Футбола не люблю. У гімнастыцы — нуль. Не ведаю, ці здолею пятнаццаць разоў падцягнуцца на турніку.
Вось, здаецца, і ўсё, што цікавіць людзей.
Ф-фу-у!
А наконт таго, чым дыхаю, што толькі маё, дык гэта росшукі ў мінулым. Акрамя вышэйпамянёных прац напісаў яшчэ некалькі, накшталт… ну строга абгрунтаваных, дакументальных гістарычных дэтэктываў, ці што.
Некаторыя з'явіліся ў часопісах. Некаторыя яшчэ чакаюць: «Злы лёс роду Галынскіх», «Забойства ў Дурынічах» і г.д. Калі вось гэтая гісторыя вас зацікавіць, я, з часам, пазнаёмлю вас і з тымі.
Смешна? І праўда, смешна. Навуковы работнік і, раптам, пінкертонаўшчына ў мінулым. Мне таксама смешна. Затое — цікава.
І вось пісаў, пісаў я — хутчэй ад жадання перамагчы пачуццё сваёй непаўнацэннасці, бо пісьменнік з мяне нікудышны, — гэтыя творы папулярнага цяпер жанру; пісаў, беручы замест таленту ўменнем разабрацца ў блытаніне актаў, фактамі і логікай. Пісаў і не ведаў, што ў той вечар лёс — цераз аднаго ўстрывожанага чалавека — ублытае мяне ў сапраўдны дэтэктыў.
У той брыдкі сакавіцкі вечар я якраз рыхтаваўся да работы. Шчыра кажучы, не цярпелася дарвацца да яе: многія месяцы я займаўся не тым, чым хацеў.
Для мяне гэтыя першыя хвіліны — ледзь не найбольшая асалода ў жыцці. Метадычна раскласці на стале рэчы: чыстая папера — справа, злева — месца для спісанай. Справа крыху далей — вымытая да рыпення попельніца. Ля яе нечапаны (абавязкова нечапаны!) пачак цыгарэт. Дзве ручкі запраўлены чарнілам. На падаконні злева свежазмолатая кава ў герметычным слоіку і кававы апарат. На стале ані парушынкі.
Сам ты толькі што пагаліўся, узяў ванну, абавязкова надзеў новую чыстую кашулю. Перад табою бялюткі аркуш ільснянай паперы, і зялёная лямпа кідае на яго яркае ў салатавым паўзмроку кола. Ты можаш адкласці работу да раніцы — усё адно ўнутрана ты падрыхтаваны да яе. А можаш сесці і зараз.
І чорт яго бяры, што за вокнамі шалее і коса імчыцца мокрая тхлань сакавіцкага снегу, што за ім ледзь відны вулічныя сіратлівыя ліхтары, скурчаныя цені лрахожых, рухомы вежавы кран непадалёк і чырвоную іголку тэлевышкі наводдаль. Нічога, што так тужліва калоцяцца аблепленыя снегам дрэвы і так бяздонна блішчыць пад рэдкімі ліхтарамі асфальт.
Няхай. У цябе цёпла. І ты ўвесь, і скураю і нутром, падрыхтаваны да вялікай Работы, адзінага пэўнага, што ў цябе ёсць. І ўсё гэта — як быццам чакаеш найдарожшага спаткання, а яно чакае цябе, і сэрца замірае і падае. І незайманы, цнатлівы ліст паперы чакае першага пацалунка пяра.
Званок!
Я ўнутрана вылаяўся. Але стол быў прыбраны, і чакаў, і мог чакаць да заўтра, і, можа, гэта было яшчэ лепей, як лепей чакаць дарагога спаткання, каб даўжэй адчуваць лікуючую непатольнасць. Легчы спаць, ведаючы, што «заўтра» прынясе першую — заўсёды першую! — радасць, і прачнуцца з адчуваннем гэтай радасці, і ўстаць, і ўзяць яе.
Да таго ж званок быў знаёмы, «толькі для сваіх». Дый хто пацягнуўся б некуды з хаты ў такую сабачую золь без пільнай патрэбы.
