Выбрать главу

Справа была амаль безнадзейная. Шкло магло адкінуць далёка ўбок, засыпаць. Але я мацаў і мацаў у поўнай цемры так упарта, нібы гэта была апошняя наша надзея. Хаця што нам магло даць тое шкло? Магчыма, адну-адзіную няўдалую спробу. А што магло даць нам святло, нават калі б мы здабылі яго?

Але я шнарыў, мацаў, шныпарыў, ледзь не нюхаў гэтыя адкіды. І вось… вось… не, не яно… вось. Яно… яно, чорт мяне і ўсіх пабірай.

— Сташка.

— Я тут… Паўзі… Сюды… Сюды… Што ты знайшоў?

Я прыклаў шкло да шчакі — дзякуй богу, сухое. Ані кроплі вільгаці на ім, ляжала, відаць, у пяску.

— Давай запалку.

Я асцярожна вадзіў ёю па валасах, на шчасце, таксама сухіх. Сухія валасы лепшыя за самую лепшую прамакашку.

— Трымай свечку… Так. Тут трымай. І крый цябе божа нават дыхаць.

З сілаю прыціснуўшы пальцам галоўку, я моцна і хутка чыркануў ёю па шкле. Раз… Другі… Трэці…

Зашыпела.

І вось на кончыку запалкі расцвіла цудоўная, сіняя ўнізе, аранжавая вышэй і жоўтая на канцы, чарадзейна жывая кветка.

Успыхнуў фіціль свечкі.

Новымі вачыма глядзеў я на нашу турму, на перамежныя палосы каменю й цэглы, на конус смецця, які засыпаў сходы. Уторкнуў у гэтае смецце свечку і паклаў побач астатнія дзве.

— Хопіць ненадоўга, — сказаў я, — бо давядзецца прыпальваць адну ад другой.

— Мы не ведаем, — сказала яна, — ці можам мы сабе дазволіць нават такую раскошу? Ці хопіць у нас у гэтай пастцы паветра? А вы яшчэ закурылі, Антон.

— Таму і закурыў. Бачыце, дымок цягнецца да той цёмнай плямы ўнізе і да той, што вышэй. Тут ёсць цяга, ёсць паветра. Прынамсі, мы не задыхнемся. І я паспрабую зрабіць трут. Няхай сабе не з дравеснай губы. Няхай сабе нават з уласных портак.

Я глыбока зацягнуўся і даслаў чарговы струмень дыму. І зноў яго пацягнула да цёмнай плямы ў муры.

Атвор. І цяга. Моцная цяга.

— І ўсё ж, у чым справа, што ўсё гэта так нечакана абурылася? — задуменна сказала яна.

— А тут і не дакапаешся. Можа, той падбураны мур рухнуў і ўдар аддаўся сюды… А можа, і хутчэй за ўсё, нехта сачыў за намі. Нехта пастараўся нас тут замураваць. А разам з намі замураваць і сваё мінулае.

— Ды тут нічога няма. Якое мінулае? Дзе?

Я якраз канчаў абстукваць каменем падлогу.

— Так. Ніякага другога падзямелля пад гэтым няма. Значыць, мы не там шукалі. Значыць, трэба шукаць у другім месцы.

— ІЦукаць? Вы ж збіраліся кінуць?

— Дудкі, — сказаў я. — Цяпер ужо дудкі. Знайду.

— Вы спачатку выберыцеся адсюль.

— Выйду. Не ведаю як, але выберуся. Праз мур прайду, а буду там. У зямлю зарыюцца — і адтуль іх дастану. Разам і з мінулым, і з сучасным, і з будучыняй, якой у іх — я пастараюся ўжо — не будзе.

Гэтыя простыя словы як нешта раптам зварухнулі ўва мне. Гаварыў я іх болыш падсвядома, чым думаючы над іх сэнсам.

