Выбрать главу

— Правільна. Нехта са славутых казаў, што ведаў у ягонай кніжнай шафе болей, чым у ім самім. Але ён з гэтай прычыны не плача. Бо ён не шафа, ён — фізік… Я таксама забыў шмат чаго са школьнай прамудрасці, але калі ўжо звярнулі на забытую геаметрыю, то мае перасякальныя лініі перасякаюцца за межамі ўяўнай плоскасці, за межамі явы, у сне.

— Ну і што вы зараз думаеце аб гэтым?

— Анічога.

Усё яшчэ досыць маладая, сакаўная і зялёная лістота спляталася над дарожкай. І крочыла па гэтай дарожцы тое, што я згубіў назаўсёды не толькі ў кашмарным сне.

— А ведаеце, — раптам узгарэлася яна, — яно б і адпавядала ўсім дадзеным, ваша соннае «вырашэнне». Сапраўды, не дакрануўся Альшанскі да зноў адбітых скарбаў, сапраўды, сам пальцам не крануў спайманых. І ён іх не забіваў, проста даў ім самім памерці. І кляцьба на Евангеллі была праўдай, хаця і казуістычнай. З вадою чалавек можа пражыць без ежы, ну…

— Два тыдні, не болей.

— Чаму? Унь адна мая знаёмая на лекавальным галаданні трыццаць дзён вытрымала.

— На лекавальным. Пад наглядам лекараў, а не ў цямніцы. Бо патрэбная не толькі вада, але і свежае паветра, і рух, і, прабачце, рэгулярныя прамыванні. Іначай арганізм атручваецца прадуктамі свайго ж распаду.

— Ну, прынамсі, маглі яшчэ жыць.

— Такая клятва ды яшчэ на Евангеллі не толькі для сярэдневяковага чалавека, яна і для сучаснага… гэта ўжо зусім без сумлення трэба быць. Нават не зверам, а нейкай выкапнёвай бязмозглай рэптыліяй. Ды пра такіх летапісы беларускія казалі, хай сабе і непрыстойна, «зусім бяссовісны, за шэлег у божым храме трахне».

— Ого, распусцілі язык. Усё ж жанчына перад вамі.

— Прабачце. Але я зараз менш за ўсё думаў пра гэта. Я і жыву ўвесь апошні час у нейкім іншым вымярэнні.

— Ну і што вы збіраецеся рабіць? — спытала яна.

— Не ведаю. Мабыць, адмоўлюся. Бо гэта страшна, гэтыя подступы да чагосьці невыказальнага, нібы тагасветнага… Не хачу. Псіхіка даражэйшая. Яна ў мяне адна. Занюханая, ды мая.

— Не, — задумліва сказала яна, — я на парозе разгадкі не кінула б. Хай бы мяне хоць клешчамі рвалі. Пара, можа, нейкіх кубаметраў грунту аддзяляе, а ён кіне. І, галоўнае, — я ж ведаю, — нават не паспрабавалі сістэматызаваць усё, што вам вядома. Баязлівы вы чалавек і непаслядоўны. Ды гары яна ясным гарам, псіхіка. Нашто яна дадзена чалавеку, як не на тое, каб яе паліць у выпадку патрэбы?

Мы ўжо дайшлі да шашы, амаль да прыпынку аўтобуса. Яна ішла надзьмутая і страшэнна незадаволеная. І раптам сказала:

— Слухайце, ну яшчэ пару дзён. Вось вы сёння паспрабуйце падсумаваць, падагульніць, падвесці вынікі, сістэматызаваць усё, што ведаеце вы і людзі. Або толькі здагадваецеся. А заўтра… ну і яшчэ паслязаўтра, апошні дзень, мы з вамі двох будзем капаць (так ужо і быць, дам сваім адгулы). Не будзе нічога — што ж… Ды не, павінна быць. Шукаеш — знойдзеш. «Талцыце, і адверзнецца». Урэшце вы не павінны забываць пра Мар'яна.

