Выбрать главу

— Мала суцяшае, — сказаў Хілінскі.

— Яна выдасць усе варыянты, што маюць хаця нейкі сэнс, сотні тысяч, але выбар зрабіць не здолее. У яе фармальная логіка. Таму чалавек загадзя і адмаўляецца ад такіх задач.

— Ясна, — сказаў Хілінскі, — значыць, свядомае прызнанне разумовага банкруцтва. Непераможнасці зведаць.

— Глупства, — сказаў я. — Адмаўленне загадзя — не сведчанне бяссілля чалавечай логікі. Чалавек можа зрабіць правільную выснову на падставе далёка няпоўнай інфармацыі. І можа загадзя прадбачыць, што ніякая інфармацыя не дасць магчымасці зрабіць вывад. І гэтае адмаўленне загадзя ад невырашальнай задачы не сведчанне бяссілля, а сведчанне ўсемагутнай сілы чалавечай логікі.

— Што ж, біце на ўсемагутнасць. Прызнацца, крыху зайздрошчу.

— Ну вось, — сказаў я. — Зараз пайду высыпацца.

— «Разбуди, когда раскинет ветви по-весеннему наш старый сад», — змрочна сказаў ён.

За акном была абрыдлівая красавіцкая слата.

…Я адчыніў дзверы і адразу адчуў, што ў маёй кватэры нехта ёсць. Скінуў туфлі і прайшоў у кабінет. Так і ёсць: саладкаваты цыгарэтны пах.

На канапе, падкурчыўшы пад сябе прыгожыя ногі, сядзела і грэла рукамі ступні жанчына.

— Зоя?

— Ну так, ты не чакаў?

— Даўно?

— Бачыш, толькі зайшла. Ногі пакалелі.

Я прынёс з кладоўкі халат і накінуў ёй на ногі.

— Дзякуй. Я столькі хадзіла па гэтай слаце. Столькі хадзіла.

Дзіўны быў у яе выгляд. Нібы накапала ў вочы беладоны. Зрэнкі вялізныя-вялізныя, спыненыя. Вусны белыя, нібы яна падціснула іх. Я спачатку быў спалохаўся.

— Што з табою?

— Нічога. Ты хочаш спытаць, нашто я тут? Ды бачыш, прыпаўзла. Знаеш, як не дужа разумныя сабакі. Разумныя ідуць па апошняе ў лес. Я толькі каб аддаць табе ключ. Унь ён, на століку.

— А я пра яго і забыўся, — шчыра сказаў я. — З'есці чаго хочаш? Выпіць?

— Не трэба нічога.

Яна змоўкла.

— Слухай, — сказаў я, — казаў жа я табе, кінем гэта. Заставайся — і ўсё. Толькі шчыра — чуеш? — шчыра ўсё скажам яму.

— Ды не, — амаль бязгучна сказала яна. — Права не маем. Права не маю. Падман. Нінавошта я болей не маю права. Не маю.

— Перастань ты сябе катаваць, — кінуў я. — Ну здарылася, ну лухта. Кончым з гэтым, і ўсё.

— Не лухта, — сказала яна. — Я і прыйшла, каб скончыць. Болей не прыйду. Пагляджу вось толькі і… Нічога, ты хутка забудзеш, што здарылася. І ты мяне жорстка не судзі.

— Ды я й не думаю, — усміхнуўся я. — Ну давай вып'ем крыху «нямешанага кадара».

— Давай, — усміхнулася яна вільготнымі вачыма. — Толькі давай будзем тут. Нікуды не пойдзем.

Я расчысціў стол ад слядоў начной працы і паставіў на яго што меў.

— Ты што збіраешся рабіць у наступныя дні?

— Пакуль нічога. Дні праз тры з'еду.

— Куды?

— У Альшаны па справе. Гэта пад Кладна. Вёска.

— Надоўга?

— Тыдні тры, можа, месяц.

— Ну вось, значыць, бывай. Можа здарыцца і так, што сустрэнемся. Выпадкова. Хто ведае, што яно і як.

— Слухай, Зоя. Я яшчэ раз табе кажу…

— Не кажы глупства. Не паўтарай гэтага. Сам ведаеш, слабасць жаночая. Але толькі не са мной. Я вырашыла ўжо.

— Не буду. Хаця мне кепска. Але, магчыма, я і пераканаю цябе.

— Паглядзім. Паглядзім.

Дзіўныя, дзіўныя вочы.

— А што ты гэтыя дні рабіў?

— Ды тут галаваломку адну старажытную рашаў.

— І вырашыў?

— Не дужа. Не да канца.

— Ну, памагай табе бог. Хай шчасціць. Ты ж глядзі вазьмі цёплыя шкарпэткі. Некалькі. У вёсцы слата. Блакнотаў пару. Цыгарэт. Кавы растваральнай, бо там не дастанеш. І ручак пару зарадзі. І плёнак вазьмі для апарата. І нож. І брытву.

Нешта знарочыстае і няпэўнае было ў гэтай клапатлівасці. Так, пэўна, жонка выпраўляе ў дарогу мужа, здрадзіўшы яму або ведаючы, што неадменна здрадзіць, што вышэйшы, непахісны лёс няўхільна вядзе яе да гэтага.

— Усё вазьму, — сказаў я. — У мяне спіс. Я — вопытны на камандзіроўкі. І ўвогуле… метадычны стары кавалер.

— Не трэба табе больш заставацца ім. Чуеш, прашу цябе. Кепска гэта канчаецца.

