— Дзень школьны. Час школьны. Чаго вы адтуль?
— Вольных было чатыры гадзіны, — усміхнуўся «каўбой». — «Вокан» нарабіў завуч, чорт такі. Пайшлі на раскоп. Вершы чыталі.
— І не нагарае?
— Яшчэ як. Але што ж з іх вырасце, калі такога часам не рабіць?
— А вы?
— А мне бакі не купляць. Як усім, хто на «ігрышчы, дзе… гудуць у кантрабас».
— А адкуль вы? — спытала Сташка, і я ўзрадаваўся.
— Ад касцёла. Што там такое ксёндз?
— Бог яго ведае, — сказаў Міхась. — Мне здаецца, тут усе нейкія… Гм. Увесь нейкі памешаны на хадах, на катакомбах пад замкам… Дзеці, куды?!
Тыя, сапраўды, палезлі былі цераз хісткія дубовыя парэнчы ледзь не ў рачулку, якая тут разлівалася невялікім стаўком. А да нас падбіліся Стасік ды Васілёк Шубайла. І яна гладзіла іх па спалавелых ужо зараз ад сонца галоўках. А я раптам адчуў, як гэта было б прыемна, каб гэта мае ды яе. І адначасова ўсвядоміў, што з ёю, значна маладзейшай, гэта немагчыма. Пра іншае трэба было. І таму я спытаў:
— Стасік, а дзе тыя падземныя хады?
— Трохі ведаем. І дзед трохі ведаў. І ключ быў у дзеда, ды ён згубіў. А мо пробашч забраў. Ды туды можна і праз дзірку, і праз правал, дзе дойлід ляжыць.
— Які?
Змагіцель чуў канец размовы, вяртаючыся (выканаў прынцып беларускіх будачнікаў, які, па словах Глеба Ўспенскага, гучаў: «тащить и не пущать»).
— Ды байкі, — сказаў ён. — Кажуць, што, калі тыя, Валюжыніч ды Альшанская, збягаць збіраліся, дойлід іх папярэдзіў: «ведаюць, сочаць».
— Чаму так?
— Казалі — быў палюбоўнікам сястры Альшанскага. Ну і… чорт яго ведае таямніцы чалавечых сэрцаў.
— Ну, з імі невядома што здарылася, — сказаў я. — А з ім?
— Кажуць, сарваўся з абледзянелых рыштаванняў. І тая сястра заліла ў корсце, у калодзе ягоны труп мёдам і адвезла, каб зрабілі мумію. І дагэтуль ён там, у падполе, сярод іншых Альшанскіх ляжыць. А яна так незамужняю і памерла.
— Значыць, не сам Альшанскі быў фундатарам гэтага касцёла?
— Людзі кажуць, сястра. Але гэта тыя ж «шведскія курганы» ды «французскія магілы». Запісаны — ён.
І тут я ўсё ж задумаўся. Чаму ён, той Альшанскі, лічыцца фундатарам, будаўніком усіх касцёлаў наваколля? І гэтага. Падазрэнне — нядобрая рэч, але тут яно зноў кранула маю душу. Раз хлусня ў гэтым — значыць, мог схлусіць і на судзе, калі даваў клятву на Евангеллі, што тыя — жывыя.
Развітаўшыся з імі, я закурыў (шмат я пачаў курыць) і пашыбаваў праз праломы да адзінай брамы замка. Вячэрняе апельсінавае святло клалася на маладую лістоту, і замак сярод гэтай раскошы здаваўся брыдкай, але й прыгожай (а гэта і сапраўды бывае так) рапухаю сярод кветак. Прайшоў у браму і ўбачыў на каменнай брыле ксяндза з блакнотам у руках.
— Што-то вы тут, ойча Леанард, — сказаў і зноў здзівіўся гэтаму прыемна-лісінаму выразу на разумным твары.
— Думаць тут люблю.
— Казані складаць?
— Часам складаць казані, — сказаў «яшчэ адзін падазроны». — Адпачываць.
«А каб цябе, — думаў я, — тыпова евангельскі тып, які не пераносіць хлусні і несправядлівасці».
Шмат чаму нядобраму навучыла і мяне гэтая справа: недаверу да ўсіх без выключэння людзей.
— І хады ведаць?
— І хады… Вы вячэралі сёння? Не? То хадзем да мяне.
…У плябаніі ксяндзу належала — я не ведаю, колькі там — пакояў. Мы сядзелі ў адным, цнатліва бялюткім, з мноствам розных статуй на сценах (часцей за ўсё кірмашовых, гіпсавых, як сучасныя кітайскія бажкі, размаляваных у ружовае і блакітнае, але часам і старых, драўляных, пабітых часам, з даўняй патрэбай у рэстаўрацыі). А на стале быў абрус-самакорм (бо не сам жа Жыховіч зрабіў усё гэта і гарачым падаў на стол). Тут табе і карп, запечаны ў цесце, і траўнічак анісавы, і «тапелец», што кіпеў у масле (усе старыя беларускія стравы, ледзь не з першай нашай кухарскай кнігі, «гаспадыні літоўскай»), і «пакаштуйце гэтае варэнне са сцяблін аеру, самая ніжняя частка».
І на ўсё гэтае гарганцюарства прымільна глядзеў вялікі чорна-белы (а вушы «страшэнна падобныя на локаны Наталлі Ганчаровай з партрэта Гаў», як сказаў ксёндз) спанель Ас.
