Выбрать главу

— «Другая ад кута».

— Ад якога кута? Дзе той кут?

— І праўда, куты чатыры. Так што практычна пад кожным…

— Практычна на псы твая работа, хлопец, — сказаў Мультан.

— А далей S ступ пад знакам карабля, — безнадзейна сказаў я.

— Восем ступ пад знакам карабля, — паўтарыла яна, палічыўшы па пальцах. — Н-на, нягуста. Мультан калупаў наском бота зямлю.

— Вось што, — буркнуў ён урэшце. — Так ты тут нічога не знойдзеш. Я вось што зраблю. Я табе ўнука свайго малодшага, Стасіка, прышлю. Ён сапраўдны Мультан. І ён з Васільком Шубайлам, сябрам сваім, такія сарвігаловы, што ўвесь замак з галавы да пятак аблазілі. Можа, яны табе ў нечым памогуць.

— Дзякуй, дзед. Ад дзяцей у такіх выпадках сапраўды можа быць болей карысці, чым ад дарослых.

— То ж бо.

— Што ж, — спытаў я ў Сташкі. — Вы капаць пачынаеце? Але ж яшчэ мокра.

— Падрыхтоўка. Пачнём па-сапраўднаму, калі вучняў, у якіх экзаменаў няма, адпусцяць і як крыху падсохне.

— Шаблыка тут ім памог, — сказаў дзед.

— Угу. Варта капаць. У выпадку чаго і вам дапаможам. І заходзьце да нас.

— Што ж, буду рад.

Мы стаялі над адкосам. Вецер ляцеў, з боку замка, ад невялікай ракі. Відаць былі справа і злева ставы, і на левым з іх лялечны адсюль будынак млына. Было шырока-шырока.

— А гарадзішча гэта завецца Белая Гара, — сказала яна.

— Так. Белая Гара, — сказаў дзед.

Да касцёла нам з дзедам было па дарозе. Ішлі, мянцілі языкамі пра тое-сёе. Ля плябаніі кінуўся нам у ногі рыжы пёс, сумесь дварнягі з ірландскім сетэрам. Прыціснуўшы вушы, пачаў ласкава скуголіць.

— Кундаль. Кундаль, — трапаў яго дзед. — Бач ты, бач ты, які тлусты. Як мех. Нічога, на паляванне з табой пойдзем. Скінеш тады тлушч. Пойдзем на паляванне?

Сабака аж скакаць пачаў ад радасці.

— Верыце, прызвычаіўся, зараза, каб яму здароўе, рыбу лавіць. Часам такую здаравенную прынясе. І не ведаю, ці ён нырае пад яе, як вадалаз, ці як. Зайдзіце да мяне, — сказаў Мультан. — Паглядзіце на вартоўню. Вось так кожную ноч. Жонка, дзеці ды ўнукі ў хаце, а я тут. Таму баба галіцца часта і забараніла… Раўнуе, халера.

Вартоўня была самай незвычайнай з вартоўняў, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Цэлыя два пакоі. І вялікія.

— Тут уваход асобны, — сказаў дзед. — І ні к сялу ні к гораду гэты асобны ўваход. Кліру паменела, то аддалі пад вартоўню мне. А рэчаў столькі, што ўсе непрыгодныя, ды яшчэ некаторыя з былога палаца таксама ўсе сюды знеслі і скінулі.

Гэта было сапраўды так. У першым пакоі былі грубка, тапчаны, стол і табурэткі, але акрамя таго яшчэ і зламаная фісгармонія, і крэсла з высокай «біскупскай» спінкай, і стары буфет чорнага дрэва (шклы ў ім адсутнічалі, і на паліцах было відаць конаўкі, шклянкі, імбрык, бульбу і цыбулю россыпам).

У другім пакоі ў куце ляжалі дошкі ікон і рулоны іконных палотнаў, стаяў таксама стол на «арліных» ножках (кіпці арлінай лапы сціскалі шары, на якіх стол і стаяў) і пара інвалідаў-крэслаў.

І ў абодвух пакоях на сценах віселі партрэты. Некаторыя былі прадзёртыя, некаторыя пацямнелі да таго, што амаль немагчыма было нешта на іх разгледзець. А пасярэдзіне аднаго быў круг расплаўленай фарбы: відаць, ставілі вядро з кіпетнем.

А партрэты былі, можа, і не дужа мастацкія, але музейныя. На некаторых відаць было лацінскія надпісы або славянскую вязь.

— Ксёндз сюды перацягваў. Што з хат адкупіў, што на гарышчах знайшоў.

— Палац жа згарэў.

— Гэ-э, не так многа ў тым палацы і дабра было. Сёе-тое паспелі выцягнуць.

— Куды ж яно падзелася?

— А хто яго ведае. Тут перад вызваленнем такое чынілася. А пасля, як немцы ўцяклі, а нашы яшчэ не прыйшлі, было яшчэ горш.

— А што?

— Боўбель-Кулеш разгуляўся. І разабраць нельга было, хто каму галаву скручвае.

— А добра тут у вас. Мне б сюды перабрацца.

— Што, вячоркі ў Вячоркі абрыдлі?

— Ды я й сам магу. Але тут ужо занадта.

— І вось глядзі ты, харошы чалавек, загадчык клуба — пашукаць, дарма што адукацыі не хапае, а вось гэткая паляндра ўчамярылася — і нічога зрабіць нельга.