— Ну так, — няўдала пажартаваў я. — Хто жэніцца — у таго жыццё сабачае, затое смерць чалавечая, а хто не — у таго сабачая смерць, але затое чалавечае жыццё.

— Пры цяперашніх сваяцкіх пачуццях і смерць не заўсёды бывае чалавечая, — падхапіла яна.

— Ды што з табою?

— Плачу, — сказала яна. — І над сабою. І над табою. І над усімі.

І раптам злавіла ў паветры выключальнік бра, націснула яго.

— Хадзі да мяне, — голас быў хрыплаваты і адчайдушны. — Апошняя наша з табой… часіна… Даруй мне.

У тоне гэтым было нешта такое, што нельга, немагчыма было сказаць «не».

….

Праз гадзіну я праводзіў яе. І колькі я ні казаў, каб яна заставалася, колькі ні ўмаўляў, колькі ні казаў, што заўтра сам пайду гаварыць з яе мужам, яна, бледная, толькі адмоўна круціла галавой.

— Не праводзь мяне. Ну вось, я не хацела, каб не было гэтага вечара, каб не было ўспамінаў. Я пайду. Я страшэнна, страшэнна стамілася.

Мы стаялі ў пад'ездзе, і, калі ў яго зайшоў Хілінскі, распячатваючы пачак цыгарэт, яна нават і на імгненне не адарвалася ад мяне. Стаяла, уся дрыжучы.

Хілінскі, праходзячы паўз нас, зрабіў незнаёмы твар. А яна, не паспеў ён узняцца і на адзін марш, прыпала да маіх вуснаў.

— Памятай… Даруй… Не памінай мяне, калі ласка, ліхам. Бывай.

Адарвалася ад мяне і выскачыла ў дзверы, пад дождж, які шалёна паліваў увесь вялізны горад, усе яго мокрыя бліскучыя дахі і чорныя голыя дрэвы.

…Хілінскі ўсё яшчэ поркаўся з ключом, і я спыніўся ля яго закурыць.

— Засмучаная, — раптам сказаў ён. — Гаротна засмучаная.

— Вам дзіўна? — суха сказаў я.

— Крыху, — сказаў ён. — Не мая гэта справа, але я, Антоне, думаю, што ведаю людзей. І… нешта не належыць яна да тыпу чуллівых. Ту-уга ведае, што, як і нашто. Нават калі панчохі купляе, нават калі ў першы раз аддае пацалунак. Ну, аднак, гэта больш годна, чым нейкая цызя, што пеўня ад курэй ганяе за «задзірлівасць»… Але засмучаная. Пэўна, нешта сур'ёзнае здарылася.

— Гэта мая былая сяброўка, — буркнуў я.

— Ухваляю.

— Што былая?

— Не, што сяброўка.

— Мае паводзіны людзі калісьці назвалі б заганнымі — «предосудительными», — горка сказаў я.

Я не стаў тлумачыць чаму, але ён, відаць, зразумеў.

— Сабе ты гэта даруеш? Можаш гэта сабе дараваць? То нашто асуджаць за тое самае іншых? І хто мае права асуджаць?

Размова рабілася страшэнна непрыемнай. Мы абодва адчувалі сябе няёмка. Ён, бо атрымалася так, што ён утруціўся ў справу, якая яго не датычылася. Я, бо, шукаючы чалавечага голасу, ценю спагады ў ім, непатрэбна распусціў язык. Божым дарункам было ў гэты час з'яўленне свежага чалавека, ды яшчэ з такімі прадметамі ў руках, што ва ўсякага палезлі б на лоб вочы.

Па сходах падымаўся Ксаверы-Інэзілья Калаўр Лыганоўскі з медным абліччам. Бязлітасныя ягоныя вочы глядзелі паўзверх круглага шчыта, і ўзброены ён быў дзідай са здаравенным бронзавым наканечнікам.

— Гатова, — ціха сказаў я, — дастукаўся з пацыентамі. Ну, прынамсі, не Напалеон. Свежая манія.

— І ён убачыў на сцяне злавесны, чорны прывід дзеда-мароза, — сказаў Лыганоўскі, крыху прысаромлена ўсміхнуўся і дадаў: — Вось мастаку нясу. Масайскія дзіда і шчыт. Аксесуары для малюнка. Намалюе і за гэта абяцаў парапараваць.

— А я думаў, што ўрэшце з'явілася новая манія, што гэта вы ўваходзіце ў ролю Чомбэ, — сказаў я.

— Ну што вы! Не так ужо кепска ідуць мае справы. І не так я нізка паў.

— Адкуль гэта ў вас? — спытаў Хілінскі.

— А вы б зайшлі неяк да мяне.

— Не так ужо кепска ідуць мае справы, — іранічна паўтарыў ягоныя словы Хілінскі.

— Здагадваюся, паколькі вы яшчэ тут, а не ў маім дэпартаменце. А вы зайдзіце проста паглядзець, — сказаў псіхіятр.

— Цікава, — сказаў я. — Проста хоць у музей.

— А ў мяне і ёсць… амаль музей. Яно і пойдзе калісь у музей.

Бронза наканечніка была ўкрыта такім тонкім карбаваннем, што я зачараваўся.

— Праўда, адкуль такое дзіва?

— Я, мой даражэнькі, медыцыну ў Празе штудзіраваў.

— То там, што, усе людзі нават на Карлавым мосце з такімі рэчамі ходзяць? — спытаў Адам.