Выбрать главу

Не, гэта проста ляжаў кароткі абрэзак бервяна.

— Цьфу ты, чорт! — вылаяўся я ад сэрца.

Я падыходзіў ужо да Альшанкі, і справа ад мяне цьмяна праступалі дрэвы і цямнейшы за ноч чорны сілуэт замка. І тут раптам я спыніўся. Рэзка, быццам знянацку наляцеў грудзьмі на нешта вострае.

У адной з вежаў замка гарэў агонь. Невялічкі, ён у гэтай цемры здаваўся ружова-сінім. І калі я ступіў некалькі крокаў наперад, знік. А калі я павярнуў назад, загарэўся зноў.

«Што такое? Каму спатрэбілася запальваць агонь у гэтай чорнай, мёртвай, як труна — не, мярцвей за труну, — будыніне?»

…У цемры, у закінутай, даўно мёртвай вежы роўна і злавесна свяціў агонь. І нельга было не думаць, адкуль і чаму.

Востра і самотна гарэў уначы агонь.

…Марыя Сямёнаўна ўсё яшчэ была ў слязах. Я крэкнуў, разумеючы, што давядзецца зноў ісці ў ноч, трэцяй дарогай. Сцягнуў боты.

— Дайце, гаспадынечка, сухія анучы.

Бог, відаць, пачуў мае маленні. Ледзь я паспеў абуць боты, як на двары пачуўся рык матора, прабегла па вокнах святло ад фараў, пачуўся ў сенцах тупат, а пасля дзверы адчыніліся і на парозе ўсталі постаці Нічыпара Альшанскага і Рыгора Шаблыкі, якія вялі пад рукі тленныя рэшткі таго, што было пару гадзін таму назад Міколам Чэсевічам Зеляпушчанкам, а па-вулічнаму Вячоркам. Ён быў мокры з ног да галавы і ледзь вязаў лыка. А за гэтай тройцай ішоў настаўнік беларускай мовы Міхась Іванавіч Змагіцель і толькі што не перастаўляў рукамі «нябожчыку» ногі.

— Вось, — сказаў ён. — У кувеце знайшлі.

Гаспадыня ахнула, заплакала, на гэты раз з радасці, і кінулася разуваць гаспадара, сцягваць з яго плашч, порткі, пінжак.

Агульнымі намаганнямі мы ўзвалілі яго на ляжанку, і Марыя Сямёнаўна кінулася па нейкі спіртавы настой, каб расціраць.

— Жоначка, ты ж мне лепей глотку ўсярэдзіне гэтым разатры, — бубніў Вячорка.

— Дам, дам. А божа мой. А дзякуй вам, добрыя людзі. А жывога ж хаця прывезлі.

Я пасмейваўся. Незласлівасць гэтая нагадала мне першае вясковае вяселле, на якім я быў. Паспаць мяне тады адвялі ў суседнюю хату. Я ляжаў, а ў вушах усё яшчэ аднастайна гудзела ўсе тое самае:

А на шэрым кані

У яб-лы-кі

Едзе ў Зосеньчын двор

Мі-цеч-ка.

Раніцай, калі я прачнуўся, у печцы палаў агонь, гаспадыня ставіла туды гаршкі. І тут адчыніліся дзверы і два хлопцы ўнеслі ў хату трэцяга. Адзін нёс ногі, другі — галаву (не плечы, а менавіта галаву), а сярэдзіна звісала самастойна і пагойдвалася, як гамак. І тады гаспадыня пляснула рукамі і зусім без злосці, а толькі з бязмерным здзіўленнем працягнула:

— А-а сы-но-чак мой! А ты ж казаў, што на сваіх нагах прыйдзеш!

Варыяцыю таго здарэння бачыў я перад сабою зараз. Ох і добры ж наш народ да такога! І я толькі падумаў, што калі так будзе далей — давядзецца з'язджаць. З'язджаць ад Вячоркі хаця б да дзеда Мультана.

Вячорка абмацваў здаравенныя гузакі на галаве і мармытаў гаротна:

— Білі мяне. Ой, білі мяне!

Пасля мы даведаліся, што ніхто яго не біў, што яны з братам узялі «пасашок» перад аўтобуснай станцыяй, брат паехаў, а Чэсевіч замест дамоў патупаў рэвізаваць свой клуб і там некалькі разоў ударыўся галавой, а пасля, замест таго каб легчы ў клубе на канапе, папраставаў дахаты.

