Выбрать главу

І толькі тут я зразумеў, што чалавек гэты — вар'ят.

— Змагіцель Міхась Іванавіч, — «каўбой» працягнуў мне руку. — Мясцовы выкладчык беларускай мовы.

— Шаблыка Рыгор Іванавіч, — сказаў другі. — Настаўнік гісторыі. Дзякуй вам, вы прыйшлі ў час.

— Два Іванавічы, — сказаў я. — Што ж, Косміч Антон Глебавіч. Гісторык.

— Мяркую, самая справа нам зараз накіравацца ў «Чайную», — сказаў Шаблыка. — Я не люблю, але пасля сённяшняга ў мяне ад хвалявання і палёгкі аж калені дрыжаць.

— І ў мяне, — сказаў «каўбой». — Дый за знаёмства.

Мы пакінулі ўрэшце запаскуджанае поле бою, зноў выйшлі ў парк, перайшлі мосцік, мінулі касцёл, аддыбалі метраў трыста ціхай вулачкай і ўвайшлі ў «Чайную», проста невялікі пакой са стойкай, дзесяткам столікаў, акном на кухню і трыма вокнамі на сонную ціхую вуліцу.

Маладая і надзіва свежая буфетчыца стаяла за стойкай і сумавала, бо народу яшчэ зусім не было: рана. «Каўбой» адразу па-каўбойску падкаціўся да яе:

— Данусечка… Р-радасць мая… Як я рад бачыць вас па-ранейшаму маладой, як усход, поўнай, як поўня, свежай, як раса.

— Гэ-э, ды ён помесь каўбоя з паэтам, — ціха сказаў я.

— Ды ну вас, Міхась Іванавіч…

— Я не Міхась. Я Змагіцель. Я ўсё змагу.

— І мяне.

— І вас, — люта адказаў настаўнік.

Зрабіў жахлівую міну і, паказваючы на бутэльку каньяку, чулліва праспяваў:

— «Дайте бедному шуту звездочку вон ту».

Тая засмяялася.

— А што яму, — сказаў Шаблыка. — Малады, кавалер, дурэе.

Мы селі за стол і выпілі за знаёмства.

— Ну, гэтая гісторыя з Бронікам ім цяпер надоўга ахвоту да такіх штучак адаб'е, — сказаў Шаблыка.

— Не кажы, — сказаў «каўбой-паэт». — Ганчаронак гэта такая свіння, што не адвяжацца. Як нянавісць у яго нейкая сядзіць і да замка, і да многага. Ён гэта Альшанскага падбіў. Нутром чую.

— Так, — Шаблыка круціў у руках акуляры. — Я б яго таксама лічыў, што гад паўзучы, каб мы разам з ім у гестапа не былі.

— У гестапа? — я здзівіўся.

— Ну так. Мяне ўзялі па падазрэнню за падполле, хаця прамых доказаў не было. Вядуць праз пакой, а ён стаіць рукамі ў сценку пад аховай сабакі. Убачыў — зрабіў выгляд, што не пазнаў, дай бог яму…

— І як жа вы адтуль выйшлі?

— Прадажныя яны былі. Нашага рэдка каго купіш. Аднаго-двух. А ў іх толькі аднаго-двух і не купіш. Выкупілі нас. Тым больш што доказаў не было. Ганчаронак, кажуць, трымаўся, язык праглынуўшы. А тое, што характар дзярмо, — справа дзесятая.

— І ўсё адно, — зноў ускіпеў «каўбой». — Я яму «бандыцкага адроддзя» не дарую.

— А чаму… — і я асекся, бо ледзь не сказаў нетактоўнасці.

Змагіцель торкаў відэльцам у катлету:

— Тут сакрэту няма. Усе ведаюць. Быў я па дурасці пасля вайны некалькі месяцаў у бандзе, шчанюк зялёны, непаўналетні. Р-рамантыкі захацелася. У філіяле банды Боўбеля-Куляша. Самога-та не бачыў. І добра, што трапіўся мне харошы чалавек. Шчука было яго прозвішча. Ён мне і давёў, што я такое. Ну, я сваю віну выкупіў. Дзякуючы яму і мне мой філіял загадаў доўга жыць, часткова здаўшыся, а асноўную частку з самім Куляшом да Палінскага балота прыціснулі і знішчылі да апошняга чалавека. І сам Кулеш зранены ў багне патануў. А ён мне: «Бандыцкае адроддзе». С-сука!

