— Ды нашто ж я псаваць буду вашу забаву. Вы нас толькі да табара, да начлегу праводзьце. Гэта ж і недалёка. Нейкія шэсць літоўскіх вёрстаў.
— Польскіх гэта, лічы, дванаццаць, — буркнуў лоўчы.
— Нічога, — сказаў Станкевіч, — час звыкнуць. І памятаць словы Вердума: «Mile podolskie, czyli ukrainskie, sa dwa razy tak wielkie, jak polskie, a im blizej Turcji, tym wieksza mila»*. Ну а там вы станеце біваком, а мы паедзем да замка… Вам трэба такі развеяцца, бо з будучага тыдня і вам і мне прадбачыцца нешта нязвыклае і нас будуць чакаць не вельмі прыстойныя і прыемныя дні, — зірнуў на нас, пасля — на князя. — А гэтыя хай едуць, выберуцца. Я мяркую, няма чаго цаніць крышталёвы кубак, калі ён даў моцную трэшчыну ў дне. Дый не да сасудаў вам будзе.
* Мілі падольскія альбо ўкраінскія, у два разы даўжэйшыя за польскія, а чым бліжэй да Турцыі, тым большая міля.
— А я і не збіраюся яго склейваць. Хай едуць.
— Княжа, — ціхенька шапянуў Лоўчы. — А завадныя коні, зменныя з грузам. Няўжо аддамо? Іх бы…
— Хай забіраюць свае анучы, — кажа чуйны Станкевіч.
— Дык там жа…
— Змоўч, — шыпіць князь і моўчкі выцінае калючай шпорай лоўчага па назе. Цяпер шыпіць той. З болю.
— Аконьвайцеся, чэрці, — бурчыць князь Вітаўт. — Я ўжо аконіўся.
Пагоня ўзвіваецца ў сёдлы, пачынае знікаць між Дрэў, рассейвацца між ім, знікаць. Меркнуць агні паходняў. Зніклі.
Галава жанчыны падае мне на грудзі.
— Божа, вечнай будзе слава твая, — кабета плача. — З пячы вогненнай, з пашчы львінай уратаваў ты нас.
— Ну, Ганна… Ну, Сташка… Ну, Гардзіслава, — я гладжу яе валасы. — Цяпер усё, цяпер усё будзе добра…
Але думкі мае не тут. Я думаю. Станкевіч адпусціў збеглую жонку князя. Ясна, не тыя часы, калі за пралюбадзейства каралі смерцю, хаця й такое сям-там яшчэ здараецца. І ўсім вядомая яго «сімпатыя» да князя Альшанскага. Ну і яшчэ: не ведаў, што пад плашчом я, Валюжыніч. А можа, ведаў? Шмат казалі пра яго, Станкевічаву, «любоў» да ўчынкаў караля Цыкмуна, хаця суддзя і памоўкваў. Ведаў. Напэўна ведаў. Таму і адпусціў. Не ведаў толькі, што ва ўюках на спінах завадных коней. Каб ведаў — сухімі не выйшлі б.
Я цяпер што? Цяпер напэўна ўратаваныя. Шэсць польскіх міляў, дванаццаць нашых. У цемры начнога лесу гэта гадзіны чатыры туды (без святла), ды праводзіны на шлях да замка, ды каб уздумалі ізноў ганіціся — яшчэ тры з гакам — чатыры гадзіны. Першыя тры гадзіны мы можам заблытваць сляды, яшчэ пяць гадзін чуйдух скакаць прэч з ягоных земляў. А там панясе нас рака ў адвечна вольны наш Нёман. Уратаваліся.
Дык адкуль такое балючае, такое трывожнае адчуванне таго, што чакае нейкая немінучая, неакрэсленая пагроза, нейкая няўхільная бяда. Можа, варта было б вярнуцца і аддацца пад абарону суддзі, пад шчыт яго імя? Не, тады, можа, і засталіся б жывыя, але грошы тых, што ўзбунтаваліся, зброя, якую абяцалі тыя грошы, — нічога б гэтага не было. Памры, але аддай тым, каму яны меч, і жыццё, і магчымасць біцца.
— Скачам. Чуйдух. Гардзіслава!
