Выбрать главу

— Та-ак, то на самай справе вялікая страта, — нечакана ўмяшаўся шафёр. — Такі хлопец, як ён, — гэта ж прыкраса міліцыі.

Астатнія прамаўчалі.

Машына кранула з месца і хутка знікла за павароткаю дарогі. Я ішоў да сябе, і мяне калаціла. Усе гэтыя дні я быў на грані нервовага вычарпання.

РАЗДЗЕЛ V У ЯКІМ Я АМАЛЬ СКЛАДВАЮ ЛАПЫ, ПАДВОДЖУ ВЫНІКІ ПАРАЖЭННЯ, АЛЕ СВОЕЧАСОВА ЎСПАМІНАЮ ПРА ПЭЎНУЮ АПТЫМІСТЫЧНУЮ ЖАБКУ

Не падумайце толькі, што ўсе гэтыя дні я адно займаўся паездкамі дадому, у Кладна, туды-сюды, што я захапляўся выключна аналізам людскіх характараў і адносін (хаця гэта і забірала пэўны час), самааналізам, самакапаннем і іншымі малапаважанымі «сама»…

Асноўнае — гэта было ўсё ж пошукі ў трэцяй вежы. І аднаму богу толькі вядома, колькі кошыкаў друзу і пылу мы вывалаклі адтуль праз пралом, колькі вынеслі насілак бітага каменю і ўсяго такога. Сам я прыдбаў такія мазалі на руках, якіх не меў з юнацтва, два Іванавічы таксама працавалі ад душы, ды прычым нічога не хацелі браць, акрамя рэдкіх (і ўзаемных) пачастункаў. І яшчэ я адбіў у археолагаў шасцёх вучняў старэйшых класаў (былі, дзякуй богу, канікулы), за што мяне клялі нават дзяўчаты, не кажучы пра Генку Седуна. Урэшце і яны часам прыходзілі памагчы.

Зямлі за тры з паловаю стагоддзі з гакам нарасло ўдосталь. Замак, як кожная старая будыніна, «рос у зямлю», але з дня на дзень мы павінны былі ўжо дабрацца да «мацерыка».

Ну што яшчэ? Перасталі з'яўляцца «дама з манахам». Прынамсі, як бы позна ні вяртаўся я ў сваю «плябанію», мне ні разу не давялося ўбачыць іх. Але я ані на крок не пасунуўся наперад. Праўдзівей кажучы, я пасунуўся і нават шмат новага зведаў, толькі не ведаў, што з гэтага новага сапраўды важлівае і набліжае мяне да мэты і адгадкі, а што не. А між тым час ішоў, і маладзік адзначыў канец траўня, і вось павінен быў прыйсці і прынесці новую поўню чэрвень.

Адно было кепска: начныя кашмары пачалі паўтарацца з зайздроснай рэгулярнасцю, усё часцей і часцей. І асабліва моцны здарыўся са мною ў ноч майго вяртання з Кладна. Пэўна, размова з пракуратарам, спрэчка з Клепчам, няўдачы апошніх дзён усхвалявалі мяне да таго, што я сапраўды вычарпаўся, што я балансаваў на краі. Я, відаць, і сапраўды быў падрыхтаваны да пачэснага месца сярод іншых такіх у «загарадным доме» Лыганоўскага або проста быў гатовы сарвацца ўніз, у бездань.

Дзед Мультан, можна меркаваць, быў у адным з начных абходаў. Я выпіў шклянку халоднай гарбаты, выкурыў на сон цыгарэту і заваліўся спаць. І амаль адразу заснуў дзіўным сном: не разбярэш, у сне гэта адбываецца з табою ці наяве.

…У партрэтаў і ікон на сценцы і на падлозе ля яе раптам аджылі вочы і пачалі ў нейкім непаразуменні паглядаць туды і сюды, круціцца, вырачвацца на мяне. І вусны крывіліся ўсё мацней.

І я, як яны, пачуў бязгучнае набліжэнне чагосьці нядобрага.

Здалёк яшчэ, праз дзверы, якія раптам ціха адчыніліся, я ўбачыў, як нехта няўлоўным ценем, без аніводнага шолаху, набліжаецца да вартоўні.

