Выбрать главу

У Альшанцы такім «клубам» быў стары дом свяшчэнніка, крыху ў баку ад вёскі, на ўзгорку, побач з руінамі царквы, разбуранай у вайну прамым пападаннем бомбы. Досыць вялікая зала з будкай кінамеханіка і некалькімі міні-пакойчыкамі для грыміравання і рознага рэквізіту за сцэнай, на якую ў выпадку кінасеанса вешалі экран. І яшчэ пакой, крыху меншы, які служыў узімку і ў дождж фае і танцавальнай залай. Летняя танцпляцоўка была пад вялікімі папоўскімі ліпамі, на пустым пляцы, ля якога сям-там яшчэ дажывалі свой век каравыя і замшэлыя, даўно ўжо не пладзюшчыя ад старасці яблыні.

Сюды нават электрычнасці не ўдасужыліся правесці, у чаканні ці новага філіяла-будынка, ці яшчэ чагосьці, і калі на ўзгорку пад вечар пачынаў тахкаць рухавічок — усім без усялякіх аб'яў было ясна, што ў клубе кіно, спектакль або танцы. Бо чуваць яго ў вячэрнім пацішэлым паветры было далёка, у самых ускраінных хатах.

Шчыра кажучы, я не памятаю, ні які фільм ішоў, ні хто з публікі прысутнічаў. Адмеціла толькі чамусьці вока Генку Седуна ды сіямскіх блізнят, Шаблыку са Змагіцелем.

Нехта бегаў па экране, гучалі стрэлы з пацалункамі і слязамі ў антрактах. Я, шчыра кажучы, і не глядзеў туды, а скоса глядзеў на танюткі ў паўзмроку профіль Сташкі і бласлаўляў бога, што наперадзе сядзеў нейкі бамбіза і я «вымушаны» быў, «каб нешта бачыць», хіліцца ў бок Сташкі, дакранаючыся рукою яе рукі і, часам, датыкаючыся плячом яе пляча, хаця, вядома, з тым самым поспехам мог бы хіліцца да суседкі злева.

Божа, якое гэта было шчасце, просты, нібы ненаўмысны, на імгненне, дотык. І божа, як я, вопытны і відалы чалавек, нагадваў зараз сабе самому таго натхнёнага, нясмелага і захопленага шчанюка, якім я быў даўно-даўно, калі гэтая, побач, была яшчэ дзіцем.

І таму я не мог быць іншым. Таму мудрая натура так і распарадзілася.

…Скончылася кіно. Моладзь засталася на танцы, сталыя, паглядзеўшы крыху, пайшлі бітай дарогай.

— Застанемся? — спытаў я яе.

Яна адмоўна пахітала галавою і павярнула мяне на сцежку, што вяла нацянькі, спачатку ўзгоркам, пасля маладымі зарасцямі ліпы, дубнячку і бяроз, пасля між вербаў, перавітых ліянамі ажыны, пасля ў нізінку-вымачыну, такую сабе дыхаючую на ладан паляну-балотца, а потым, праз невысокую граду, адразу да касцёла замка і Белай Гары.

Мы маўчалі. Я быў упэўнены, яна таксама думае пра тое, што ўзнікае паміж намі і што гэтаму нельга даваць волю.

Зацёхкаў салавей у зарасцях, спачатку «пёк» сала, а пасля аж захлынаўся ад смакоцця і асалоды «тць-а, тць-а», прыцмокваў.

Яна парушыла маўчанне першая:

— Якія ў вас смешныя выпадкі жыцця звязаны з кіно?

