Выбрать главу

— Аднойчы мне проста стукнула ў галаву… Ну, нібы раптам сумясцілася несумяшчальнае. Смерць, пакаранне смерцю двох братоў Высоцкага. Калі яны адбываліся? З чым супалі?

— Ну, прысуд Крыштофу Высоцкаму гэта, здаецца, канец жніўня, — сказаў Шаблыка. — Ці сярэдзіна.

— А што першага верасня адбылося?

Паэт з мордай каўбоя і такімі самымі манерамі ціха кінуў:

— Вайна.

— Ну вось. Маглі замарудзіць? Маглі.

— Мацыеўскі выехаў.

— І мог не даехаць. Або падумаць, што перад тварам вечнасці… адзін нейкі.

— Ясна, — сказала Сташка.

— Трубіць яму ўрачысты марш, — сказаў Сядун.

— Маршы — паскудства, — сказаў раптам Мультан. — Не люблю маршаў. Дрэнь. Што ваенны, што вясельныя. Усё адно бойка будзе. І невядома яшчэ, якая будзе страшнейшая. З ворагам ці з бабай. Так што мне нават дзіўна, з чаго гэта некаторыя (няўлоўны позірк у мой бок) самі ў мех лезуць.

— Ваісціну, — падтрымаў яго Вячорка. — Так ужо я кавалерам зайздрыў. Думаю, вось разумныя людзі.

— А далей? — спытаў Шчука.

— А калі быў арыштаваны і асуджаны Ўладак Высоцкі? Мы ведаем, першыя два гады ён недзе па-за Кладна. Пасля з'яўляецца. Служыць у пашпартным аддзеле ці як там. Гэты час супадае з тым, калі была разгромлена арганізацыя, у якую ўваходзіў наш цяперашні… Словам, Леанард Жыховіч. Яго не схапілі — лішні повад для дурнога майго падазрэння. А ён і асеў тут, каб сачыць за ўсімі, хто цікавіцца замкам. Пыталі ў яго?

— Так, кажа, што была размова з нейкім членам арганізацыі аб Альшанцы і гэтак далей. Той, здаецца, таксама не трапіў у гестапа. Але твар ягоны ксёндз памятаў невыразна, — сказаў Шчука.

— Дык калі быў пан Уладак арыштаваны і асуджаны?

— Шаснаццатага ліпеня, здаецца, — сказаў Шаблыка. — «Прысуд выканаць у дваццаць чатыры гадзіны».

— Нашы калі горад узялі?

— Васемнаццатага, — буркнуў Шчука. — Усё адно не супадае. Паспелі б яго пусціць у расход.

— Так, — сказаў я. — А што адбылося семнаццатага?

— Ах, чорт, — узвіўся Хілінскі. — Паўстанне ў горадзе. Вось пра гэта, Шчука, неяк ты і не падумаў. Цяпер ясна, чаму раптам выскачыў жывы, як чорт з табакеркі.

— Верна, паўстанне, — сказаў я. — Ноччу на семнаццатае. Перадчаснае паўстанне, бо нашы былі яшчэ на досыць дальніх пераходах. Ну так, крымінальныя пазбівалі замкі якраз у той час, калі паўстанцы выламалі турэмную браму. Ахова ўцякла. Так што горад быў наш. Палову ночы і палову дня. Усіх арыштаваных выпусцілі. Але тут паўстанне падавілі пагранічныя войскі, што адступалі, і паліцаі. Частку нашых абяззброілі і пасадзілі ў турму назад. І пачаліся спешныя расстрэлы. У адзін з іх трапіў наш Высоцкі. А калі не трапіў? Васемнаццатага нашы ўзялі горад.

— І што? — спытаў Вячорка.

— А тое, што, акрамя іншага, таго, аб чым я ім казаў і вам цяпер сказаў, я падумаў: а раптам Крыштоф, адзін раз уцёкшы ад смерці, мог і другі раз уцячы… І адразу пасля вызвалення зноў аджыла банда Куляша. Не ведаю, з кім ён там супрацоўнічаў, каго прадаваў, перад кім прыніжаўся… Але адно ясна. Аднаго забойства хлопца ў Замшанах хопіць, каб на тым чалавеку паставіць крыж. І ўжо не сумнявацца, што ён на кожнае, на самае страшнае злачынства здатны. Ну а як вы ішлі?