Гэтага яна магла і не казаць. Устрымацца. Не люблю людзей, якія б'юць пад дыхала. Але жанчыны… жанчыны, калі яны не проста балбатухі або «коцікі» з дурнымі глядзелкамі і млявай, і пусценькай, няспелай і проста абрыдлівай крыклівай прыгажосцю. Па такіх прападаюць мужыкі з дурных і абіраюць іх, скажам, «міс Іспанія», «міс Амерыка» ці нават «міс Свет», а яны раптам сярод самай сур'ёзнай размовы з людзьмі, аніяк не схільнымі да какецтва, раптам возьмуць ды ляпнуць: «Ваня, а мы пойдзем з табой на «Анжэліку, маркізу анёлаў»? — «Не». — «А на «Яе апошняе танга»? Або цяпне ў разгары вясны, ды яшчэ агрэсіўна: «А я хурмы хачу». Або «капусты, квашанай качанамі». З узростам гэта, праўда, часам праходзіць. А як не, то застанецца толькі здзіўляцца, як учарашняя «міс Захлюпонія», згубіўшы апошняе апраўданне для сваёй дурасці, прыгажосць, раптам ляпне ў кампаніі эрудытаў, паказваючы ім «Пакуты Хрыстовы» ў Кладзенскім касцёле: «Вось тут, бачыце, Ісус стаіць перад Понціем, а тут перад Пілатам».

Урэшце, можа, гэта я проста пачынаю старэць. І Сташка не тая. А нават калі была б тая, я нічога такога не сказаў бы пры ёй. Няма большых двурушнікаў і згоднікаў, чым аслепленыя пачуццём мужчыны.

— Добра, — сказаў я, — урэшце два-тры дні анічога не зменяць.

Да прыпынку якраз падышоў вялізны «Ікарус» з Кладна, і з яго павалілі «нашчадкі», што прыехалі ў госці і па каўбасы да «продкаў», і дачнікі, досыць такі непераносная ў масе парода людзей. Асабліва ў дзень, які афарбаваны ў цябе іпахондрыяй.

Ішлі свежаўрбанізаваныя з валізкамі, часам нават дыхтавымі, і даўно ўрбанізаваныя з рукзакамі і сеткамі. Ішлі на апошнім дыханні, як вярблюд, адолеўшы Каракумы, дачныя мужы. І крочылі дачныя жоны ў невядома на якога чорта зробленых прычосках. Ішоў легкадумны адзінец, закідаючы на іх позіркам, і ішла мнагадзетная сям'я, што знемагала пад цяжарам сваіх клопатаў. Дый не толькі сваіх, але і чужых, бо дзяўчынка год сямі настойліва прасілася па вялікай патрэбе, а хлопчык год чатырох ішоў побач і, што горш за ўсё, ні аб чым ужо не прасіў.

— Хрэсны ход у старым мястэчку Кладзенскай губерні, — прагучаў раптам голас Хілінскага. — Процьма разявак. — І тонам клапатлівай квактухі: — Ванечка, перастань пукаць и смотри лучше, какие хоругви несут.

Убачыў, што я не адзін, заліўся чырванню і — о дзіва! — удаўся ў тлумачэнні:

— Прабачце… Але я шмат год вымушаны быў стрымлівацца і даў сабе слова, што калі будзе можна — дам сабе волю, рэкорд пастаўлю па нястрыманасці на язык.

— Нічога, — Сташка, як ні дзіўна, весела пасмейвалася, разглядаючы майго «англічаніна».

Да нас набліжаўся ўсмешлівы Адам з рукзаком і вудамі ў чахле, і — зноў дзіва! — поруч з ім Хасэ-Інэзілья Лыганоўскі, таксама з вудамі і з чамаданчыкам.

— А я не верыў, — сказаў я. — Сапраўды, нешта вялікае ў лесе здохла.

— Чаму? — сказаў псіхіятр. — Што я, не маю права пабіць лынды дзень-другі? А вось вы чаго тут аціраецеся?

— Ацірацца гэта, уласна кажучы, мая прафесія, — сказаў я. — І што я, не магу сустрэць папаўненне з такіх, як я, дзелавых гультаёў?

Пасля таго як усе перазнаёміліся, мы пайшлі поўнай хадою назад у сваю гавань. Ішлі ў добрым, зацененым лістотай сонцы пачатку чэрвеня, гаманілі аб розных глупствах.