Шалёна кінуў позірк на мяне.
— Няма адплаты? Няма адплаты? Хадзем са мной. Пачакай, навалач.
Што гэта было за аблічча?! Аблічча старадаўніх прарокаў. Прыгожае застрашлівай і смертаноснай прыгажосцю, якая ўжо ні на што не пакідала спадзяванняў.
Ён зайшоў у невялічкі пярэдні пакой, уласна адгароджаны куток між унутранымі і вонкавымі дзвярыма Мультанавай вартоўні, і выйшаў адтуль з ломам, які перадаў мне. Сам ён па-ранейшаму трымаў у руках кірку і брудны лантух ці посцілку, скручаную ў нейкі бязладны, хаатычны спосаб.
— Вось. Мяркую, хопіць.
Зялёны паўзмрок — праз лістоту — ліўся ў ніжнія вокны касцёла. І чыстае, нічым не зацененае святло ў верхнія вокны. У снапах гэтага святла скакалі рэдкія пылінкі. У левым нефе маці божая на іконе, мяркуючы па ўсім, пэндзля Ромера, плыла між аблокаў, узняўшы вочы ад грэшнай зямлі, ад усяго, што нарабілі на ёй людзі, і ад надмагільнага помніка князя Альшанскага.
Адзіны прамень з верхняга акна падаў на твар з зеленаватага мармуру і нібы ажыўляў яго. Шырокае мужнае аблічча, пры жыцці, мабыць, нібы з металу кутае, пахмурыя густыя бровы, рассыпаная грыва валасоў.
І гэтая складка ў цвёрда сціснутых вуснах. Цяпер я разумеў, чаму мне не хацелася падчас першай сустрэчы звязвацца з гэтым чалавекам пры жыцці. Бо я ведаў, што ён у гэтым жыцці нарабіў.
І не цвёрдасць была ў гэтым прыкусе, а нялюдская жорсткасць і пэўная сабе да канца здрадлівасць.
Хлуснёю была рука, што ляжала на эфесе мяча.
— Якая на Евангеллі ляжала, — нібы адказваючы маім думкам, сказаў ксёндз.
Я апамятацца не паспеў, як рука Жыховіча маланкападобна ўзвілася ў паветра.
А пасля ён нанёс скрышальны цёс кіркаю па гэтай мармуровай трупна-зеленаватай руцэ. Мармур пырснуў кавалкамі ва ўсе бакі. Я ледзь паспеў перахапіць руку айца Леанарда перад другім цёсам. У аблічча, якое так нагадвала мне штосьці. Аблічча, акрэсленае, адмечанае ў сваёй беспрынцыповасці і бяздушнасці нібы самой эпохай. Дый ці адной ягонай эпохай.
Счарсцвелы, бязлітасны, цмочы твар.
Мне ледзь удалося справіцца з ім. Бо ў сваім узбуджэнні і агрэсіўнасці ён нібы набыў сілу добрых дзесяцёх чалавек. І, мабыць, з дзесяццю мог бы даць сабе рады. Я забыў, як гэты стан завецца медыкамі. Афект? Не, ёсць іншае слова.
Але ўсё ж мне пашанцавала ўтаймаваць гэты выбух несамавітай сілы.
А я падумаў, як працавалі б вось гэтыя яго сялянскія, звыклыя да працы, жылаватыя рукі. Падумаў зусім у духу аднаго з нашых паэтаў.
— Пабойцеся бога, — ускрыкнуў я, дужаючыся з ксяндзом.
Але ён ужо звяў. На месца вулканічнага ўсплёску ненатуральнай сілы прыйшло заспакаенне. Як заўсёды ў такіх выпадках.
— Што вы робіце? — ужо цішэй сказаў я. — Гэта ж каштоўнасць.
— Каштоўнасць не будзе горшая ад невялічкай выбоіны… І нават цікавей будуць на яе глядзець разявакі.
Ён пайшоў у нейкі закутак левага нефа і спыніўся перад абабітай кутым жалезам дзверцай. Дастаў з кішэні вялікі ключ. Адамкнуў дзверы, якія падаліся з лёгкім рыпеннем, адкрыўшы вачам сходы, што збягалі ўніз.