— Ладна, супакойся, — паклаў яму руку на плячо Шаблыка.

— Слухайце, а гэты хто, у кепцы казырком назад?

— А-а. Людвік Лапатуха, — сказаў сумна Шаблыка. — Вар'ят. Ціхі. Часам толькі незразумелае гаворыць. Ну і кепка. І сабакі яго страшэнна любяць. Бачылі? Табунамі ходзяць. Нямецкіх аўчарак толькі баіцца і кідае ў іх камяні.

— Адкуль жа ён такі, няшчасны чалавек?

— У нас тут у сорак чацвёртым немцы нейкую работу вялі, а пасля рабочых чалавек чатырыста, палякаў ды нашых, расстралялі ў паўкіламетры адсюль. Ды помнікі вы пасля самі ўбачыце, у парку стаяць. Наш помнік, агульны і польскі. Мы з адным польскім раёнам тут сябруем, то яны прыязджалі ды паставілі яшчэ сваім, — Змагіцель уздыхнуў. — Страшная была гісторыя.

— А Лапатуха тут пры чым? — спытаў я.

— Кажуць, што ці не яму аднаму ўдалося з-пад расстрэлу неяк уцячы, — задуменна сказаў Шаблыка. — Ці ён быў адзіным выпадковым сведкам. І крануўся, гледзячы на ўвесь гэты жах. Але цяпер ад яго ўжо ніхто нічога і ніколі не даведаецца. І быў жа добры, культурны чалавек. Скончыў гімназію і адзіны тады скончыў з усяе Альшанскай акругі ўніверсітэт. Пражскі. Некалькі моў ведаў. А цяпер, бачыце, як яго скруціла. Толькі і можна дабіцца, што вартуе ён тут магілы. Прапаў чалавек. Мяхі на млыне цягае. Шкадуюць яго.

Гаварыць далей на гэтую тэму было непрыемна і цяжка, і таму я перавёў размову на іншае:

— Слухайце, а што гэта ў вас кажуць нібыта пра нейкую жанчыну з нейкім там чорным манахам?

— Аа-а, працяг легенды з XVІІ стагоддзя, — скептычна ўсміхнуўся Шаблыка. — Валюжыніч і Ганна Альшанская. Чу-улі.

— Ну не, — узвіўся «каўбой-паэт». — Вы можаце смяяцца, казаць, што я ёлуп, а я веру: ёсць нешта такое. І за апошнія некалькі год зноў з'явілася. Ужо чалавек шэсць казалі. Людзі дарма шоргаць языкамі не будуць, і дыму без агню не бывае.

— Дык што?

— Кажуць, сапраўды, у некаторыя ночы з'яўляюцца. І калі прыйдзеш у такую ноч і падыдзеш добра, то ідуць. Часам па касцельнай галерэі, часам па замкавай. Часам па той і па другой. Размытыя, туманныя. Ідуць і знікаюць і нічога не гавораць.

— Ты каньяку болей пі, — сказаў Шаблыка.

— Ды я амаль і не п'ю. Як ты. Але веру, ёсць нешта такое. Праходжваюцца, ідуць.

Мы глядзелі на ціхую і добрую вясковую вуліцу, на бярозы, якія рыхтаваліся зазелянець, на бялюткія стаўбуры яблынь на вугальна-чорнай ільснянай зямлі.

— Н-на, — сказаў я, — гляджу я, у вас тут ідылія.

— Ідылія, — сказаў Шаблыка. — З кантрастамі.

РАЗДЗЕЛ XІ БЕЛАЯ ГАРА

Мінулі святы, звычайныя, усім вам вядомыя святы ў маленькім пасёлку. З трыбунай, абцягнутай чырвоным, з самаробнымі сцягамі і з сонцам і першымі, нясмелымі яшчэ намёкамі на зелень, з дэманстрацыяй, якая складаецца пераважна са школьнікаў, і з цікаўным парсюком, які вылез на вуліцу на агульнае ажыўленне, акурат на дарозе дэманстрацыі: людзей паглядзець і сябе паказаць.