Бліжэй, бліжэй. І раптам партрэты ўсе скасілі вочы ў бок дзвярэй. І ў вачах быў несамавіты жах.

Нешта, якое блізілася, матэрыялізавалася на парозе і ўступіла ў пакой. Кшталт гэтага нечага ўвогуле быў чалавечы. Толькі шыі не было. Патыліца з усіх бакоў спадзіста пераходзіла ў апрафігіяльныя канцы ключыц, у плечы. І вачэй не было, і рота. Проста футра на гэтым месцы ішла невялікімі паглыбленнямі. Таму што істота была ад патыліцы да ступакоў пакрытая белай і тоўстай, як лішайнік, даўжынёю сантыметраў у сем поўсцю.

Ён набліжаўся ў нерухомым паветры, і партрэты вадзілі поўнымі жаху вачыма з яго на мяне.

…І тут я нібыта разарваў нябачныя ланцугі на руках і нагах, скочыў, нейкім дзівам мінуў яго і кінуўся ў дзверы. Ногі не хацелі бегчы, і тады я пачаў рабіць скачкі. Так, як гэта заўсёды бывае ў сне, калі не можаш уцячы ад пагоні.

…Конь перада мною. І я ўзвіўся на яго, не абапершыся ні нагою на стрэмя, ні рукамі на карак.

Дзіва здарылася, ці што? Але не было ўжо замка, касцёла, плябаніі. Была тая паляна, на якой вымушаны быў адпусціць нас Вітаўт Альшанскі і Сташка, ды не, Ганна, побач, і заблытванне слядоў і падсвядомае адчуванне намі наперадзе чагосьці нядобрага.

Такое балючае, такое трывожнае адчуванне нейкай немінучай, няўхільнай, неакрэсленай бяды.

Коні імкнуць шалёна. Забіцца да смерці, але не збочыць. Вось-вось ужо будзе рака, і чаўны, і шлях да Нёмана, а там — да свабоды.

Вось і чаўны. Але нешта занадта многа чаўноў.

Не тыя чаўны.

І, адгароджваючы нас ад чаўноў, ад срэбнай лускі на вадзе, выцягнуўся роўнай лініяй конны аршак. Другі конны аршак.

Дасланы вадою перасячы нам шлях. Адразу дасланы вадою, без патрэбы блукаць у нетрах і блытаць сляды.

Цьмяна адсвечваюць у промнях месяца сталёвыя і пасрэбленыя латы. Узнятыя забралы і твары ўсіх у ценю і таму здаюцца сляпымі або снулымі. Звісаюць з шаломаў сутаны, валасяныя, грывамі, і з пер'яў. Выразныя павады адпушчаны. І ртутны бляск на наканечніках доўгіх дзідаў, на шаблях, на буздыганах і баявых кляўцах.

Цяпер ужо не ўцячэш. Набліжаецца вершны ланцуг.

— Ну вось. Лёс не быў літасцівы да нас.

…І тут жа нейкая камяніца, і туды кідаюць рознага памеру цюкі, мяхі, скрынкі. Яны слізгаюць некуды ўніз, як кіль па прасаленым жолабе, калі карабель ці ладдзю спускаюць на ваду. І ноч. Крыху цямнейшая, бо месяц вось-вось зойдзе. А вакол нас з Гардзіславаю дзесятак воінаў і Вітаўт Альшанскі на вараным кані.

— Ну вось, паны рада, — звяртаецца ён да воінаў, — вось паны райцы. Абыдземся без ражэння, без суддзі і падсудка*, без проўста**, без падскарбія, каб той вернуты скарб лічыць. Урэшце няхай паляжыць з імі, пакуль тут з праверкай, гэты Груган, крук гэты Станкевіч будзе тырчэць.

* Чыноўнік або пісар земскага павятовага суда. ** Ксёндз.

Ён паказвае воінам на нас:

— Саўлачыце з іх рызы*.

* У той час не толькі «рызы», але і «адзенне».

Адзенне падае да нашых ног, у траву.

— Што, умёт*. Сустрэліся-такі ўсё ж. Нічога, абаронца ваш спіць. Ой, моцна соннае віно. А вас? Вас я такім напаю, што ў свой час давеку заснеце. Зладзеі.