Ён не запрасіў мяне з сабою, але і не гнаў. Таму я таксама стаў спускацца на невялікай адлегласці за ім. Ён крочыў, нібы яго вёў нехта, і ўсё мармытаў:
— Ачысціць… Прэч… Прэч.
З усіх саркафагаў адзін быў з таго ж мармуру, колерам амаль як зеленаваты нефрыт. Крышка на ім была далоні ў дзве таўшчынёй і, відаць, цяжкая. І акурат пад гэтую крышку ксёндз загнаў востры з аднаго канца, нібы заточаны, лом.
— Вось табе і падважнік.
— Паб'яце.
— Нічога. Гэта не жыццё чалавечае разбіць. Памажыце.
Мы наляглі з усёй сілы. Урэшце крышка паддалася і адсунулася сантыметраў на трыццаць-сорак. Я ўсё яшчэ не разумеў, што ён збіраецца рабіць.
— Яшчэ. Яшчэ. Шкада, што не раскалашмаціў хаця б мармуровую морду.
Святло з чатырох невялічкіх акенцаў, што наўкос, зверху ўніз, вялі ў сутарэнне, падала на яго суровы, раптоўна нібы падсохлы твар.
— Я даб'юся, каб яе выкінулі адсюль, гэтую мардасіну, — у яго зноў быў выгляд шалёнага: фанатычны рот і вялізныя, вадка бліскучыя вочы. — І без таго колькі часу паветра паганіў. Слуп веры. Заснавальнік храмаў, фундатар касцёлаў. Антыхрыст!
— Спыніцеся, — толькі тут здагадаўся я. — Не трэба. Гэта ж апаганьванне праху.
— Так, — ён вадзіў сашклянелымі вачыма, — смяротная кара за смяротнасць… Забойства адной душы… з трох. Так, апаганьванне праху. Толькі думаецца мне, што гэта рэдкі выпадак, калі паганец той, хто не апаганіць прах. Такі прах! Не месца тут гэтаму калу. О пане мой, Езус!
Ён рассцілаў на падлозе радзюгу.
— Я ведаў дагэтуль адзіны выпадак такога ўздаяння, такой адплаты. Прах Мартынава*… Адплата боская… Закон… Не думаў, што другі выпадак тут, што мне давядзецца ўздаваць.
* Мартынаў Мікалай Саламонавіч (памёр у 1875 г.) — забойца М.Ю.Лермантава. Пасля рэвалюцыі ў маёнтку Мартынава быў дзіцячы дом. Выхаваўцы ягоныя выкінулі косткі Мартынава з магільні на сметнік.
Апусціў галаву:
— Урэшце ваша прысутнасць… Я не патрабую яе тут.
Я не прымусіў доўга сябе ўпрошваць. Выйшаў і пайшоў да касцельнай агароджы.
Здалёк відаць быў стаў, куды бліжэй кучаравыя купы дрэў вакол замка. Яшчэ бліжэй дарога і злева ад яе моцна забалочаная нізіна. Ці моцна зарослае балота? Мне цяжка сказаць. Была гэтая вялікая яміна ніжэй узроўню рачулкі. Прынамсі, зараз, калі некалькі ўжо дзён стаяла суш. І таму ў балацявіну тую млява і лянотна тачыліся кроплі рудой ці то вады, ці то гразі.
Але ўсё адно на наваколле глядзець было весялей і ўцешней. Досыць з мяне было за гэтыя дні падзей: усіх гэтых катакомбаў, сутарэнняў, цямніц, шкілетаў.
Я выйшаў у браму і сеў на лавачку пад ліпамі. Думалася нешта ўсё пра дурное. Што вось і скончыліся мае пошукі, а ўсё адно застаецца адчуванне нейкай незавершанасці, нібы скончыў алфавіт недзе на трох ягоных чвэрцях. І яшчэ думалася пра ліпы, што вось ужо досыць скора ім цвісці. І ўспомніўся герой нейкага твора, пакаёвы інтэлігент, які цэлы дзень хадзіў па кватэры і абураўся, што вось недзе кошкі нагадзілі, а ён аніяк не можа разабрацца дзе. І толькі вечарам выясніў, што гэта зусім не кошкі ў кватэры напаскудзілі, а гэта на вуліцы ліпы расцвілі.