Выбрать главу

— Ну вось табе. А мы хацелі табе прапанаваць па піва збегаць… А ты… Ды, відаць, ты працаваць пачаў.

— Э-э, — з прыкрасцю адмахнуўся ён. — Не ў тым справа. Вось схаваў ад жонкі сто рублёў у кнігу, дый забыўся ў якую.

Рагаталі мы тады ўсе, як гіены.

Роўна ў восем я ашчаслівіў суседа сваім візітам. І адчуваў бы сябе зусім добра, каб не ўбачыў на тахце побач са Шчукам яшчэ й лейтэнанта Клепчу, якога я па вядомай прычыне не паважаў і паважаць надалей не збіраўся. Цярпець не магу «няўхільнасці», «праніклівасці» і адкрытага любавання сабою. Ды і ўвогуле ён тупак.

Хілінскі, паставіўшы на стол шклянкі, разеткі, вазачкі з трыма рознымі варэннямі і іншае такое, разліваў зараз гарачую, амаль чорную з адлівам у бардовае гарбату.

— Слухай, можа, ты спачатку пад'еў бы чаго? Кураня ёсць халоднае, можна падагрэць. Аліўкі.

— Ды не, сыты.

— Тады пі гарбату. Расказвай.

— Толькі занадта ў псіхалогію не лезь, — сказаў Шчука. — Гэтая дама ў нас рэдка начуе.

Я расказаў пра ўсё, што паспеў зведаць. Баюся, што балбатаў досыць доўга і бязладна, але яны слухалі ўважліва.

— Скончыў? — спытаў урэшце Шчука. — Наконт тых, што расстралялі, — вось гэта цікава. Ведалі мы пра расстрэл, а пра абставіны, якія яму спадарожнічалі, на жаль, мала. Наконт пакарання смерцю брата Высоцкага за падполле — таксама не ведаем нічога. Прозвішча толькі — Уладак Высоцкі. А пра таго, каго на смерць палякі ў трыццаць дзевятым асудзілі — ну пра гэта таксама ненашмат болей ведаем.

— Архіў згарэў, — сказаў Хілінскі. — Але чуткі, што забіты быў правакатар — яны былі. Вось партрэт таго, Крыштофа.

— Крыху падобныя, — сказаў я. — Вы не маглі б мне зрабіць копію?

— Бяры, — сказаў Шчука. — Гэта і ёсць копія. Кепская. Бо і фатаграфія была кепская… А яшчэ бярыце вось гэта. Ледзь адшукаў.

Гэта было некалькі газет, парудзелых ад старасці і пацёртых на сугібах. І адразу ў вочы кінуліся занадта буйныя загалоўкі (ясна, для напаўмяшчанскага тады Кладна гэта была сенсацыя, выбух бомбы).

Загалоўкі крычалі, абяцаючы раскрыццё злачынства ў вячэрніх ці заўтрашніх нумарах. Тых, на жаль, не было.

«Забойца спайманы!»

«Двайнік пойдзе пад суд!» (Гэта яшчэ што? Які да ліха двайнік?)

«Ён забіў асведаміцеля», — кажа памочнік пракурора.»

«Меркаванні ці праўда?»

«Чытайце ў наступным нумары!»

Наступных нумароў не было.

— Іх і не магло быць, — зразумеў Шчука мой непаразумелы позірк. — Праз два ці тры тыдні немцы зрабілі правакацыю на радыёстанцыі Гляйвіц. Што гэта азначала?

— Вайну з Польшчай.

— І не толькі. Гэта яшчэ і бамбёжка Кладна, і наш паход на Заходнюю Беларусь, і два разы, ды не, наконт Кладна — чатыры агнявыя валы. Франты. І горад гарэў, і архіў згарэў. А часткова, можа, пабралі немцы. А астатняе спалілі. Увесь квартал вакол архіва выгараў.

— Адкуль жа тады ведаюць пра страту Крыштофа?

