На шчасце, нас дагналі Альшанскі з Ганчаронкам. Некаторы час ім з намі было па дарозе.
— Ну як? — спытаў старшыня.
— Ды паступова разгортваецца клубок, — невядома з якой прычыны пусціў я пробны шар. — Але да канца ўсё яшчэ далёка.
— Ды вось спрачаемся, у другой ці ў трэцяй ад рога, — другі раз за вечар «залажыла» мяне дурненькая Сташка.
— А можа, і не ў іх, — пастараўся я выправіць становішча.
І тут нечаканая падзея перапыніла небяспечную размову. Нехта, цьмяны ў сутонні, кінуўся з дарогі ў хмызы. Зашалахцеў за ім алешнік.
— Хто такі? — ціха спытаў я.
— А чорт яго ведае, — сказаў Ганчаронак. — Мо пара нейкая… А мо… Лапатуха. Чорт яго заўсёды ведае, адкуль і куды яго нясе. Чаго яго не адправіць куды трэба. І дагляд, і рэжым, і ежа.
— І траўма, — сказаў Альшанскі.
— Ды ён жа горш за ўсякую траўму сабе шкодзіць. То начуе ў бабкі Настулі — з жаласці яна яго пускае. А то ў нейкай з вежаў замка. І не толькі тады, калі цёплы час. Закалее неяк, а нам — адказвай.
— Траўма, — Сташка ссунула свае чорныя бровы.
— Ды ён бясшкодны. Нам шкада яго, — сказаў Нічыпар.
— Лухта якая, — забурчаў Ганчаронак. — Бясшкодны вар'ят… Вось маўчыць-маўчыць, а потым — нападзе. Сцеражыцеся, усё можа быць.
— Людзей на вачах ягоных стралялі. Дапускаю, што і сваякоў ягоных.
— Эх, хлопцы, пабойваюся я яго, — уздыхнуў бухгалтар. — Калі нападзе, то я… сабаку ўдарыць не магу, а як жа чалавека… Ну добра, нам сюды.
— А нам сюды, — сказаў я і павёў Стасю да мосціка цераз Альшанку.
Мосцік той заслугоўваў хутчэй назвы «кладка», мне давялося ўзяць спадарожніцу за локаць. І я адчуў яго вастрыню і цеплыню і як рука, вышэй сугібу, пакрылася лёгкай гусінай скурай, ці ад холаду, ці ад хвалявання. І зразумеў, што прызначыў бы ёй сустрэчу хоць на краі свету. І мне вельмі хацелася пацалаваць яе, і паплысці, паплысці куды пад гэтым зорным небам, над гэтай нястрымнай нешырокай ракой, і сказаць ёй нешта такое, чаго ні разу не казаў ніводзін мужчына ніводнай жанчыне. Мне здалося, што і яна нібы няўлоўна цягнецца да мяне.
Але я прыкусіў язык. Я не меў права. Я быў на дзесяць з гакам год старэйшы за яе. Яна была — дзіця, а я — чалавек, які досыць ці не занадта многа пажыў.
«Дзяўчына, што табе ўва мне», — падумалася мне толькі словамі з нейкага старога падання.
І таму я толькі пастаяў на вяршыні, на краі гарадзішча, з тугою прасачыў вачыма, як яна, танюткая трысцінка, ідзе да вогнішча, і змрочна паплентаўся назад да сваёй «плябаніі».
Вось так яно і было ў той вечар: зазірнуў мімаходам у вочы каханню, можа, таму, якое ўсё жыццё чакаў, і сам сабе сказаў: «Не трэба. Не смей. Не псуй жыцця выдатнаму чалавеку, які варты лепшага». І сядзеў я на сваёй прызбе-бервяне, шалёна курыў, глядзеў у ноч і думаў пра Сташку і пра тое, ці такое яно было, каханне ў мінулым. Ці больш разлічанае, ці, можа, гэта ў нас яно больш разлічанае, а ў іх было куды болей мужнае і самаахвярнае?
Здаецца, урэшце задрамаў. Плыў сіняй-сіняй, дужа цёплай ракой, што вілася між залатых берагоў. Нехта вабіў мяне з гэтых берагоў і знікаў, каб з'явіцца зноў, у іншым месцы. Я ведаў і не ведаў, хто гэта, бо яно не паказвала свайго аблічча.
А потым паўсюль ужо была ярка-сіняя вада, а над галавою такое ж сіняе неба. А я ляжаў на спіне, адчуваючы неба вачыма, а ваду спіной.
І я быў цэнтрам сусвету. А пасля ў гэтым сусвеце з'явілася чыёсць аблічча. І я, ані не здзівіўшыся, чамусьці сказаў уголас:
Усё бачнае ізноў укрыюць воды,
І божы твар адвобразіцца ў іх.
— Спіцё, — як праз туман, убачыў я аблічча Леанарда Жыховіча.
— Не.
Вочы ксяндза як навейвалі нешта.
— Гэта добра, — злавесным, як мне праз паўсон здалося, голасам сказаў ён. — Думайце аб людзях, думайце аб сабе.
І знік. А мне раптам так захацелася спаць, што я ледзь дабраўся да ложка і, як у яму нейкую, праваліўся ў сон.
І гэта зноў быў той сон. Той і не той, працяг таго і нібыта не працяг.
Удар і падзенне, імклівае, з рыштаванняў вакол шпіля касцёла. Бліжэй і бліжэй зямля. Чырвона-зялёны, як ззянне фосфару, а пасля — выбух яго. І цемра.
