Выбрать главу

Па форме — падоўжаны эліпсоід вярчэння (усярэдзіне яго мы і знаходзіліся) з усечаным ніжнім канцом. Ну, а прасцей — яйка, якое аблупілі, зрэзалі адзін канец і на гэты канец паставілі. Метраў чатырнаццаць у акружнасці, метры тры з паловаю — у вышыню.

Толькі ў адным месцы (метра паўтара над зямлёй) нейкая цёмная пляма памерам са сшытак. Атвор? Проста так не разгледзіш. Падставіць бы нешта. А што? Спіну Сташкі? Яшчэ чаго не хапала, каб трымала на спіне мой «ледзь не цэнтнер». Падставіць ёй сваю спіну? Яшчэ лепей. «А я ў гэтага доктара на спіне стаяла ды прыскоквала». Урэшце глупства. Падстаўлю, як трэба.

І унь, вышэй, амаль пад скляпеннем, яшчэ адна пляма.

Ясна, рабіць тут няма чаго.

— Ну што ж, — сказаў я, — ставайце мне на спіну, вось вам свечка. Зірніце, што там за такое цямнее, і вэк адсюль. Як бачыце, мы памыляліся. Праўдзівей, я памыляўся.

Расчараванне на яе абліччы было такое, што шкада глядзець.

— Можа, абстукаць падлогу? Муры.

— Дарэмна. Відаць адразу. Будоўля-векаўшчына.

Я стараўся не глядзець у яе бок. І вельмі шкада. Мог бы глядзець і не глядзець, бо ўсё ўжо было ўсё роўна.

Я пачуў нейкі шолах зверху. Пасля з гары праз люк папоўз, звіваючыся, як пітон, тоўсты, шэры, нейкі абрыдліва жывы струмень друзу, атынкоўкі і пяску.

— Плыве! — гаркнуў я і кінуўся да сходаў, цягнучы за сабою Сташку.

У гэты момант уверсе нешта тупа і цяжка гакнула, скалануўшы муры і прыкрыўшы амаль усё дзённае святло, што сяк-так тачылася ў люк.

Нібы ў адказ на гэта, струменьчык бітай цэглы, пяску, друзу, нейкіх трэсак ператварыўся ў струмяніска таўшчынёю ў стаўбур сярэдняй велічыні дрэва.

Я быў ужо ў ім, але сходы ператварыліся ў суцэльны шуметнік, у якім не маглі знайсці апоры ногі. Мне запарушыла аблічча, рукавы былі поўныя пяску.

Зноў цяжка гупнула. Застаўся толькі вузкі, як лязо, праменьчык святла, і ў гэтым святле я заўважыў, як слізнула па паверхні пылавой плыні шкло, досыць вялікі кавалак. Добра, што не ў галаву.

А пасля ахнула нешта ўбаку і праменьчык знік, і, нібы ў адказ на гэтае старонняе страсенне, ад якога здрыганулася, здаецца, сама зямля, нешта зноў, у трэці раз, ляснула над галавой, подзьмухам паветра згасіўшы язычок агню.

— Што там?! — крыкнуў голас унізе.

— Абвал! Пліты рухнулі на лаз.

Я споўз уніз, па калені ў гэтай восыпі з рознага паскудства.

— Дзе вы там?

— Тут я.

— Ідзіце на голас… Я тут… Бліжэй… Бліжэй… Ага.

Мы сутыкнуліся. Пасля нашы рукі знайшлі адна адну.

— І нічога нельга зрабіць?

— Наўрад. Метр з чвэрцю на метр і на шэсцьдзесят сантыметраў… Гэта… гэта… калі я не памыляюся… кожная пліта ноль цэлых шэсць дзесятых куба. Удзельнай вагі граніту я не памятаю. Але паспрабуем уявіць сабе слуп метр на метр і вышынёю… А, напэўна-такі я памылюся. Але такой вагі мне не ўзяць. Чуеце?

Зверху пачуўся шоргат, лёгкае ракатанне, шолах.

— А гэта што?

— А гэта сплывае на пліты жвір. Які мы так легкаважна адкідалі «крыху ўбок»… І нават ніякага рычага. Хоць бы нейкі падважнік — можна было б паспрабаваць. Не.

