Выбрать главу

— Калі гэта, хлопцы, перастанем мы трэсціся па гэтых дарогах? Дарогі і дарогі, — не вытрымліваю я.

— Ляжаш пад хвойку — тады і не будзеш калаціцца, — змрочна кажа «каўбой» Змагіцель.

— Часам думаеш, можа, яно і лепей бы, — уздыхае Ганчаронак.

— Тыповы беларускі погляд на рэчы, — іранізуе Шаблыка. — Што за жыццё?… Раніцай уставай, вечарам кладзіся, уставай — кладзіся, уставай — кладзіся. Во каб гэта лёг ды не ўстаў.

Усе рагочуць. Не дужа весела. Такі ласкавы і нейкі сумны майскі вечар, што хочацца верыць адначасова ў вечнасць і ў тленнасць жыцця.

— І сапраўды вось так, — кажа настроены на лірычны лад Ганчаронак. — Адтрубіў нейкія год шэсцьдзесят — і гамон. І каму тады справа, колькі твае косткі праляжалі ў зямлі? Праўда ж, пані Сташка?

Вецер калоціць пасмачку яе каштанавых валасоў.

— Глупства вярзеце, мужчыны, — раптам кідае яна. — Да ўсіх костак жывым людзям ёсць справа. Іначай, гучна кажучы, не былі б мы людзьмі. Ёсць такі ў нас саматужны спосаб вызначаць, выкапнёвая гэта костка, дужа даўняя, першабытная або параўнаўча новая. Дакраніся языком. Калі ліпне — значыць, выкапнёвая. Я ўпершыню аспіранткай гэта пачула, на пасяджэнні сектара археалогіі. Ну і вырашыла паспрабаваць. Рогат стаяў на ўсю залу.

— Гэта што ж, і чалавечыя ліжаце? — спытаў Высоцкі. — Вар'яцтва нейкае. Гідка ж.

— Што з таго? — азваўся Генка. — Калі костцы мільён год. Яна тады чысцейшая, чым у нас рукі. А я ж во сваім дзяўчатам аж рукі ліжу, калі чагосьці рабіць не хочацца.

— Калі гэта? — абурылася Валя Волат. — Ды я табе і не дала б руку, нават калі б сабраўся лізаць.

— Таўсту-уха, — з пагрозаю сказаў Генка. — Ой, вушы надзяру.

— Гэта мы табе арцеллю надзяром, — сказала Тарэса.

— І праўда, — падтрымала яе Сташка,

— А па-мойму, дык усё адно, — сказаў Ганчаронак. — Што там да старых костак? Пра свае трэба думаць. Тым больш што яшчэ невядома, каму было лягчэй косткі па зямлі насіць, нам ці ім. Войны тут, лагеры, хваробы розныя завяліся. Унь хаця б паглядзіце на чэргі ў дантыстаў. А я аднойчы ў музеі на макеты старых магільнікаў глядзеў — дык такія ва ўсіх зубы белыя.

— Нам лягчэй косткі насіць, — сказала Сташка. — Сачыце за зубамі, давайце ім работу — і не патрэбен вам будзе дантыст.

— А яны сачылі? — з падколам спытаў Тодар Ганчаронак.

— А ты спытаў у іх, колькі яны жылі? — рэзка павярнуўся да яго Шаблыка. — Ну, Сташка…

— Рэдка хто дажываў да сарака, — сказала яна.

— Таму і зубы белыя, як у сабакі, — вызверыўся Шаблыка. — Ты таксама супраць сабачага колькі жывеш? Вось і з'еў зубы. Вось табе і адказ: каму па зямлі лягчэй косткі насіць. А калі чалавек зараз не дажывае да сарака, гіне на вайне, гіне ў печы, гіне ў рове — гэта не жыцця віна, гэта віна іншых…

«Чаго счапіліся? — падумаў я. — Як вар'яты ўсе».

І тут, па аналогіі. а таксама таму, што размову трэба было перавесці ў іншае рэчышча, я сказаў Высоцкаму:

— Вось Лапатуха. Хіба ён вінен у тым, што такі? Людзі зрабілі. Праўдзівей, нелюдзі. І што памрэ, можа, рана — таксама яны.

— Не кажы, — сказаў Ганчаронак, — можа, яму так проста зручней. Каб не чапляліся… Знікае часам на некалькі дзён.

— Угм, — звярнуўся да яго Высоцкі. — Памятаеш Рохлю — вар'ята? Кім ён пасля, пры немцах, выявіўся? У адной машыне з шэфам кладзенскага СД ехаў. Вось як, мае вы галубочкі.

— Кінь, — раптам не вытрымаў і я, адчуваючы, што змена тэмы нічога не дала, што не адчапіцца нам ад тэмы вайны і людскіх пакут. — І не вярзіце на пакрыўджанага чалавека. Самі казалі, што нешта бачыў і… Ды ўрэшце самі памятаеце, як ішлі мы паўз млын, а ён мяхі насіў. І сабакі за ім.

— Праўда. — Шаблыка раптам засмяяўся. — І адна, відаць, помесь з таксай. Падобная на пыласос «Ракета».

— Кепскі смех, — сказаў я. — А ён убачыў нас і крычыць: «Сышчык пракляты! Падводка гіцляў! Замак яму? Сышчыкам выдаць! На след навесці! Ну, пачакай! Мы табе!» Хто гэта мы? Хто з нас падводка? Ты, Тодар? Шаблыка? Высоцкі? Я?

— Псы за сволаччу хадзіць не будуць, — строга сказала Гайдучык. — Бо адчуваюць, хто іх любіць, хто нязлосны.

