— Ну вось, — перапыніў Высоцкі. — Тут табе і канец. Мала мы вас, гадаў, перакоцалі.
— Брудныя вы падлы… На што спадзяецеся?
Пісталет рыўцом узняўся ўгору, пасля пачаў апускацца. І тут я адкінуўся назад і ўпаў за валун. Упаў на правы бок (крый божа, каб не на руку!), клубком, як трэба падаць з каня, адкаціўся далей ад каменя.
У момант падзення проста нада мною сцёбнуў, як тоўстым бізуном, стрэл. Я падымаўся ўжо, але падвяла, паехала па вільготнай траве правая нага, і я ледзь не торкнуўся ў дзірван носам, адначасова адчуўшы, як нешта апякло левы плячук вышэй ключыцы.
Ганчаронак-Боўбель кінуў-такі нож, і, каб я не асклізнуўся, не тыцнуўся, нож гэты зараз стырчэў бы ў мяне з-пад левай лапаткі.
Цяпер нож ляжаў на траве, і я падхапіў яго: усё ж нейкая зброя ў руках. Хаця што азначала тая зброя супраць пісталета?
…І тут успыхнула вакол з дзесятак кішэнных ліхтароў, і я, аслеплены, убачыў толькі, як з адхону ўскінулася ў паветра доўгае, чорнае ў гэтым святле цела і нібы злілося з постаццю Высоцкага, насела на яго. Адначасова з гэтым ляснуў другі стрэл, які не трапіў у мяне толькі таму, што «фурман», «возны», ці як там яго, упаў. І сабака ўжо прыціснуў яго да зямлі і трымаў у пашчы ягонае правае запясце.
У наступны момант яны пакаціліся па зямлі, і нічога ўжо не было разабраць. А я скочыў на Боўбеля. З нажом. Той прысеў, каб унікнуць удару, бо я ў гарачцы мог-такі паласнуць яго або ўсадзіць яму некуды нож па самую рукаятку.
Ён зручна ўнікнуў нажа і тым самым вельмі зручна падставіў падбароддзе якраз пад маё калена, якім я не замарудзіў і лупянуць яго з усёй сілы, так, што аж ляснулі зубы і ён закінуўся дагары, усёй спінай і патыліцай прыпячатаў матку-зямлю. І тут я насеў на яго, перахапіў правую руку з шыпастым кастэтам. Мне трэба было дарвацца да гэтай глоткі.
Трэці стрэл аднекуль. Куды? Я не ведаў гэтага, здатны дзерці, ірваць на кавалкі, грызці.
Калі мяне адцягнулі, крывавы туман усё яшчэ стаяў у мяне ў вачах. Я выскаляў зубы і хрыпеў. І толькі паступова праз гэты туман пачалі праступаць у святле ліхтароў абліччы. Перш за ўсё я ўбачыў Шчуку… Пасля невядомага міліцыянера, які толькі што надзеў на Высоцкага наручнікі. У Ігнася з правага перадрамення сплываў цурок крыві.
— Застрэліцца хацеў, — сказаў міліцыянер. — Здолеў-такі перакінуць тую цацку ў левую руку. Каб не стукнуў па ёй — тут бы яму і апошняе рыданне.
Цяпер я ўжо адрозніваў і Велінца, які ледзь адцягнуў Рама за ашыйнік, і яшчэ двух невядомых, якія закручвалі за спіну рукі ўсё яшчэ напаўпрытомнаму Боўбелю.
Плылі перада мной абліччы Змагіцеля… Дзеда Мультана з дубальтоўкай у руцэ… Шаблыкі… Вячоркі… Седуна… Сташкі.
Агні закруціліся ў маіх вачах. Зямля пайшла некуды ўбок.
Хілінскі (ён трымаў мяне справа) сціснуў мой локаць.
— Трымайся. Трымайся, браце. Нічога. Мінула ўсё.
А я рэшткамі прытомнасці, якая амаль знікала, падсвядома адчуваў, што не… не… яшчэ не ўсё. Нешта настойліва свідравала мозг, павінна было вось-вось усё праясніць, але бясследна знікала пры першай спробе спыніць, затрымаць яго, здагадацца. Апошніх шкельцаў так і не было ў гэтым калейдаскопе аблуднай хлусні і падступнай подласці.
