямлi. Але, нягледзячы на тое, што цётак мне тады не хацелася, а незразумелыя словы выклiкалi гідлівасьць (як, зрэшты, i цяпер), для поўнага шчасьця гэтай сваёй зямлi не хапала. Хаця б з-за немагчымасьцi чым-небудзь падзялiцца з раўналеткамi. I чым болей павялiчваўся мой рост, тым меней мне хацелася "паглядзець Маскву".
Але зь цягам часу чырвоныя днi пачарнелi, Крэмль сам апынуўся за мяжой, а кракадзiл Гена загаварыў "нярускiмi" словамi.
Сябры пачалi сноўдаць за зьнiклую з глёбуса рысу, якая для мяне так i заставалася непераадольным бар'ерам. Аднаму, якi правёў месяц у Лёндане, я спачуваў з нагоды ягоных растрат у самым дарагiм горадзе Эўропы. Другога, якi спазьнiўся на парыскi цягнiк, суцяшаў: "Не бядуй, братка. На транзытным дабярэсься". А сам чакаў пашпарту, каб i мне нарэшце пазайздросьцiлi. Стомленаму бадзягу, якi толькi што вярнуўся з Парыжу зь перапоўненай мэлёдыямi галавой i трыма франкамi ў кiшэнi.
Пасьля доўгiх месяцаў чаканьня, я, нарэшце, атрымаў той чароўны дакумэнт. Ужо "па справе" адшукаў "Атлас мира" i завалiўся зь iм на канапу, гартаючы старонкi, нiбы ў рэстарацыйным мэню. Словы, што раней стаялi ў адным шэрагу з назвамi плянэт, цяпер абазначалі нешта дасягальнае. Парыж... Гватэмала... Паланга...
Ужо на другi дзень майго паўнавартаснага грамадзянства я атрымаў адпаведны сюрпрыз. Запрашэньне на "далёкую Беласточчыну" для ўдзелу ў бардаўскiм фэсьце.
Ведаў я аднаго алкаша-кнiжнiка, якi любiў сам сабе рабiць сюрпрызы. Як толькi здаралiся грошы, частку iх ён акуратна прапiваў, а рэшту купюраў рассоўваў па тамах сваёй велiзарнай бiблiятэкi. I, вядома, адразу забываўся пра iх. Але гарэлачны запой мяняўся на чытацкi i, о радасьць, на самым цiкавым месцы вывальвалася нечаканая "пяцёрка". Жыцьцё, такiм чынам, складалася з пэрыядычных маленькiх радасьцяў.