Коні крыху адпачылі, і цяпер не трэба заганяць іх. Галіны хвошчуць па тварах, пушча гусцейшая і гусцейшая. І ў гэтым адна з надзей, хаця страшнае і падсвядома — невыразнае — чакае.
…Цела на ўвесь свет. Ідуць па гульбішчы дама з чорным манахам.
Ясна… Ясна… Я вар'яцею, вар'яцею… І не трапячу, як казаў нехта:
Перад тварам кахання,
Перад тварам вар'яцтва,
Перад тварам смерці самой.
…Ох, як баліць галава. Мае дзверы адчынены, і дзверы ў вартоўню Мультана адчынены, а за імі шэрая туманная раніца, мірыяды амаль нябачных кропелек вады, якія часам сутыкаюцца з нячутным звонам і звісаюць на жэрдках паркана, асядаюць на траве, заблытваюцца ў павуцінні і робяць яго вясёлкавым, калі ўзыдзе нясмелае сонца.
— І што гэта такое? — бурчыць з вартоўні Мультан. — Стагнаў усю ноч, гаварыў нешта ў сне, нават зубамі скрыгатаў. Находзяцца вось так па сонцы цэлы дзень без шапкі, галаву напячэ, не ў час ядуць, накурацца, насмокчуцца гэтай суслы, вып'юць яшчэ гадасці нейкай.
— Я не піў.
— Ды я не супраць, каб піў. Я супраць, калі без мяне. Дык ідзі спаласніся, ды вяртайся бульбу смажаную есці, ды ступай па сваіх справах.
…На рэчцы лёгкі туманец сцяліўся, крыху адарваўшыся ад вады. Запаўзаў пасмамі ў лазу і знікаў там. Я бабухнуўся ў яшчэ прахалодную ваду, вынырнуў і ўбачыў на процілеглым беразе Сташку. Відаць, ужо выкупалася, але ўсё адно стаяла з ручніком на плячы, сумная, стомленая і нібыта заспаная. І боль мой стаў лягчэй, бо цяпер балела не галава. І адчуваў я самае банальнае, ледзь не да слёз, замілаванне і самае банальнае пачуццё ў свеце. Каханне.
І я зразумеў, што, вядома, буду маўчаць. І зразумеў адначасова, што на свеце нішто ўжо не здолее выдзерці гэта, вялікае, з маіх грудзей. Ніхто не дапаможа, ніхто не пазбавіць мяне ні ад яго, ні ад безнадзейнасці.
Што мне заставалася рабіць. Перакінуцца парай нейкіх пустых словаў, а потым ляпнуць ні з пушчы ні з поля:
— Давайце сёння ў клуб сходзім. Кіно, кажуць, новае.
— Давайце, — згадзілася яна.
І гэта звычайная згода, якая ні да чаго не абавязвала, пасяліла ўва мне такую беспрычынную радасць, што я не заўважыў ні Альшанскага, які пра нешта размаўляў з Лапатухам, ні Высоцкага, які перастрэў мяне ля самай плябаніі і працягнуў белы квадрацік складзенай тэлеграмы:
— Вось, на пошце быў. Чаго, думаю, чалавеку дарэмна ў Альшаны швэндацца?
— Дзякую вам, Ігнась Якаўлевіч.
Ён пайшоў. А я некалькі разоў перачытваў надрукаванае, не ловячы аніякага сэнсу, аж пакуль не засяродзіўся. Тэлеграма была ад Шчукі: «Выязджай. Знайшоў шмат цікавага, знайшоў чалавека, які шмат ведае пра тую адправу ў трыццаць дзевятым. Андрэй».
Божа мой! Якое гэта ўсё было глупства ў параўнанні з тым, што перапаўняла мяне!
Клуб, куды мы пайшлі вечарам, быў з тых клубаў, якія яны і дасюль бываюць у былых асобных калгасах, а цяперашніх «брыгадах», «прыгарадах» цэнтральнай сядзібы. Там ледзь не паўсюль панастроілі ўжо новых, двух-, а то трохпавярховых будынкаў з глядзельнай залай, бібліятэкай-чытальняй, пакоямі для рэпетыцый і чорт яго ведае яшчэ з чым. А ў такіх, «прысёлках», у чаканні лепшых часоў і лішніх грошай так і засталіся звычайныя, хіба што толькі па нейкай прычыне больш прасторныя хаты, у якіх раскашней.