Пад'ехала машына. Не ведаю, як яна завецца цяпер. А ў сярэдневяковай Беларусі воз, якім адвозілі затрыманых, называўся «кошыкам для салаты» або «для капусты».
«Вось так. Несучасны вы чалавек, таварыш Косміч. Несур'ёзны».
Арыштаваных павялі туды. Боўбель паспрабаваў было рэкнуць нешта накшталт: «Не я пачынаў. Гэта другія…»
— Расчараваны я ў табе, — пагардліва плюнуў Высоцкі і сказаў нахабна: — Ну вось, цяпер на пэўны час будзем гасцямі міністра ўнутраных спраў.
— Мабыць, і не толькі, — сказаў я.
Трэба было адпомсціць гэтай навалачы за «трубу архангела», і я вырашыў пусціць апошні пробны шар:
— Ад усёй душы спадзяюся, што гэта апошнія твае гасціны…
Ён не пашкадаваў сліны і сплюнуў таксама і ў мой бок.
— Апошнія, Ігнась Высоцкі… Ён жа Крыштоф за польскім часам… Ён жа Ўладак пры немцах… І хто яшчэ пасля вайны… Кулеш?
Высоцкі раптам ірвануўся ў мой бок з такою сілай, што міліцыянеры ледзь затрымалі яго. Твар у яго зрабіўся барвяна-сіні, жылы надзьмуліся на лобе. З глоткі вырываліся ўжо амаль не словы, а пагрознае і ўражанае, ашалелае хрыпенне. І выглядаў ён, як пакінуты і загублены назаўсёды ў свеце, дзе пануе бясконцы кашмар.
— Ты… Гад… Ты.
— Нічога, — сказаў я, — твой інсульт вылечаць. Каб ты ў трэці раз не вымкнуў кудысь. Каб хоць на трэці раз атрымаў тройчы заслужаную вышку.
Знік перакошаны твар. Калі машына ад'ехала, я сеў на траву і пачаў збіраць і складаць у купку нейкія галінкі і трэсачкі.
Сташка падышла да мяне і паклала далонь на маю галаву.
…Зноў гарэла вогнішча на Белай Гары. Бульба, што мы напяклі, была з'едзена, хаця й была апошняя, а не першая, асенняя.
Усё адно было смачна. Ды яшчэ з буйной кухоннай соллю.
І зоры над галавой. І сябры вакол. І вочы ўсіх глядзяць у адзін на ўсіх агонь.
— Проста паскудныя тварыны, — азваўся ўрэшце я, ужо амаль супакоены.
— Во, — сказаў Адам, — каб гэта Клепча чуў, ён бы адразу няўхільна і пранікнёна прамовіў: «Нешта я ані разу не чуў ад вас слоў «свядомы» і іншых».
— А ты паступай свядома, — у тон яму азваўся я, — а не плявузгай. А то свядома мянціць языком і без цябе шмат аматараў.
— А ён адразу да твайго дырэктара, — усміхнуўся Шчука. — І скажа, што не месца сябру Космічу ў дружных шэрагах навукі, бо ён дае іншым выспятка ў азадак.
— Хопіць, — мне ўжо самому стала моташна ад тэмы. — Закурым, ці што?
Хілінскі павучальным тонам сказаў:
— Хто не курыць і не п'е — той здаровенькі памрэ.
Я застыў з пачкам цыгарэт у руцэ. Зноў нешта нібы раптоўна стукнула ў маю свядомасць. Але што? Гэтага я так і не мог да канца зразумець. А тут і Адам сваім пытаннем досыць недарэчы парушыў маю сабранасць.
— Як ты дайшоў да сваіх вывадаў?
— Цьху. Зноў сканцэнтравацца не далі. Тут дзіўнае не тое, што я дайшоў, а што столькі рэчаў старонніх маю думку адцягвала ўбок, а я, нягледзячы ні на што, усё ж здагадаўся. Як вы кажаце, «дайшоў». Сапраўды, з чаго ўсё пачалося? Ага, здаецца, так.