— Дзядзька Антосю, — сказаў Стасік. — Я першы палезу, а вы за мной. Бо калі я сарвуся, вы мяне ўтрымаеце. А калі вы першы палезеце і сарвецеся — мне ўтрымаць будзе цяжкавата.
Стах палез, як вавёрка. А за ім, крыху цяжкавата, палез я, ставячы наскі ў ямкі ад прыступак у слупе.
Падымаліся па спіралі. Вельмі пахвальны занятак для без пяці хвілін доктара навук.
З яруса, з вышыні праз байніцы было відаць Альшанку, і плынь Альшанкі, і палі, і затравелую Белую Гару з маленькімі постацямі людзей на ёй. Унь нават, здаецца, можна адрозніць Сташку. І Генку. А можа, і блытаюцца, бо ўсе ў джынсах.
Але не гэта нас цікавіла. Ярус, з якога невялікі пралом у вежавым муры вёў на гару былых жылых памяшканняў, быў заселены. Прынамсі, яшчэ зусім нядаўна.
На падлозе некалькі вялізных ахапкаў свежай мякенькай аўсянай саломы. На цагляным выступе мура кроплі стэарыну.
У каміне — попел. Каб даўні — выдзьмула б.
Васілька Шубайла, які спусціўся першы, раптам капануў нагою жвір.
— Ты чаго? — спытаў я.
— Та-а. Пылу няма.
Я, вядома, не заўважыў бы гэтага. А ён ужо выкапаў бляшанку «бычкоў у тамаце». Пустую. З'едзеную нядаўна, бо жыжка яшчэ не высахла.
— Бандзюга, — сказаў Стах.
— Чаму?…
— Ну, — ён няўхвальна паглядзеў на мяне. — І дурному ясна. Каб проста нейкі валацуга — нашто б яму закопваць бляшанку?… Кінуў бы, і ўсё.
— Маеш рацыю, арол. І добра, што ў вас харошыя вочы.
Пасля мы асцярожна агледзелі сутарэнне пад адной з вежаў. Я баяўся, што здарыцца абвал, і не пусціў туды дзяцей. Але яны ж, яны ж такі зброд, што гнаць іх ад цікавага — дарэмная справа. Як ката ад сала. Пракраліся і пачалі шныпарыць па кутах. І нічога не знайшлі.
І тады я адпусціў сваю гвардыю на некалькі дзён. Папрасіўшы, каб самі не лазілі. Бо яшчэ здарыцца нешта, а тады — як глянеш у вочы дзеду Мультану і бацькам Шубайлам?
…Калі я, пыльны і брудны, ішоў паўз будынак праўлення, старшыня Альшанскі паклікаў мяне з акна.
Звычайны кабінет старшыні калгаса. Доўгі стол, крэслы, партрэты. Па кутах — снапы розных збожжавых, відаць, прэміяваных калісьці, але цяпер, з мінулага года, ужо досыць пыльных. А на крэслах, паабапал стала, Альшанскі і Высоцкі.
— Дзень добры, Нічыпар Сяргеевіч… Дзень добры…
— Ігнась Якаўлевіч, — схіліў галаву Высоцкі.
— Сядайце, Антон Глебавіч, — неяк занадта… ну, нібы прабачэння просячы, сказаў Альшанскі.
Мы маўчалі. Гаварыць, уласна кажучы, не было пра што. Пасля старшыня крэкнуў:
— Вы вось што, Косміч. Плюньце на тое, што тады было. І на яго, — ён матлянуў галавою некуды, і я зразумеў, што мае ён на ўвазе Ганчаронка.
— Чаму?
— Не вартая гэта справа, бязглуздая… Ну нашто нам каты драць?
— Баіцеся, што нагарыць? — проста спытаў я.
— Баяцца? Не. Але непрыемна. І, рацыю маеце, нагарыць. Чаму не адмаўляўся, выконваючы бязглуздыя загады… Праўдзівей, чаму дурныя парады слухаю… А Ганчаронак зараз таксама дзесятаму засцеражэ. Дошку мы знайшлі. У бур'яне. А думалі, што зняў нехта з раёна ці вобласці, што каштоўнасці гэтая руіна не мае.
— А хіба так бывае, каб без ведама мясцовых?
— Анягож, — сказаў раптам Высоцкі. — Унь старшыня вопытам ездзіў мяняцца пад Давыд-Гарадок. Дык там лотры нейкія таксама дошку знялі. І таксама ўсё гэтак, як мы падумалі.
— І разбіраць пачалі ўжо царкву. Але тут настаўнік гісторыі з Менска пазваніў, і такі тарарам узняўся, што ў раёне ледзь адбрахаліся, што, маўляў, старую знялі, бо праржавела, і новую трэба ставіць, — сказаў змрочна Альшанскі.
— І нікому ў галаву не цюкнула, — сказаў я, — што ані хвіліны без аховы, што старая павінна вісець да новай?
І сам зразумеў, што нікому.
— Ну а Ганчаронак што ж? — спытаў я.
— Ат, — махнуў Альшанскі рукою, — хоча ўсё жыццё гераічным «гестапаўскім» перыядам жыць. Ён і падтрымаў мяне, калі я завагаўся на хвіліну, а ці варта ў той бандуры праход бурыць. Кажа: «загад»… Але — плюньце. Тым больш, такое здарылася пры гэтым. Але лекары ў нас добрыя…
— Плюну.