Не, гэта проста цемра ночы. Гэта ажылі тыя словы Змагіцеля аб людскім погаласе пра тыя ўцёкі.
І вось ноч, волатавыя стаўбуры дрэў, рэдкія зоркі ў рэдкіх прасветах лістоты і коні, што з хрыпеннем ірвуць грудзьмі паветра, не, вецер, амаль ураган. Але коні стаміліся, але за спіной усё бліжэй і бліжэй ляск іншых, варожых падкоў.
І вось паляна, скупа асветленая бледна-зялёным святлом ветаха. На ёй, у дальнім яе канцы, трохкутныя або чатырохкутныя піраміды з дзікага, шэра-зялёнага ад моху камення.
«Дзе я іх бачыў? Ага, ля Бяздоннага возера пад Слонімам і яшчэ… і яшчэ ля сцежкі, якой ішоў з Замшан у Цёмны Бор.
Там мы прабіліся, мы вырваліся з іхняга кальца, але які ў гэтым толк, калі яны гоняцца, наступаючы на пяткі, а нашы коні змучаныя і ўжо вось-вось ворагі будуць тут. Конь Ганны, маёй цяпер ужо назаўсёды, Гардзіславы маёй, змучаны менш. І далей яна павінна ўцякаць адна, бо ратуе цяпер ужо дзве душы. А я застануся прыкрываць яе адыход. На каго яна падобная абліччам пад гэтым капюшонам. На Станіславу? На Сташку. На якую такую Сташку?»
— Скачы, Ганусю. Ты лёгкая, твой конь не так выснажыўся… Ляці!
— Дурны… «І ложа, і пошасць, і радасць, і болесць, і смерць адна на дваіх».
— Ляці!
Позна. З трох бакоў паляны выязджаюць з пушчы коннікі, абкладваюць нас дваіх. Паўкруглы аршак* усё болей замыкае кола вакол нас. Чалавек сорак. Некаторыя ў цэльнакутых латах, некаторыя ў калантарах, жалезных, пласцінамі, сёй-той проста ў кальчузе, два ці тры ў рабрыстых, кутых палосамі панцырах (з суцэльных шлемаў праз шчыліны відаць толькі бязлітасны бляск вачэй). А унь трох у лускатай усходняй зброі. А там некалькі ў карацановай зброі, таксама кальчужнай, але кожнае колца прыкрыта зверху сталёвай лускавінкай. У некаторых тыгрыныя скуры на плячах (гусараў, ці што, пазычыў у нейкім бліжэйшым вайсковым аддзеле ці, можа, некаторыя сябры-гусары самі вызваліся прыняць удзел у ловах). Дзіды, шаблі, чаканы. Нібы на вялікі бой выехалі, а не на спайманне дваіх знясіленых людзей.
* Аршак — світа, атрад.
І ў сярэдзіне паўмесяца — сам. Едзе на вараным кані, укрытым карацановай папонай. З-пад чорнага кунтуша ў залатыя травы выбіваецца адамашкавы* жупан. На галаве шапачка футраная з блакітным пяром. Падпяразаны вясёлкавым турэцкім шалем. І аніякіх латаў.
* Шаўковая візэрунчатая тканіна.
«Брэшаш, вельмішаноўны. Я ведаю. Пад жупанам амаль заўсёды ў цябе кальчуга. Дый пад шалем — паручуся — для вернасці пас металёвы».
А аблічча?! Крый божа нават у сне ўбачыць такое падабенства сатанінскае. Твар як з медзі літы, чорныя вусы, чорныя, але ўжо з сівінкай хвалістыя валасы, рот цвёрды, вочы колеру сталі, пранізлівыя. Вусны крывяцца, як дзве змейкі.
— Ну што, верная жоначка? Што, нявестнік?* Ці ўдалася ж табе твая намова?** Ці паспяхова табе вялося маё дабро плюндраваць?***
* Нявестнік — жаніх. ** Намова — падбухторванне. *** Плюндраваць — рабаваць, расцягваць.
— Крадзенае яно, тваё дабро, — я адкідаю манашы капюшон: — А дзе ня крадзена, то гэта юдавы грошы, цана прададзеных табою сяброў.
Ён набліжаецца. Вараны топча верас, скошвае вочы і скаліцца, як д'ябал.
— Ну што ж, — усміхаецца коннік. — Насмеліўся ты на жонку, на майно маё кусіціся*, то не скардзіся цяпер і на маю адправу. Што выбіраць будзеш? Абешанне, або тыдні два ва ўсніяным квасе, каб шкура мацнейшая была, ці сляпымі вас у паток?**
* Кусіціся — квапіцца, рабіць замах, пасягаць.
** Адправа — прысуд і выкананне прысуду. Абешанне — павешанне. Усніе — шкура. Усніяны квас — дубільная кіслата. Паток — выгнанне.
— Умёт ты, гразь, — адказваю я.
Ён махае аршаку пальчаткай.
— Спешыцца ўсім, — і ўскідвае галаву. — Ат чорт! Во нюх у заразы. І адкуль зведаў, куды скачам? Хітры чортаў ліс.
Толькі праз нейкую хвіліну я чую далёкі спеў рагоў, які ўсё набліжаецца і набліжаецца. Пасля паміж чорных стаўбуроў-волатаў сям-там пачалі з'яўляцца водсветамі, а пазней усё мацней і мацней налівацца чырванню рухомыя, усё больш зыркія плямы.