Выбрать главу

Жыховіч з'явіўся недзе хвілін праз сорак, кінуў да ног вузел і сеў побач са мной. Відаць, не столькі перапачыць, колькі зрабіць яшчэ адну — і наступальную — спробу апраўдацца, праўдзівей, пераканаць у сваёй рацыі.

Я ведаў, што было ў вузле. Косткі і чэрап, загорнутыя ў радзюгу. Выграб-такі іх у дарэмным непатольным гневе. Нібы працягваючы свае думкі, ціха сказаў:

— Я й то думаю, я й то баюся, што дрэнныя былі модлы, што людзі ўзносілі на гэтым месцы шмат стагоддзяў. Таму што гэтае падла ляжала тут. Як модлы ў карчме, як модлы на гнаішчы, даруй мне, маці Вастрабрамская.

— Нашто вы гэта, — слаба супярэчыў я. — Хіба яму не ўсё адно?

— Гэта для вас усё адно. А яму не ўсё адно. І мне не ўсё адно. Таму што я веру ў адрозненне ад вас. Веру, што ён зараз недзе там скрыгоча зубамі. Нават калі ахвяраваннямі, нават калі фундатарствам купіў сабе чысцец замест пекла, дзе яму вечна належыць быць.

Некалькі дзяцей, якім, відаць, абрыдла важданіна людзей каля замкавых падзямелляў, з'явіліся на вільготным сакавітым паплаўцы каля балацянкі і пачалі піхаць нагамі сюды і туды футбольны мяч.

Жыховіч глядзеў праз іх.

— Скрыгоча, бо няма і не будзе спакою ягоным, — ён памаўчаў, — г… косткам. А думаеце, ён яго купіў? Не купіў і не купіць.

Устаў і панёс вузел да балацявіны. Стаў над ёю, калі адна з яго ног правалілася, і сыпануў з посцілкі нешта такое ў дрыгавінне.

А пасля падкінуў у паветра нешта круглае і пад'ёмам, як сапраўдны форвард, паклаў гэта ім у ногі. Выгляд у яго быў пры гэтым страшнаваты.

— Гэй, ану, вам яшчэ «мяч».

Зацікаўленыя хлапчукі пачалі падыходзіць да «мяча», купчыцца вакол.

— І хай табе, цмоча, змяюка смярдзючая, кожны ўдар там адгукнецца. Тысячакрат па тысячы разоў.

Я хацеў быў устаць, каб прыпыніць усё гэта. Пачынала гэта быць да бяспамяцця агідным. Але тут вывернуліся аднекуль, спяшаючыся, відаць, да замка, Стасік Мультан і Васілька Шубайла.

Стах спыніў нагою кімсьці ўжо з запалам падфутболены «мяч».

— Цыц. Вы што ж гэта, шмаркулі? Гэта не да ладу. Абвёў позіркам ксяндза, і позірк з-пад сівых валасоў быў няўхвальна-суровы.

— Гэта вы кінулі?

— Так.

— Та-а, — бязгучна сказаў Васілька, — кі-нуў.

— А нашто? — спытаў Стасік.

І тут я здзівіўся. Ксёндз нібы апраўдваўся перад гэтай малечай:

— Горш гэтага чалавека не было.

— То нагамі нашто ж ганяць?

— А што рабіць? — гэта спытаў я.

— Пытанне неразумнае, — Стах сказаў гэта салідна, як дарослы. — Яму гэта невядома яшчэ як. А вось яны, гэтыя, чаму вучацца?

Ксёндз звяў, нібы з яго выпусцілі паветра. Стах жмутком травы ўзяў чэрап у рукі.

— Я яго лепей унь, у багавінне, у посернае месца, кіну тады, калі яму ўжо там месца, — забурчаў Стах.

Панёс і сапраўды шпурнуў чэрап у самую сярэдзіну ржавай саладухі. Пасля чаго яны з Васількам аддаліліся спакойным крокам у бок рачулкі.