— То што будзем рабіць? — спытаў ціхі голас.

— Пачакайце. Трэба запаліць свечку, каб аглядзецца. Без агню зусім каюк.

Я паляпаў сябе па кішэнях і адчуў ледзяны холад у пазваночніку.

— Ч-чорт! Халера на маю галаву!

— Чаго гэта вы?

— Запалкі засталіся наверсе. У пінжаку.

— Та-ак.

— Так. Вясёлая перспектыва.

— То што рабіць?

— Сядзець. Чакаць. І думаць.

— Над чым?

— Над тым, што кожная пліта ноль цэлых шэсць дзесятых куба. Калі больш дакладна, дык нават ноль цэлых шэсцьдзесят дзевяць сотых куба… Я ўспомніў, вага граніту ад трох да сямі тон куб. Залежна ад тугасці… «от плотности», як казаў наш маёр.

— Значыць?

— Памножце гэта на тры. То вось, нават у шчаслівым выпадку гэтая завала, гэтая бандура важыць шэсць тон. Мы не здолеем нават на таўшчыню воласа скрануць пліты з месца.

— Значыцца, нам могуць дапамагчы толькі звонку?

— Так. І патрэбна тэхніка. Ім будзе патрэбна тэхніка. Бо нам яна тут без патрэбы.

— Што ж, — сказала яна, — будзем глядзець праўдзе ў вочы. Дапамогі звонку таксама не будзе.

— Чаму? — І тут я здагадаўся.

— Мы пайшлі, калі і вашы і мае спалі. Ніхто не бачыў нас. Мы не папярэдзілі ні аб чым ні дзяцей, ні калег, ні вашых гаспадароў. Мала таго, мы навялі на непраўдзівы, фальшывы след нават Хілінскага з Лыганоўскім. Курганны могільнік невядома дзе, пятае, дзесятае. Нас можна шукаць у лесе, па ўсім раёне, абы не тут… І нават след на расе: «Узыдзе сонца — расу высушыць».

— І ўсё ж мне падазроны гэты завал. Пліты стаялі моцна. Я спрабаваў гайдануць. Не варухнулася ніводная.

— Што ж вы думаеце?

— Думаю, чарговая спроба пазбавіцца, чарговы замах на тых, хто шмат ведае.

— Што ж — чакаць… Вы казалі, без ежы…

— Я казаў, колькі дзён можа пражыць чалавек без ежы. Але я не казаў, колькі ён можа пражыць без вады. Вады ў нас няма. Нават капяжу са скляпення.

А сам падумаў: «Дні тры».

Рукі мае ўсё яшчэ шукалі ў кішэнях тое, чаго там не магло быць. Насавік, сцізорык, цыгарэты (без запалак), шарыкавы аловак. І раптам у самым краёчку правай кішэні, ледзь не напалову пад падкладкай намацалі нейкі тонкі і нават навобмацак уратавальны кшталт. Не хацелася спачатку верыць.

— Сташка, запалка!

— Ну і што? Запалка без пачка.

— Дурнічка, калі толькі…

Я ліхаманкава думаў, сціскаючы ў пальцах каштоўнасць, роўнай якой не было.

Можна, можна было здабыць агонь і без пачка. Як?

Ну, па-першае, сагнуць нагу і калі нагавіцы аблягуць, туга нацягнуцца, чыркнуць запалкай па кульшы.

Можна. Але я не ведаў, ці чыста суконныя мае порткі (тады — агонь!), ці з прымессю, хай нязначнай, нейкай сінтэтычнай дрэні.

Шурпаты мур? Але ці досыць дробназярністы і ці дастаткова сухі?

— Ага… Сташка, дзе твая рука? На, трымай. І крый цябе божа выраніць і згубіць.

— Што ты хочаш рабіць?

— Чакай.

Я ўспомніў праяву, якая слізганула па пыле, па струмені друзу ў апошнім праменьчыку святла, што прабівалася тады з атвора.

Кавалак шкла!

Я папоўз да абвалу, да шуметніка пад ім (дзякуй богу, што я не адышоў ад яго далёка) і, трапіўшы ў смецце, рукамі пачаў сантыметр за сантыметрам абмацваць яго, нават крыху перакопваць.