— Глупства, — раптам сказаў «каўбой». — Гітлер унь таксама любіў сабак і дзяцей. Ды справа ў тым, што любіў ён выключна нямецкіх сабак і нямецкіх дзяцей. Дый то далёка не ўсіх. Іначай не блукалі б у нас па лясах лагерныя адзіночныя псы і не плакалі б нямецкія дзеці…

«Не, яны ўсё ж атручаныя вайной. А можа, у гэтым і ёсць сакрэт усіх апошніх падзей? Айнзацкаманда? Высяленне вёскі? Помнікі расстраляным? Хто ведае? Усіх зачапіла. Нават Ганчаронка з яго з'едлівай дабрадушнасцю. Нават Высоцкага. А Лапатуха? Мо сапраўды не вар'ят? І праўда, чаму знікае?»

…Ішлі мы да Альшанкі ўжо ў цемры. Астатнія пайшлі другой дарогай, і толькі нам з Высоцкім выпадала ісці разам.

— Так, — зноў завёў ён сваю шарманку, — і чаго яны ўсе счапіліся? Па-мойму, дык жыві ціха, хоць фурманам, і нікуды не лезь.

— Дарэмна. Вы чалавек з розумам. І пэўным імкненнем да пашаны.

Я ўспомніў, як ён адрэагаваў на «тубыльца» ў Езна.

— Не лезу.

«Ну так, — падумаў я. — Траюраднага за польскім часам павесілі ў трыццаць дзевятым. Невядома за што і ці не за нешта, звязанае з палітыкай. Стрыечнага немцы ў Кладна ў сорак чацвёртым. Тут напалохаешся. Ды толькі ўспомні, колькі ў вайну загінула і не за палітыку».

А ён, нібы адгадаўшы мае думкі, сказаў:

— Хоць саву аб пень, хоць пнём аб саву — саве ўсё адно. І не хачу я гэтага. Адпрацаваў, памыўся ў лазні ці ў рэчцы, стопку ўзяў, павячэраў — жыву. Уначы прачнуўся — жыву. Коні хораша пахнуць — аж смяюся ад радасці — жыву. І гары яно ўсё ясным гарам. Мне ўсе гэтыя галавасечкі — да…

Я толькі плячыма паціснуў.

…Наступнага дня я, узяўшы ключ у Мультана, абследаваў тое падзямелле пад вежай, дзе былі краты. Нічога незвычайнага: той жа пыл і той жа друз. Толькі што некалькі заваленых хадоў у невядомае. Дальбог, хоць ты лайся.

Калі выбраўся адтуль, згасіўшы ліхтарык, была тая мяжа паміж сутоннем і ноччу, калі пачынаюць міргаць першыя зоркі. Поўня, аднак, яшчэ не ўзышла. Толькі неба з таго краю было крыху святлейшае. Я не спяшаўся дамоў. Прыемна было прайсціся, калі абвявае аблічча майская ноч. Такая мяккая, нібы дарагія рукі гладзяць твар.

Я выйшаў брамаю, перайшоў масток і рушыў было да плябаніі, калі мне здалося, што нешта выслізнула за маёй спінаю з паркавага падлеску. І на гэты раз памылкі не было: я пачуў шолах крокаў, што аддаляліся ад мяне ў бок брамы.

Цікаўнасць нарадзілася раней за мяне, таму я пачакаў трохі і накіраваўся ўслед. Мінуў жарало ўвахода. Здалося мне ці не ў слабым зарыве, якое ўсё мацнела, што мільгнуў двухногі цень і што гэты цень меў на галаве кепку казырком назад.

«А, чорт! Ну гэта трэба праверыць. Толькі трэба крыху пачакаць, пакуль ты не зоймешся сваёй справаю ўпрытык».

Я выйшаў на сярэдзіну двара і прысеў там за купаю бітай цэглы, трымаючы ліхтар напагатове.

Цярпенне маё было ўзнагароджана. Ішлі хвіліны, і не ведаю, колькі іх там праплыло. І раптам ці не ў байніцы «маёй» падазронай трэцяй вежы, здаецца, міргнуў на імгненне агеньчык, а пасля адтуль даляцелі глухія ўдары чагосьці цвёрдага аб камень. «Можа, ломам? І чаму тады, падчас інцыдэнту, бурылі таксама тут?»

Красціся ў той бок было вельмі нязручна. Ногі небяспечна падварочваліся на камянях.

Вось і цёмная дзірка ўвахода. Нясе брыдкай тхланню, нібы са спрадвеку не чышчанай прыбіральні. Я слізнуў у вежу. Сапраўды, аднекуль удары. І зверху, і нібыта аддаецца знізу.

«Прабівае нехта мур? Нашто?»

Прамень майго ліхтара ўпаў на мур — так, свежыя адколіны на цэгле. І ўдары, глухія, нібы з самой сцяны, адразу заглухлі.

Я павёў ліхтаром угару, па слупе абваленай вінтавой лесвіцы, туды, дзе люк, што вядзе ў ніжні ярус вежы. Люк чарнеў непрагляднай цемрай.

І раптам адтуль упаў мне ў вочы нясцерпна яркі сноп святла. Асляпіў.

Я адступіў ад яго хутчэй машынальна, але, па дурасці, ліхтара не згасіў. І тут жа на тое месца, дзе я толькі што стаяў, глуха вухнуўшы, упала вялікая каменная брыла са слядамі свежаадбітай цамянкі.

Зноў ляціць угору святло майго ліхтарыка. І зноў адтуль, у адказ, меч святла. Дуэль ліхтароў. Зноў я, нібы прадчуваючы нешта, адскочыў. І тут жа нешта дзынкнула ў сценку. Ледзь не па тым месцы, дзе толькі што была мая галава. Павёў туды ліхтарык — мокрая пляма на камені, а ўнізе падрузгатаная пляшка і — з жахлівай яснасцю — этыкетка з надпісам «Ласітэ».