Дзеці пайшлі за імі, як ганаровая варта. Каля самых дальніх ліпавых замкавых абсадаў абкружылі маленькую постаць Сташкі. Стракатыя на стракатым поплаве. Сінявокія пад сінявокім небам.

— Ну вось, — уздыхнуў ксёндз, зноў сядаючы побач. — А той не ўсміхнуліся дзеці. І маёй таксама. І невядома нават, дзе над ёю плакаць.

Сташка набліжалася. Жыховіч пацёр далонямі скроні:

— Цяпер давядзецца адказваць перад начальнымі. За бясчынства ў храме. Але я не мог дапусціць, каб у храме, як у краме. Як у разбойніцкім прытоне. Ведаеце, што Шоў сказаў пра Леніна? Недзе на мяжы дваццатых і трыццатых.

— Не. Не памятаю нешта.

— Ён сказаў: «…калі толькі гэты эксперымент у галіне грамадскага ўладкавання не ўдасца, тады цывілізацыя пацерпіць крах, як пацярпелі крах шматлікія цывілізацыі, што папярэднічалі нашай».

— Але…

— Адказнасць адчуваеце? Ну вось. І самазаспакойвацца рана, пакуль ёсць Майданакі, гінуць людзі, швэндаюцца па свеце і чыняць зло прамыя нашчадкі гэтай вось пачвары. Будзем мірыцца, дазволім ім засмечваць зямлю і неба — шэлег тады цана і цывілізацыі і нам. Нам, калі мы хаця на хвіліну дазволім жаху смерці кіраваць нашым жыццём. І таму я…

— Я сказаў бы пра ваш учынак іначай: «Святая веліч, святая нецярпімасць аднаго апаганшчыка праху».

Ён зноў пачаў бязладна і дужа ціха:

— Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць. Вельмі трэба чыстае паветра. Вельмі чыстае паветра.

Сташка падышла да нас.

— Чаго не йдзецё?

— Не хачу. Не жадаю я на ўсё гэта глядзець. Гэта больш не мая справа.

— Ускрылі тую… ніжнюю камору, — сказала яна. — Такога я нідзе не бачыла. Хіба што ў эрмітажнай «залатой каморы». Чаго там толькі няма?! Кубкі, зброя каштоўнейшая, місы залатыя і срэбныя, манеты скрынямі, пярсцёнкі, бранзалеты, ажаролкі, зліткі і срэбныя і залатыя з каменнямі, кнігі, чашы для прычашчэння, дзіскасы, манстранцыі, кандэлябры, рэлікварыі, іконы дзівоснай работы і абклады — дзіва. Дараносіцы, паціры, крыжы напрастольныя, падвескі, браціны, каўшы. Эмалі, чаканка, чэрнь — у вачах рабіць. І дзесяткі каўчэгаў залатых: дакументы і, відаць, паперы на княскую годнасць і запавет тых Альшанскіх.

— Пляваў я на гэта, — працадзіў я.

— І я. Як успомню тых «вартавых» — плакаць мне хочацца. Ці варта было іх саміх усё тое, што яны вартавалі?

— А што ў новым замураванні?

— Не ведаю. Мабыць, нарабаванае камандай Розенберга (зноў жа каштоўнасці, карціны, іншае такое). І, відаць, тое, што апошні Альшанскі разам з немцамі тады закапаў, дый не вярнуўся.

— Дык, можа, і паперы ягоныя там? — спытаў ксёндз.

— Можа, і там. І, вядома, архіў.

— Ну, гэтым будзем займацца не мы, — сказаў я. — І, магчыма, нават не Шчука.

Ксёндз гнутка, нібы ніводнай костачкі ў ягоным целе не заставалася, устаў.

— Бывайце, — сказаў ён. — Ты заўтра едзеш, Косміч?

— Мабыць, так.

— А вы, Станіслава?

— Ну, мне яшчэ тут работы і работы.

— Та-ак… То не губляйце адзін аднаго. Згубленага не знойдзеш. Хто ўжо хто, а я ведаю. А з вамі да заўтра, Антоне.