Ас па-расейску «ас», па-нашаму — нічога, а па-польску «туз». Жыховіч паклаў яму цукар на нос і загадаў цярпець. Шагрэневая цюпка пакутліва моршчылася, ледзь не плылі з вачэй слёзы. І ксёндз злітаваўся:
— Ас! Міліцыя!
Пёс падкінуў цукар у паветра, схапіў яго і, падціснуўшы хвост, кінуўся пад ложак.
— Ну а калі сапраўды міліцыя? — засмяяўся я.
— У такую гульню пры ёй? Н-не-е… Ану, траўнічку.
Ас вылез з-пад ложка і зноў аблізаўся.
— Ведаеце, што мне прыйшло ў галаву? З Шаўчэнкі.
— Ведаю, — падумаўшы, сказаў ксёндз. — Як дзеці на вялікдзень на саломе хваліліся. Таму бацька чобаты справіў. Той маці хустку купіла… «А мені хрещена мати лиштву вишивала».
— Правільна, — «А я в попа обідала» — Сирітка сказала».
— Но, то чаму «папу» і праз сто год з гакам не накарміць «сіротку» абедам? Думаеце, я не бачу, як вы на мяне ў «век ракет і атамаў» глядзіцё? Праз «хады» і «таямніцы».
— Я не гляджу.
— То ж бо. І хаця апраўдвацца ні перад кім не хачу — перад вамі чамусьці хочацца. Адчуваю нешта.
— Не трэба апраўдвацца.
Жыховіч задумаўся. Нават твар ягоны абвіснуў, пацяжэў.
— Асаблівай ахвяры ў гэтым маім учынку не было. Мне і дагэтуль сорамна, што я паднёс царкве нягодны дар, але гэта праўда, ахвяры не было.
Рука яго гладзіла вушы Аса.
— Быў я дужа рэлігійны. Больш, чым зараз. І ў вайну быў упершыню закаханы. І — рэч амаль несумяшчальная — быў у падполлі… Яе схапілі, як я раніцай пайшоў па цыгарэты… Курыце… Пасля вайны я стаў ксяндзом… Асаблівай ахвяры не было.
…Я брыў ад яго і думаў, што сапраўды мы ўсе атручаныя бойкай. Магчыма, вар'яты. Але адкуль я ведаў, хто, што і як. Хаця б той ксёндз Жыховіч.
А меў вечар трагікамічную развязку. Досыць цяжкую і досыць камічную. Я прыйшоў у сваю бакоўку і заваліўся спаць. Досыць рана. І нават у сне адчуваў, як у мяне баліць галава. Нешта з ёю ў апошні час рабілася. Усё больш небяспечнае.
Сон быў таксама цяжкі. Тая самая галерэя, на якой тады бачыў я цені. Малады бялявы напаўхлопец-напаўмужчына (высокі, магутныя мускулы і дзіцячыя вочы, такія сінія, як рэдка бывае нават на гэтай зямлі). Маладая жанчына, чамусьці вельмі падобная да Сташкі.
— Я не магу, — шапацела яна. — Ён выдаў нас, выдаў сяброў, выдаў цябе.
— Не толькі выдаў, — кінуў ён. — Прыбраў усё майно паўстання. Як ты магла калісьці пайсці з ім?
— Я тады не ведала цябе. І я не ведала, што ён можа…
— Ён можа яшчэ і атрымаць ад караля трэць за выдачу сяброў, гэты знатнік*, — прагучаў глухі, але прыемны голас, і я ўбачыў, што да іх падыходзіць дужа худы і высокі, светлавалосы чалавек.
* Знатнік — багаты, уплывовы.
Тут я здагадаўся, што гэта Грыміслаў Валюжыніч, ініцыятар «удару ў спіну», жонка Вітаўта Хвёдаравіча Альшанскага Ганна-Гардзіслава і дойлід касцёла, вежы якога, адзетыя рыштаваннямі, ужо ўзвышаліся над мурамі вонкі.
— Гэты ісцінстваваць* не будзе, — сказаў Грыміслаў. — Для яго ёсць дзве очыны**. Адну ён прадасць, але за другую зубамі будзе трымацца, глоткі грызці за свае скойцы***.
* Iсцінстваваць — гаварыць праўду.
** Слова «очына» мела два сэнсы: а) бацькі, продкі; б) маёрат, маёмасць.
*** Скоец — манета.
— Родныя, — сказаў дойлід, — ён усё аднекуль ведае пра вас. І таму ўцякайце. Пакуль не позна. І вазьміце з сабою альмарыюм* з грашыма. Яны не належаць яму. Яны — людскія, вашы. Тых, што ўсталі. Уцякайце. Сядайце недзе на Нёмане на окрут** і некуды ў немцы. Пасля вернецеся, калі зноў прыйдзе ваш час, калі трэба будзе купляць зброю. Здрадны род. Што продак Пятро, які князя Слуцкага выдаў, што гэты.
* Альмарыюм — скрыня, радзей шафа.
** Окрут — карабель.
— Што, коні ёсць? — спытала жанчына.
— Ёсць коні, — сказаў Грыміслаў. — Ключаюся* з табою, дойлід. Але столькі рэмняў** золата, столькі каменняў, столькі сажоных*** тканей — хіба іх павязеш у саквах?
* Ключацца — падыходзіць, быць вартым. Тут у сэнсе згаджацца.