— Ішоў-ішоў, — мармытаў Вячорка, — надта далёка ішоў. І ў канаву ўпаў… І ляжу ўпоперак… як грэбля… І вады з аднаго боку многа, і яна цераз мяне пе-ра-ліваецца, цур-чыць… І машыны паўз мяне з фарамі «в-ву-у, в-ву-у, в-ву-у». А яны не спыняюцца.

— Угм, — сказаў Альшанскі. — Добра, што нас крыху занесла і святло на канаву ўпала. Ляжыць, сапраўды, як грэбля. І адзін палец часам ад кулака адстаўляе. Гэта яму здавалася — салютуе. На поўны рост і ўсёй рукой.

— Дык мо чарачку, людцы вы мае?

— Сёння не хочацца, — сказаў Шаблыка.

— А вядома ж, мае даражэнькія. Бо гэта ж на гэткага шабадранца нагледзецца, дык век не захочаш.

Яны пайшлі. А Вячорка варушыўся на ляжанцы, увесь чырвоны ад расцірання, і мармытаў досыць бязладна:

— В-ву-у, в-ву-у… А я салютую… А тут цені ішлі… Два… І сталі… Гамоняць… Не бачыць, што побач… грэбля ляжыць… Яйкі каменныя, страшныя… Другая справа за паўночнай вежай… Яйкі…

Блёкат быў незвычайны, але зусім без сувязі, і я ведаў, што заўтра гаспадар і не здолее ўспомніць пра свае начныя прыгоды. Таму я ўзяў ад Марыі Сямёнаўны чарку (мяне ўсё ж крыху марозіла ад прамочаных ног) і выйшаў з хаты, каб ісці ў сваю прыбудоўку.

Глухая, як махровая сажа, ляжала над Альшанкай і, здавалася, над усім светам ноч. Нідзе ані агеньчыка. І толькі наводдаль узвышалася моцна ўсечанай пірамідай асветленая зверху слабым зарывам двух вогнішчаў нямая Белая Гара.

РАЗДЗЕЛ XІІ ПАЧАТАК ПОШУКАЎ

Вечарам я вырашыў паехаць на дзень-два дахаты, а да таго часу крыху палазіць па замку і намеціць сякі-такі план дзеянняў. Раніца зноў выдалася свежая, але сонечная. У такую раніцу добра не ў падзямеллі лазіць, а сядзець на прызбе, на сонейку, каб ветрык не даставаў, слухаць пеўняў і думаць аб сім-тым. Але менавіта таму мне і трэба было лезці. Трэба брацца за справу ўсур'ёз. Таму і яшчэ таму, што так трывожна свяціў незразумелы начны агеньчык у вежы замка. Другой вежы справа ад паўночнай. А можа, у першай ад яе. Я толькі прыблізна ўстанавіў у якой.

Падлога збераглася ва ўсіх залах жылых памяшканняў першага і другога паверхаў, але ў вокнах-байніцах ніжняга і ў вокнах другога паверхаў не было ніводнага шкла, і пройма гуляла паверхамі свабодна, уздымаючы з купаў друзу пыл. Філары (калоны, што падтрымлівалі скляпенні) і самі скляпенні былі абураюча і агідна абабітыя. Нішы, у якіх стаяў, відаць, калісьці посуд, вазы ці невялікія статуі, былі поўныя вапеннай крошкі. Нічога цікавага ва ўсіх залах я не знайшоў і толькі пашкадаваў, што цалкам яшчэ прыдатны будынак марнее ў запусценні.

У чатырох абследаваных мною вежах знізу была глухая падлога з магутных каменных квадратаў. Заставаліся чатыры вежы паўночнага боку. У адной уніз вялі каменныя, сцёртыя да апошняга прыступкі, але спуск канчаўся на глыбіні прыблізна трох метраў жалезнымі, таўшчынёй у руку кратамі. На кратах вісеў магутны, вельмі стары цыліндрычны замок з тых, у якія ключ увінчваецца, як гляйсар. І замок і краты былі крывава-чырвоныя ад іржы. Я вырашыў, што наведаюся сюды пазней.