Так я і ішоў, уторкнуўшыся носам у зямлю. Без усялякай карысці, акрамя маральнай. Дый тая была другога гатунку, таму што я сачыў, а не думаў.
Часам з'яўляліся думкі, што хаваць нешта ў такім тэксце блюзнерства, а ўжо для сярэдневяковага чалавека (калі толькі хаваў ён) — не проста блюзнерства, а блюзнерства, якое мяжуе з ерассю, са згубай цела і бессмяротнай душы. І, калі гэта так, таямніца павінна быць страшэнна важлівай або… або чалавек той не павінен быў верыць ані ў бога, ані ў чорта, ані ў тагачасны закон.
Я прачытаў усе чатыры Евангеллі, і дзеянні апосталаў, і пасланні іхнія, пачынаючы ад паслання Іякава і канчаючы пасланнем да яўрэяў. Заставаўся толькі апакаліпсіс Іаана Багаслова ды недарэчна прышмараваны да яго «Статут», таксама з «пасланнямі», толькі ўжо свецкіх уладароў.
Нічога!
Хаця б цень нейкага следу, нейкай здагадкі!
Урэшце я пачаў думаць, што з гэтым тэкстам мы памыліліся. І самае горшае, да той самай думкі схіляўся і Мар'ян. За гэтыя дні ён пару разоў заходзіў да мяне, і мы, да болю ў вачах, тупа ўзіраліся ў тэксты, варочалі пад чарапамі гіпотэзы, і ўсё гэта толькі для таго, каб тут жа зарэзаць іх. Адзінае, у чым мы «пасунуліся» наперад, быў сапраўдны акт пра знікненне жонкі Альшанскага, надрукаваны ў «Актах, выдадзеных археаграфічнай камісіяй…».
— А што гэта нам дасць? — спытаў я.
— А можа.
— Рыбу нам з табою лавіць, а не шукаць.
— Паловім. Вось-вось ужо. Нават на азёрах лёд амаль скончыўся.
І мы зноў да ачмурэння сядзелі над кнігаю і копіяй, і Мар'ян бурчаў:
— Холмсы мне яшчэ, таксама… Пінкертоны… Картэры… Станкевічы…* Мегрэ.
* Андрэй Станкевіч — самы славуты з гэтай «дынастыі законнікаў» следчы і суддзя беларускага сярэдневякоўя (у прыватнасці — справа Марыны Дастаеўскай-Карловіч 6 сакавіка 1607 г.).
У тую тхланную, золкую сакавіцкую пятніцу — было гэта, здаецца, дваццаць дзевятага сакавіка — мы таксама ні да чаго не дадумаліся.
— Прарок Навум — і той бы не дадумаўся, — плюнуў урэшце Пташынскі.
— Ну-ну. Няўжо мы двох дурнейшыя за аднаго?
Я пайшоў праводзіць яго. На душы ад уласнай бездапаможнасці было моташна.
— Як шчанюкі сляпыя, — сказаў Мар'ян.
Наперадзе спускаўся па сходах цікавы малады чалавек, сусед Лыганоўскага. І на гэты раз у руках ягоных было вядро са смеццем. Адкуль ён яго бярэ?
— Вось такое смецце ў нас у галовах. Выкінеш — і застанецца пустая макітра чарапаная.
— А мо і сапраўды трэба ўсё выкінуць і пачаць спачатку? — сказаў я. — Можа, справа і не ў тэксце? Можа, выскаблена нешта? Можа, сутнасць не ў змесце, а ў вядры? У самім існаванні рэчы?
— Трэба будзе паглядзець. Заўтра ж.
Мы спыніліся ля тытунёвага кіёска.
Я купіў пачак «БТ», Мар'ян вінавата ўсміхнуўся і папрасіў пачак «Шыпкі».
— Кінуў бы ты гэта, Мар'яне, — сказаў я. — Дальбог, кінь.
— Слабасць клятая! Ды я адну-дзве ў дзень буду.
— І я б на вашым месцы кінуў, — сказаў павучальна «брыгадзір Жэрар». — Вось сябар ваш — ён жа здаравенны, не раўнуючы першэрон ці брабансон, прабачце, таварыш Косміч. А я і яму раіў бы кінуць. Кропля нікаціну забівае, да вашага ведама, каня.