— Ну а куды вы сёння?… — спытаў старшыня.
— Вось памыюся да пайду на аўтобусны прыпынак. Хачу на пару дзён у Менск.
— Нашто? Гэта вы адтуль можаце да Кладна, а адтуль аўтобусам, — сказаў старшыня, — зручней да станцыі. Езна. Дваццаць кіламетраў — і проста на Менск.
— Нічога сабе зручней.
— Дык сёння туды наш грузавік паедзе, машыны прымаць. І вось Ганчаронак паедзе, Высоцкі, Шаблыка. Шаблыка па школьныя прылады. Загадзя. На будучы год. Мы гэтага «ўзахапы і напярэймы» не любім. Даедзеце якраз да цягніка вячэрняга. Дый на будучыню, вось Высоцкі, наш «возны», прашу шанаваць. Кожны дзень у Альшаны, у іншыя месцы па акрузе, кожныя два-тры дні — на станцыю. І «казёл» ёсць і «Масквіч», а часам даводзіцца й так «аўсянай парай».
Уздыхнуў:
— Падманула нас чыгунка. Дайшла калісь да Езна, а пасля вільнула на паўночны захад і пайшла, пайшла ўсё далей, аж да Кладна. А адтуль аўтобусам — самі ведаеце. А каб да нас — быў бы ўжо, можа, някепскі гарадок.
— Калі будзе магчыма — скарыстаюся.
…Праз гадзіну Шаблыка, Высоцкі, Ганчаронак і я ўжо трэсліся ў кузаве грузавіка.
Ніхто не захацеў лезці ў кабіну да шафёра, бо майскі надвячорак стаяў надзіва цёплы.
Я ўспомніў словы з той паэтычнай легенды:
Слуцкай брамай начною таемна яны уцякалі:
Месяц у хмарах нырае, а хмары імкнуць, нібы хвалі.
— Слухайце, Шаблыка, ёсць у замку Слуцкая брама? І чаму — назва? Брама ж адна.
— Ёсць. Праўдзівей, была. Слуцкая, або Нясвіжская. Адтуль калісь вёрст праз дзесяць была паваротка на Нясвіж — Слуцак. Пасля яе цэглай заклалі. Як і другую. Адна толькі трэцяя засталася. Галоўная. Слуцкая — гэта другая з таго боку, што супраць Галоўнай.
Зараз я быў амаль упэўнены, што гэта менавіта ў ёй гарэў начны агеньчык, бачны з аднаго пункта дарогі. І ў суседняй уваход у падзямелле.
— З тым бокам, напэўна, і ваенная гісторыя звязана, — сказаў Шаблыка. — Дошку ў пары кіламетраў ад вёскі бачылі?
— Бачыў.
І сапраўды, стаіць невялічкі абеліск з шэрага бетону, і ў яго ўмуравана мармуровая дошка:
— То немцы з вёскі ўсіх людзей у апошнія дні выгналі. Думалі — страляць. Але не. Толькі прымусілі ў чыстым полі пад аховай пражыць тры дні. Сёй-той у аблаву не трапіў, бадзяўся ў лесе, але ў Альшанку ісці баяўся. То яны бачылі, як ішлі ў напрамку замка грузавікі пад аховай. Шмат. Штук сорак-пяцьдзесят. Ведаеце, гэтыя нямецкія, тупарылыя. А да таго, як яны ехалі, прыгналі туды вялізную калону людзей. А пасля, дужа здалёк, стрэлы. На зыходзе трэцяга дня. І назад ужо — ніхто. Ведаеце, можаце здагадацца, што гэта было.
— Ведаю, айнзацкаманды дабро і архівы хавалі.
— Чаму? Маглі ж вывезці? Хаця не. Кладна тады было ў напаўкатле, — думаючы ўголас, сказаў Шаблыка. — Дай бог вывесці хаця б частку войска.
Машына пачала раздзіраць фарамі прызмерак, які няўлоўна гусцеў.
— І яшчэ адно, — сказаў я. — Ці не звязана гэтая гісторыя з іншай, вельмі даўняй. Альшанскі з немцамі супрацоўнічаў?
— Ну.
— Мог быць і пры сховах і пры расстрэле. Я тут разгадваю адну цікавую галаваломку трохсотгадовай даўнасці. Страшнаватая. І шмат каму яна каштавала жыцця.
— І разгадалі? — нечакана спытаў Высоцкі. (Мы думалі, што тыя дрэмлюць.)
— Амаль.
— Разгадка, відаць, не на сярэдняга чалавека, — сказаў ён.
— Ну, нашто так? Калі розум учэпісты, то якраз на такога. Ну і, вядома, сякія-такія веды трэба мець.
— Ну, тады гэта не нашага розуму справа. Шаблыкава унь хіба.
Езна было той невялічкай станцыяй (мала іх пасля вайны засталося ў Беларусі), дзе і дагэтуль на будынку вісіць звон, у кветніку з аднаго боку высяцца таўшчэзныя таполі, а ў маленькай зале чакання цьмяна і душна, і плача, канькае невядома чыё кацяня.