Я адчыніў дзверы. На пляцоўцы стаяла, дыгаючы, як жораў, нагамі, худая тонкая постаць у цёмна-шэрым паліто, саматканым клятчастым шаліку, тоўстым, як коўдра, і ў бабровай шапцы.
Бабёр гэты ад расталага снегу, шчыра кажучы, дужа нагадваў кошку пад дажджом. Вярнуўся ў родную стыхію.
— Заходзь, Мар'яне.
Ён нібыта юкнуў у перадпакой, ляпнуў за сабою дзвярыма, уздыхнуў і толькі тады сказаў:
— А быці таму палацу княскаму багату, як касцёл, дый надалей фундаваць касцёлы.
Мы з ім любілі часам паразмаўляць «у стылі барока». Але на гэты раз жарт у яго не атрымаўся: занадта бязраднай была ўсмешка, занадта няўпэўнена расшпільвалі паліто худыя доўгія пальцы.
Гэта быў Мар'ян Пташынскі, адзін з нямногіх маіх сяброў, «ларнік* вучоны» і сапраўды адзін з лепшых у краіне знаўцаў архіўнай справы, вядомы, праўда, значна больш як калекцыянер-аматар. Калекцыянер амаль неверагодна абазнаны і ўзброены найглыбейшымі ведамі, беспамылковым густам, сабачым нюхам на фальшывае і сапраўднае, сталёвай інтуіцыяй і чуццём на падробкі.
* Галоўны над архівам (старабел.).
Мы з ім любім адзін аднаго. Ён ледзь не адзіны чалавек з вучонага свету, які не ставіцца іранічна да маіх гісторыка-крымінальных росшукаў. А я люблю ягоныя бясконцыя апавяданні аб рэчах, паперах, пячацях, манетах і ўсім такім іншым.
Абодва мы кавалеры (ад яго пайшла жонка, пусценькі коцік — актрыса), абодва ў вольны час ловім рыбу і спрачаемся, абодва прымаем адзін аднаго такімі, якія мы ёсць.
І вось менавіта таму, што я ведаю яго, як сябе, я адразу сёння заўважыў, што ён не той, не такі. З пытаннямі, аднак, лезці не стаў.
З апарата якраз забубніла, запырхала, палілася ў хмарках пары чорная, ільсняная на выгляд кава.
— Вып'еш?
— Хіба вадой развёўшы? — выгляд у яго быў вінаваты і беспарадны.
Разбаўляць такую раскошу вадой — гэта было злачынства, але я не пратэставаў: у Мар'яна нядаўна быў мікраінфаркт.
— Нельга мне, — сказаў ён. — А зусім без яе не магу.
Хутка ў наш час зношваюцца людзі. Паспытаў Маўтхаўзена і яшчэ сяго-таго. Дзіва, што такое сэрца ў сорак год.
…Ён трымаў філіжанку доўгімі пальцамі і больш нюхаў, чым піў, і ноздры ягоныя трапяталіся ад асалоды, як у Адама ля забароненага дрэва. І аблічча ў яго было тое, што ў кепскіх раманах называюць «артыстычным»: просты нос, бліскучыя цёмныя валасы, глыбока пасаджаныя немалыя вочы…
Я любіў яго. ён быў мой друг.
Слухай, Антось. Мяне, напэўна, хочуць забіць.
Мне здалося, што я недачуў.
— Так. Забіць.
— І варта, — сказаў я. — Такую святую Барбару ўпусціць, аддаць у рукі гэтаму гандляру ад калекцыянерства. Мілюціну Эдзьку.
— Я не жартую, Антось.
Толькі тут я зразумеў, чаму ён сёння «не той». На ягоным абліччы, звычайна такім паблажлівым і сардэчным, сяброўскім і ад прыроды добрым, ляжаў цень. Цень сталай трывогі, той, што ані на хвіліну не адпускае, гняце, цісне, задушвае ўвесь час сэрца. Нямоцна, але ўвесь час. І я адразу паверыў яму, бо такі твар у чалавека бывае толькі тады, калі справа сур'ёзная.