Выбрать главу

Я не хацеў, каб маю шчырую думку палічылі за асабістую непрыхільнасць, і таму адказаў унікліва:

— Гаворыць газетнымі штампамі, але на самай справе больш разумны, але нават па выгляду не здаецца, што распявае раніцай у туалеце розныя там… харалы.

Адсмяяліся. Пасля я спытаў:

— Дык хто быў той, забіты? Ну «правакатар» той? Ці асведаміцель, як яго?

— Сын палясоўшчыка аднекуль з-пад Замшан, — адказаў Шчука.

— Гэта пятнаццаць кіламетраў ад Альшан?

— Ну так.

— Мала надзеі знайсці, — падумаўшы, сказаў я. — Колькіх палясоўшчыкаў у вёскі перасялілі, на іншае месца перавялі. А колькіх немцы расстралялі. Верагоднасць сустрэчы — нуль… Але паспрабаваць трэба.

Я паспрабаваў. І здарылася дзіва. Былы палясоўшчык Андрон Сай па-ранейшаму жыў, праўдзівей, дажываў век у той жа самай леснічоўцы ля Замшан ва ўрочышчы Цёмны Бор.

Дзень ладна ўжо хіліўся да вечара, калі я злез з аўтобуса і заглыбіўся досыць добра ўбітай, хаця крыху і затравелай сцежкаю ў лес. Спачатку празрысты, прабіты наскрозь ружовымі прамянямі сонца, ён з кожным крокам рабіўся ўсё больш і больш цёмны. Сям-там нават пераспелыя хвоі стаялі так густа, што святло пачынала спачатку блытацца ў іх, высвятляючы то мядзяны — не абхапіць — стаўбур, то выварацень велічынёю з хату, цёмны і кашлаты, як мядзведзь (калі ўявіць такога — неіснуючага па велічыні — мядзведзя). Спачатку яшчэ трапляліся крыжыкі заечай капусты, пярэсты падалешнік, плеці завільца, але ўсё радзей і радзей, аж пакуль не саступілі месца пругкай гліцы, якая капілася тут дзесяцігоддзямі.

«Відаць, заказнік», — падумаў я, і пазней выявілася, што меў рацыю.

Цямней і цямней. Сцежка ўжо ледзь святлее ў цемрыве. Зашалахцела нешта ў траве каля сцежкі. Вожык? Або мышкуе куніца?

Мне зрабілася ўжо зусім непрытульна, і гэта ўсяго за нейкі кіламетр ад дарогі, калі наперадзе нібы крыху заяснела. У досыць моцным прысмерку я ўбачыў ці маленькую рачулку, ці вялікую ручаіну, якая трохі лявей пашыралася не то ў копанку, не то ў натуральны ставок, абкружаны вянком з цёмных у гэты час вербаў.

Крыху правей стаўка, чарнейшыя за сцяну лесу, бачныя былі нейкія будыніны, і раптам на адной з іх бліснуў аранжавы цьмяны простакутнічак. Акно.

Я перайшоў ручаіну — два бярвенцы з хісткімі парэнчамі — і папрамаваў у бок агню. Рэдкімі прывідамі праплывалі паўз мяне беластволыя яблыні і змрочныя высокія грушы.

Перад ганкам — хоць ты яго ў панскі фальварак — шырокі, з драўлянымі слупамі-калонамі навес. Аднекуль з цемры высунуліся бязгучна два чорныя цені. І амаль адразу адчыніліся дзверы, і на парозе ў пляме святла стаў яшчэ адзін цень (бо святло было за ім) са стрэльбаю ў руках.

— Гэта яшчэ каго нячысцік начамі носіць? — хрыплаватым голасам спытаў цень. — Вар! Вецер! Легчы. Дык што вам трэба?

— Я Антон Косміч. З горада. Мне патрэбен палясоўшчык.

— Ну, я палясоўшчык. Салвесь Цяцерыч.

— А-а… Андрон Сай.

— Гэта мой цесць.

— Пабраліся з яго дачкой? — спытаў я, як быццам чалавек можа прыдбаць сабе цесця нейкім іншым спосабам.

— Угм. З Ганнай.

— А цесць дзе?