— Аб гэтым пасля, — сказаў Шчука. — Мы ішлі прыблізна той самай дарогай, што і ты. Але мы перш за ўсё шукалі. Ты — думаў. Ды яшчэ дапамог нам азартам, на які мы не маем права. Словам, знайшлі мы ўсё ж людзей. Знайшлі сведкаў.

— І што сказалі сведкі? — спытаў Мультан.

— А сведкі, — нявесела сказаў Шчука, — тыя, што засталіся, мала чым нас парадавалі. Цётка была з ім на апошнім спатканні. Усё ж гэта яна канчаткова штурхнула Крыштофа на ягоны шлях. Спатканне далі. У моры справядлівай нянавісці яна была таксама і адзіным чалавекам, які яму спачуваў… Не дапамагло яе спачуванне. Вайна. Агульнае замяшанне, збянтэжанасць. І ён у гэтым тлуме пакінуў турму. І след ягоны згубіўся ў натоўпе. Дзе ён быў, калі мы прыйшлі, — бог ведае. Можа, тады і склалася ядро яго будучай банды. А калі прыйшлі немцы, ён ужо дзейнічаў па лясах. І адначасова быў звязаны і з акупантамі. Таксама двайная бухгалтэрыя. Пра гібель падполля мы ўжо ведаем сёе-тое, а даведаюцца яшчэ больш. Перад прыходам нашых ён дзейнасць сваю часова прыпыніў. Займаўся гандлем на чорным рынку. І тут немцы з уласцівай ім педантычнасцю пачалі праглядаць турэмныя акты. І жандары трапілі на смяротны прысуд Крыштофу. Устанавіць яго тагачаснае імя ім было лягчэй лёгкага. І вось тут такое. Усе думалі, што ён загінуў у вулічнай экзекуцыі, як людзі падполля, як ахвяры аблаў. Шкадавалі. А ён на такую высокую смерць права не заслужыў. Дый не памёр, як бачыце. Ці сутыкнуліся на ім два ведамствы: тое, што патрабавала кары яшчэ па старым прысудзе, і тое, дзе ён працаваў асведаміцелем, — не ведаю. Гэта яшчэ выясніцца. Як выяснілі мы ўсё і наконт Боўбеля… Твая здагадка была верная і наконт яго, Косміч. Толькі што здагадка не факт.

— А сучасныя іхнія ўчынкі?

— Сучасныя — ужо факт. Ну, уставайце, хлопцы. Час.

Мы развіталіся з экспедыцыяй і пачалі спускацца з гарадзішча.

Маўчалі, дый не хацелася болей гаварыць пасля перажытага і перадуманага сёння.

— А ўсё ж без тваёй галавы ім цяжка давялося б, — сказаў Хілінскі, паклаўшы далонь мне на плячо. — Без расшыфроўкі таго тайнопісу.

— Без першай трывогі, якую падняў бедалага Мар'ян.

— Цяпер яны даведаюцца. Цяпер лягчэй.

Месяц, што пачаў ужо хіліцца, заліваў касцёл пранізлівым і бязмерна журботным святлом, рабіў чорны гмах замка менш грувасткім. Ён здаваўся ўжо ў гэтым святле і не такім чорным, а нібыта адліваў крыху ў блакітнае.

— Пройдзем праз замкавы двор, — нечакана сказаў я.

— Гэта нашто? — спытаў Мультан.

— А раптам дама з манахам…

— Ты што, у глупствы гэтыя верыш? — здзівіўся Шчука.

— Веру не веру, але праз гэта не здолею я паехаць адсюль зусім супакоены. Не можа быць, ведаю. Але ж я сам бачыў.

— Хадзем, — вельмі ціха сказаў Хілінскі. Я ведаў, што толькі ў яго не было скептычнага недаверу (як у Шчукі, Велінца і Шаблыкі), паэтычнай здатнасці верыць, якая больш за жаданне верыць у неверагоднае (як у Змагіцеля) і забабоннай веры Мультана і Вячоркі («Цалкам магчыма. Янку Целюку аднойчы патрызнілася, ды і я нешта такое бачыў»).