— Я не конь, — сказаў Пташынскі.
— Бачу. На пазногці зірніце. У блакіт аддаюць.
І раптам усхадзіўся. Дастаў з кішэні металічную таўлінку*.
* Пляскатая табакерка (часцей з бяросты, рэдка — металічная) для табакі (нюхальнага тытуню).
— Хочаце, я вам замест гэтай дрэні табаку даставаць буду. Нюхаць. Сам праціраю.
Ён зарадзіў у кожную ноздру па здаравеннай порцыі зеленаватага пылу.
Праз секунду гармата моцна ўдарыла, і Пахольчык закруціў носам.
— Аж уваччу пасвятлела… Улічыце, камерцыю падрываю. Сваю ж. Але здароўе чалавека за ўсё даражэй, як казаў стары рымлянін Гіпакрат. А тое, што вам скажуць, што слізістую абалонку сушыць, што сухі катар будзе, — гэта глупства пана бога — даруй ён мне і злітуйся… То як?
— Не ўжо, — сказаў Мар'ян.
— Глядзіце, — сказаў Пахольчык, падаючы яму «Шыпку». — Як надумаеце — прыходзьце. Дастану. І не «Пчолку», халера на яе, а сапраўдны.
На рагу мы развіталіся.
— Калі не з'еду ў Вільню на пару дзён, то заўтра зайду, — сказаў ён.
— Заходзь.
— Шкада, што нельга тую кнігу распатрашыць. Можа, у вокладцы заклеена нешта?
— Не. Вокладка тых жа часоў.
— Чорт яго! У галаву не лезе, што б гэта магло быць.
Перайшоўшы вуліцу, ён павярнуўся і ўзняў руку.
— Бывай!
Я прыкурыў, а калі зірнуў яму наўздагон, яго ўжо не было відаць у раптоўным снежным зарадзе, які абурыўся на горад.
РАЗДЗЕЛ V ЧАЛАВЕК ЗНІК
Мінула яшчэ чатыры дні. Прыйшоў красавік. Купы снегу, адкінутыя ўзімку машынамі пад дрэвы, сталі зусім малыя, брудныя і наздраватыя. І яшчэ снег падаў два разы, ён кожны раз чаргаваўся з дажджом, які з'ядаў яго на вачах. Усё часцей празрыста, па-вясенняму, сінела неба. У зацішку, з сонечнага боку двароў было ўжо зусім суха. І ўсё ж вясна наступала, нібы азіраючыся, часта саступаючы дарогу імжацы, холаду і слаце.
За гэтыя дні я некалькі разоў званіў да Мар'яна. Адказу не было. На чацвёрты дзень я не вытрымаў і паехаў да яго на кватэру.
Нават сабакі не адказалі брэхам на мой званок. Кватэра маўчала, нібы вымерла. Урэшце нічога дзіўнага ў гэтым не было. Едучы кудысь, Мар'ян заўсёды заводзіў псоў да нейкіх суседзяў, хаця мог бы і да мяне. Не хацеў перашкаджаць маёй рабоце.
Наша агульная падазронасць апошніх дзён зрабіла тое, што я нават агледзеў замок. Мне здалося, што ля яго абдрапана фарба. Але так бывае заўсёды, калі чалавек упоцемку спрабуе трапіць ключом у адтуліну.
З'едлівая пажылая вахцёрка, якую мы — хай даруе нам бог — клікалі часам «Цэрберам», часам «Цэнзарам Феакціставым», на мае пытанні адказала досыць рэзка:
— Я яму, сэрцайка, не мамка. Не бачу. З'ехаў некуды. Раніцай прыбіраю. Пад'езд мыю, першую пляцоўку. Каб у свіноце не сядзець. Пасля тут цэлы дзень. Вечарам Саня прыходзіць. І ён не бачыў. Сабакі? Адвёў, пэўна, як заўсёды… Што ж што не бачылі. Унь там чорны ход у двор. Там часам нават мне можна не заўважыць, як прыходзяць ці выходзяць. Але ён ім рэдка карыстаецца. Двор не дужа зручны.