Чаму я быў упэўнены, што нас завалілі? Па-першае, страсенне ад нейкага там абвалу не магло зваліць пліты. Трэба было прыкласці да іх яшчэ і нейкае механічнае намаганне, каб яны абурыліся. Па-другое, жвір мы адкідалі ўсё ж досыць далёка. Не мог ён так лёгка пачаць сыпацца спачатку між пліт, а пасля на іх, хаваючы нас. Тут ясна што было? Тут было нешта накшталт разважання ў старажытным усходнім гімне, прыведзеным, здаецца, у кніжцы «Душа аднаго народа» нейкага англійскага афіцэра Фільдзінга. Кніжка расказвала пра Бірму, і было ёй каля ста год. Як яно было сказана?

Дзе іх сляды, дзе твае сляды?

Хто знойдзе іх і хто знойдзе цябе?

Так, здаецца, я чытаў гэта там. Сто супраць аднаго, што гэты «абвальшчык» і «сапраўднага» Фільдзінга не чытаў. Але разважаць ён павінен быў прыблізна так.

І што гэта так уразіла мяне ва ўласных словах, што я «дастану іх, хаця і ў зямлю зарыюцца. Разам з мінулым і сучасным»?

Падзеі, словы, факты, чуткі нібы толькі што былі жменяй рознакаляровых шкельцаў, а цяпер, быццам змешчаныя ў нейкі чароўны калейдаскоп, які стаў павольна паварочвацца, паступова пачалі складацца ў геаметрычны візэрунак, у якім былі і сіметрыя, і нават сякі-такі парадак.

Слядоў — я зноў прайшоўся па нашай турме — не было, акрамя маіх. На жаль, я не паглядзеў, спускаючыся, ці былі яны на прыступках. Калі былі — значыць, тыя, крыху спусціўшыся па сходах, самога сутарэння дакладна не разглядалі і маглі не заўважыць атвораў, праз якія прыходзіла да нас паветра.

Па іхняму разліку, мы не павінны былі памерці ад смагі на нейкі там трэці ці чацвёрты дзень. Мы павінны былі памертіі ад задухі праз нейкія пару гадзін. Яны не хацелі рызыкаваць. Некалькі дзён — гэта зашмат. Катастрофа, пару гадзін і ўдушэнне — вось гэта быў «вярняк».

Халодная ярасць ахапіла мяне. Гінуць праз нейкую свалоту? Н-не-е, гэта ўжо занадта. А калейдаскоп працаваў і працаваў, і шкельцы з ціхім ляскам займалі сваё месца.

Усе. Прынамсі, многія. Аж да слоў пра «страшныя яйкі», якія казалі над п'яным Вячоркам тыя, невядомыя. Мае, і Сташкі, і ўсіх нас ворагі.

Варта было зірнуць на яйкападобную форму сутарэння. А ці яно адно такое тут?

Так, калейдаскоп складаўся. Толькі хто? Хто будзе зараз ведаць з жывых, што ён склаўся ў маёй галаве ў нешта лагічнае, той калейдаскоп?

Ніхто.

Я ўзяў свечку і пайшоў да атвора. Язычок агню ўсё больш і больш адцягвала ў той бок. Значыць, паветра аднекуль і паступала. Можа, пліты не так ужо і шчыльна завалілі люк.

Адставіўшы руку са свечкай, я пачаў мацаць кладку. Так, у ёй сапраўды быў атвор з іржавымі крыжападобнымі кратамі.

— На, Сташка, — я падаў ёй свечку. — Трымай крыху ў баку ад цягі.

Вызваліўшы правую руку, я падскочыў, ухапіўся за краты і пачаў разгойдваць іх (ці, можа, гайдацца на іх?).

Глупства гэта ўсё было. Нават выламай я праржавелае жалеза, хто б пралез у дзірку памерам дваццаць на дваццаць пяць сантыметраў? Але я не здатны быў разважаць лагічна ні аб чым, акрамя майго «калейдаскопа». І я гайдаўся, гайдаўся, то падцягваўся да кратаў на руках, то адхіляўся, з сілаю распрамляючы сагнутыя ногі, якімі ўпіраўся ў мур.

Здалося мне ці не, але ў пэўны момант мне ўявілася, што краты і ніжні камень кладкі сапраўды крыху ходзяць, як хісткі зуб.