— Ды вось… Ага, адзін прыйшоў у галаву. Як я адкрыў італьянскі неарэалізм. Адносіны да італьянскіх фільмаў у мяне пасля вайны былі… ну як да ўсіх, узятых «у якасці трафея пасля перамогі»… Можа, яны і не італьянскія былі, — я гаварыў гэта з палёгкай, бо вось урэшце знайшлі мы аб чым гаманіць, — але абавязкова тоўсты Джылі спявае нешта лакрычным голасам, ці графы з графінямі нешта там пакутуюць. Словам, перастаў я на іх хадзіць. І вось была ў мяне сустрэча важлівая якраз у час апошняй пары лекцый. А раз так, то я й дзвюма першымі вырашыў зманкіраваць. Дадому ісці — далёка і нязручна. Швэндаюся па вуліцах. Дай, думаю, у кіно схаджу. Афіша вісіць: «Усцін Малабазі». Ну, думаю, грузінскае нешта, накшталт «Георгі Саакадзе». Ну, на грузінскі можна схадзіць. Ды яшчэ калі гістарычны: у-га! Пайшоў! І тут надпіс на экране: «Італія». Ледзь не плюнуў ды прэч не пайшоў. А потым назва: «У сцен Малапагі». Адзін з першых неарэалістычных, якіх я, і насмяяўшыся і наплакаўшыся, слова нават гэтага яшчэ не ведаючы, пасля ніколі не прапускаў.

Яна звонка засмяялася, ціхім і ласкавым смехам.

— Так я і адкрыў… Стой! Стой, ані кроку!

Мы былі якраз у самай катлавінцы. Месяц ці ўжо зусім збіўся на сход, ці, ветахам на апошнім дыханні, узыходзіў пазней, і ў мокрай нізіне было амаль зусім цёмна.

Хіба ад слабых весніх зорак даходзіла нейкае падабенства святла. І ў гэтай цемрыве я хутчэй адчуў, чым убачыў, як аддзялілася ад стаўбура тоўстай чорнай вольхі не менш чорная постаць. Рушыла да нас.

— Хто гэта? — яг мага спакайней спытаў я.

Цень і надалей рухаўся моўчкі. Мала таго, справа ад цёмнай сцяны зарасцей аддзяліўся другі. Ісці далей было нельга. Я пакасіўся назад: яшчэ два цені адразалі нам паступова дарогу да клуба.

Кідацца ў зарасці таксама было нельга: балота, хай сабе і неглыбокае, хай па калена ці па пояс — не ўцячэш, голымі рукамі возьмуць. Калі толькі яны — а наўрад — збіраліся абысціся голымі рукамі.

Які ж я дурань. Як жа я мог страціць пільнасць? Не пайсці з людзьмі. Пайсці тут, ды яшчэ з дзяўчынай, ды яшчэ ведаючы пра ўвесь клубок таямніц, які звіўся ў гэтым гадзючым кубле.

Яны набліжаліся ў цяжкім свінцовым маўчанні. Зараз кінуцца адразу чатырох, і тут ужо нішто не дапаможа.

«Усё. Гэта канец».

І тут адзін з іх, той, што ззаду і злева, дапусціў нязначную памылку: кінуўся на некалькі імгненняў раней. Я зрабіў невялічкі скачок убок і рабрынай далоні секануў яго па тым месцы, дзе павінен быў знаходзіцца адамаў яблык.

— Хлып! — пачулася ў цемрыве, і я зразумеў, што трапіў.

І, адначасова, нібы сіла нейкая мною вадзіла, упаў як мага бліжэй да ног таго, другога, правага, які адразаў сцежку да клуба, і, імкліва перакаціўшыся некалькі разоў з боку на бок, лежачы яшчэ спінаю да ворага, які нагінаўся нада мною, сагнуў ногі і з сілаю выпрастаў іх, нібы стрэліў, проста таму ў прычыннае, або, як кажуць расейцы, «неудобь сказуемое», месца. Той выдыхнуў разам з паветрам прыдушаны енк, а я ўжо быў на нагах. Той склаўся ўдвая, а я ўжо схапіў Сташку за руку і штурхнуў яе на вольную ў гэта імгненне сцежку:

— Сташка! Бяжы! Бяжы, калі ласка.

Яна адбеглася на некалькі крокаў:

— Не! Не!

— Бяжы, так тваю!

Гэта яе маруджанне каштавала мне таго, што трэці з нападнікаў паспеў адрэзаць мне дарогу да ўцёкаў, за Сташкай. А я скарыстаўся б ёю без фальшывага сораму. Такі няроўны напад — гэта ўжо занадта.