— Дзве адхіленыя апеляцыі аб памілаванні, — сказаў Хілінскі. — Кажуць, занадта жорстка забіў, калі нават правакатара. Ну і прамільгнула ў некаторых газетах і штотыднёвіках звестка, што прысуд выкананы. Не ведаю ўжо, хто іх на грані вайны інфармаваў. Я помню толькі нататкі ў часопісах «Gazeta Polska», «Polska zbrojna» (ну, гэта санацыйныя подціркі), ды яшчэ ў «Czas'е» (гэта кансерватысты кракаўскія). У газетах колькі ні шукаў — не знайшоў.

— А ў пазнейшых?

— Пазнейшых не было. Беларуская прэса ў Заходняй толькі стваралася, і рукі не даходзілі, каб пра старое барабаніць. Пра новае трэба было гаварыць. Ну, а акупанты ліквідавалі ўсю польскую прэсу. Толькі пасля пачала з'яўляцца прэса «gadzinowa». А падпольная прэса хаця і пачала існаваць ужо з кастрычніка 1939-га, але і ёй да справы Крыштофа Высоцкага было… Вось, займіцеся вы гэтым.

І тут упершыню падаў голас Клепча:

— Папрацуйце з гэтым. Гісторыка-рэвалюцыйнае мінулае — цікавая штука. І дужа карысная. Выхоўвае людзей… Моладзь… У духу, так бы мовіць…

Шчука зморшчыўся:

— Чорт вас ведае, Якубе, як вы любую думку, нават самую правільную, адным сваім стылем, адной казёншчынай здатны спаскудзіць і апошліць.

Клепча чамусьці на мяне, а не на Шчуку пакасіўся з яўнай варожасцю. Я думаў таму, што графічны аналіз давёў, што не маім почыркам была напісана запіска, якая выбавіла Мар'яна з дому насустрач смерці, а тым самым і гіпотэза Клепчава была падсечаная пад корань і пляснулася ў багно. Шчука неўпрыкметна падміргнуў мне.

Клепча, на шчасце, хутка пайшоў. Мы некаторы час досыць прыгнечана маўчалі. Урэшце Шчука сказаў:

— Ты, Адаме, тэкст адной афіцэрскай атэстацыі ведаеш? Праўдзівай, хай мне ў Аўстралію праваліцца… Хочаш, павесялю?

— Ну. Валі.

— Дык вось: «За время службы показал себя как грамотный, но недостаточно дисциплинированный офицер. Как летчик подготовлен хорошо. Летных происшествий и предпосылок к ним не имеет. В общественной жизни никакого участия не принимает. Уставы и наставления… знает хорошо, но в повседневной жизни ими не руководствуется, т. к. нарушает воинскую дисциплину. Имелись случаи самовольного ухода со службы. По характеру упрям. На замечания реагирует болезненно. В обращении с товарищами и старшими вежлив. В быту опрятен, по внешнему виду аккуратен. В вопросах внутренней и внешней политики… разбирается правильно. Государственную и военную тайну хранить умеет.

Вывод: Занимаемой должности соответствует».

Памаўчаў.

— Ну дык «соответствует ли Клепча занимаемой должности…».

— Ну павесяліў ты нас, — сказаў Хілінскі.

— Улічы, сапраўдны дакумент.

— Дык вось, шаноўны Андрэй Арсенцевіч, — сказаў Адам, — характарыстыка крыху кульгае. Не зусім ён такі. Не лётчык. Дастаткова дысцыплінаваны. У грамадскім жыцці прымае ўдзел (нават там, дзе не патрабуюць). У паўсядзённым жыцці ўставамі і настаўленнямі карыстаецца (па літары, а не па духу іхняму) занадта старанна, аж нудзіць хочацца. Дысцыпліну не парушае. У самаволку не ходзіць. Упарты, але з дужа старэйшымі падатлівы. На разумныя заўвагі аніяк не рэагуе… «Занимаемой должности»… Ох, давядзецца табе, дружа, узяцца за яго, бо іначай ён такіх дроў наламае, што трэскі паляцяць… А ты што скажаш, Косміч?