— Дык ён на спакоі цяпер. Толькі які там спакой? Кожны дзень «вячэрні абход» робіць. Зусім як дзіця. Ды часам на магілцы сына пасядзіць.

— Чуў я гэтую гісторыю.

— Бываюць прасвятленні, але не часта. Вось ужо бліжэй да лета, — ён гаварыў па-ранейшаму суха. Не асэнсаваў падтэксту маіх слоў. — Дачка таксама была сведкай, але цяпер на Нарачы ў санаторыі. А я што ведаю? Я прымак, чалавек старонні.

— А мне вось і трэба паспрабаваць разблытаць гэтае павуцінне.

— Было такое, — зноў жа суха і спакойна казаў ён. — Быў у яе брат… І што быў правакатар, хадзілі такія чуткі. Але гэта я мог бы гэткае казаць, — голас ягоны падвышаўся і раптам сарваўся ледзь не на крык: — Сам пра сваю сям'ю я вольны казаць усё. Тут я сабе пан. А іншаму, які ўздумае паўтараць нахабна мярзотную брахню, я таго абарваць здолею ў секунду. Чым швэндацца пад чужымі платамі — займаліся б справай. Адвальвай, пакуль не пакаштаваў, што такое зарад буйной солі ў с… Цалуй прабой ды прамуй дамой.

Псы, пачуўшы гнеўную інтанацыю, усталі. Утаропіліся ў мяне. Злева здаравенны мардасты ганчак, чорна-рабы, у падпалінах, з шырокай галавой і тупой мордай, магутнага складу, а росту — мінімум васемнаццаць вяршкоў.

Справа — здаравенны кабель (але меншы за сабрата, усяго сантыметраў восемдзесят), шэра-рабы, вышэйшы на нагах, параты. Пры поглядзе на яго стала мне ніякавата.

— Не дрэйф, — з адценнем пагарды сказаў гаспадар, — не калаціся. Пакуль не скажу — не кінуцца.

— А я і не калачуся, — гаспадар, відаць, быў здзіўлены маім нахабствам, бо я дастаў цыгарэту, працягнуў пачак яму (не ўзяў) і сказаў: — Тут во гэтага, шэра-рабага, трэба баяцца. Камусьці, вядома, іншаму, а не мне.

— Чаму? — пакепліва спытаў Цяцерыч. — Ён жа меншы.

— Парода злосная.

Даводзілася мне калісьці пісаць у адной з прац пра сабакаводства на старадаўняй Беларусі. І, здаецца, гэта быў адзін з нешматлікіх выпадкаў, калі такая адцягненая матэрыя прыдалася мне ў канкрэтным жыцці. Адсюль вывад: абстрактных, непатрэбных ведаў няма. Такое можа здарыцца ў жыцці, што толькі веданне таго, які чэшскі кароль разбіў манголаў, уратуе табе жыццё, і тады ты з радасці і Кузьму бацькам назавеш.

— Якая ж бы то?

— Гэта вандэйскі грыфон, — сказаў я. — Парода ад «шлюбу», так бы мовіць, вандэйскіх ганчакоў з брэтонскімі грыфонамі (бачыш, ад іхняй рыжай масці і ў гэтага падпаліны ёсць). Страшэнна злосныя. Лепшых пры паляванні па дзікоў не знойдзеш. Ну і ў ганітве на ваўка амаль першыя…

Салвэсь раптам сеў побач са мною і выцягнуў цыгарэту.

— Ну а гэты, гэтыя — добрыя да людзей. І дзіўлюся я, дзе гэта ты, палясоўшчык і, відаць, добры егер, дзве такія рэдкія пароды здабыў. Бо ў Менску мне сустракаць не даводзілася.

— Удалося дзівам, — гаспадар відавочна палагаднеў.

— І сапраўды, дзівосы на калёсах. Такіх брудастых, як ваш Вецер, мне не даводзілася бачыць. А Вар. Гэта ж стэгхоўнд, або аленны ганчак. У мінулым стагоддзі нават Сабанееў Леанід Паўлавіч (а ён паляванне і сабак ведаў, як ніхто, і я хутчэй богу ці сабе самому не паверу, чым яму) налічваў у Англіі — і толькі ў Англіі — усяго дванаццаць зграй, ці свор, бо кожная з адной своркі, з аднаго налыгача спускаецца.