Уздыхнуў:

— Трэба пагаварыць з ксяндзом. Глядзіш, і мне ўначы не так сумна будзе. Не будзеш жа ўсю ноч хадзіць, часам і пасядзіш… Пагавару… І Стасіка вам заўтра ў дапамогу дашлю. Ён — Мультан, а я ўжо на старасці пачынаю вулічную нашу мянушку апраўдваць — «Пацяруха». Пацяруха старая і ёсць.

Ён вывеў мяне з цвінтара.

— Дзед, — сказаў я, гледзячы на галерэю, — а што гэта пра жанчыну з манахам байкі брэшуць?

І тут дзед пасур'ёзнеў:

— Гэ-э, каб гэта байкі! Праўда. Сам бачыў.

— І ў замку бачыў?

— У замак ноччу не хаджу. Баюся. І ўсе баяцца. Кажуць, і там. А я вось тут бачыў, на гульбішчы. Ідзе нешта светлае, як само святло, а побач цень, нібы сама ноч.

— Ой, дзед!

— Брашу, думаеш? Каб мне са старой і ўнукамі дня не пражыць.

— Спецыяльна прыйду глянуць.

— Яны не кожную ноч. Я аднойчы набраўся смеласці, улез на галерэю (у выпадку чаго, думаю, пальну са стрэльбы). Зніклі. Спусціўся на цвінтар — зноў ідуць.

У хаце я застаў стан ціхага адчаю. У той дзень Зеляпушчанак павінен быў праводзіць брата, які прыязджаў да яго на свята з Данбаса, і яшчэ пры мне яны пайшлі на аўтобусны прыпынак у Альшаны.

Марыя Сямёнаўна, поўная, добрая, сінявокая, была ўся ў слязах і ламала рукі. Невядома чаго, ці ад адчаю, ці таму, што яны ў яе кожную вясну і восень нясцерпна балелі. Была яна ў «цукровым» звяне. А вы ведаеце, што такое цукровы бурак. Ні па сартыроўцы насення, ні па прарэджванню ўсходаў машын пакуль што не прыдумана.

«Трэба будзе прывезці ёй з Менска гліцэрыну, — падумаў я. — Гэта ж трэба, не чуць пра гліцэрын. А рукі ж такія чорныя, парэпаныя, страшныя».

— Што, не прыходзіў яшчэ?

— Не. Антоська, любенькі, даражэнькі, сустрэнь ты яго, калі ласка, схадзі ты, сынок, у Альшаны, пашукай ты яго.

— Па якой дарозе?

Альшаны вёска доўгая, і таму ў Альшанку з яе вядуць аж тры дарогі. Марыя Сямёнаўна вінавата глядзела на мяне, і я зразумеў, што давядзецца перамераць нагамі ўсе тры.

— Добра. Дайце толькі гумовікі ягоныя і ліхтарык.

— Сыночак. Бога маліць буду. А гумовікі — на. Бо і сапраўды, можа, у поле выбрыў, можа, у Выдраў яр скаціўся, можа, у канаве недзе ляжыць. А па іх жа яшчэ вада з пушчы бяжыць. Снег жа яшчэ, мабыць, у пушчы.

Уздыхнуўшы, я пайшоў ад асветленых вокан у цемру.

Скакаў па дарозе агеньчык ліхтарыка. Я абследаваў Выдраў яр, там, дзе ён падыходзіў амаль да дарогі, — нічога. Перад самімі Альшанамі пацягнуўся лес з густым падлескам. На ўзлессі нешта цямнела. Я павёў ліхтарыкам убок. Ля дрэў стаяў Ганчаронак, відаць, толькі што скончыўшы спраўляць малую патрэбу, і я апусціў ліхтар. Мала прыемнага, калі на цябе свецяць у такі момант.

Здалося мне ці не, што ў гэты момант нешта варухнулася ў хмызах.

А бухгалтар — я чуў крокі — пашыбаваў да мяне, лёгка пераскочыў канаву і стаў побач.

— А-а, Антон Глебавіч, — сказаў прыязна, нібы нічога між намі не адбылося. — А я думаю, хто гэта свеціць. Закурыць не знойдзецца?

— Ёсць, Тодар Ігнатавіч. Вазьміце вось ліхтарык, пасвяціце.

Я ўзрэзаў пачак нажнічкамі.

— Вялікі сцізорык, — сказаў ён. — Усё ёсць.

— Усё. Нават, бачыце, выцягач, каб гільзу з казённіка выцягваць. Паляўнічы нож.

— І ногці можна пастрыгчы. Ну добра, хадзем. Да Альшан побач, усё вяселей.

«Чаго ты пад лес пёрся? Мала табе было прыдарожнага кювета, каб яшчэ цераз яго скакаць ды тупаць па ўзараным? Урэшце, не мая справа. А дарога сапраўды карацей, калі ўдвух».

— Якія справы вас сюды прывялі, Антон Глебавіч?

— Замак буду абследаваць. Цікавая тут адна гісторыя з ім звязана.

— Новая?

— Ды не, дужа старая. Цёмная гісторыя тут трыста з лішнім год назад адбылася.

— А каму справа да трохсотгадовай гісторыі? — засмяяўся ён, відавочна здзіўлены.

— Мне.

— Ну хіба што вам. А тут і нядаўніх хапае. Унь лепей бы Шаблыку спыталі пра падполле, пра гестапа.

— Спытаю і пра гэта. Не мне, дык іншым прыдасца. Тым, што для новай гісторыі існуюць.

— Кгм.

…Назад я вяртаўся другой дарогай. У адным месцы мне здалося, што ў полі за канавай чарнее нейкі кшталт, і я скочыў туды, ды не разлічыў і чарпануў вады вышэй адной халявы.