Выбрать главу

І вось тут я падумаў, што метрыкай карыстаюцца пераважна на вёсцы, што шукаць, між іншым, трэба і ў леснічоўках. І ўжо ў сёмай з іх жыла сям'я па прозвішчы Сай, і нічога там пра забойства не чулі, а сын іхні Сай з'ехаў, каб паступаць у школу «на ляснічага».

І тут закруцілася кола.

І паказанні Саяў: бацькі і дзвюх дачок. І паказанні сваякоў Высоцкага. І пазней вочныя стаўкі — усё пайшло ў ход. А карціна злачынства зрабілася такой яснай, як быццам я яго назіраў ад пачатку да самага канца.

Ну, спачатку біяграфію. Біяграфія звычайная. Выслухалі яе з суддзёю следчым і віцэ-пракуратарам і не здзівіліся.

Байструк, бацькі не памятаў, дый матка яго, відаць, не ведала. Таму прозвішча — матчына. Пасля і маці паехала кудысь — ці на працу ў Баварыю (вербавалі тады), а яго, двухгадовага, кінула бабцы, сваёй маці. Праз дзесяць год тая памерла, і падлетак перайшоў на рукі цёткі, малодшай сястры маці. Тая настаўніца, муж яе — таксама. І яна за хлопца старэйшая толькі на дзесяць год, і… словам, з тых, пра якіх кажуць: «Пробы ставіць няма дзе…» Вучыўся хлопец і нават розум і здольнасці паказваў не абыякія, але вучыўся няроўна. А тут яшчэ родная цётка дапамагла. Адкрыла яму, пятнаццацігадоваму, усе, якія сама ведала, «таямніцы Амура». Словам, зрабіла з няўстойлівай асобы, ды яшчэ й не асобы пакуль што, матар'ял на скончанага, закаранелага нягодніка.

Дзядзечка нешта падазрае. Дзядзечка пляменнічка і сабрата выпіхвае ў лясную школу ў Бялай-Падляскей. Той канчае, нават з поспехам. На службе ў дзяржаўных лясах. А пасля калейдаскоп. Жаніцьба на ўдаве, прадажа гаспадаркі, пераезд у Варшаву. Абкраў маладую да ніткі і ўцёк. Спаймалі. Далі восем месяцаў. Добрыя людзі часам гадамі чакаюць дарэмна, а нягодніку, як заўсёды, амністыя тут жа падваліла. Прыказка гэтая наша непрыстойная, але «багатаму чорт і ў кашу валіць, а беднаму і ў поліўку лье». Словам, дзе і так густа, то каб яшчэ гусцей было.

На волі ўладкаваўся практыкантам у ляснічага Хмялевіча. Амаль адразу выпараецца разам з грашыма, асабістым пасведчаннем і пісталетам (вось яна адкуль віцца пачала, нітка замшанскай трагедыі).

Зноў Кладна. Тут і пазнаёміўся з Антасевіч. Што ж, хлопцу дваццаць восем (ёй дзевятнаццаць), прыстойны, ясна ж, «не жанаты». Коміваяжор, але ж не так складана і якар кінуць, скажам, у фірме «Ян Пліцка і сын». Лясная фірма. І ён — знаходка. Лес ведае, знаёмствы ў LP (lasy panstwowe) ёсць, ледзь не да вуліцы Вавельскай, 54, дзе дырэкцыя галоўная (прынамсі, так кажа). Спец і па дыхце, і па тэрпентынарнях, і па дыстылярнях жывіцы. Ён табе і кнігі весці і інкасатар — знаходка, і толькі. Расце давер — расце і махлярства і ашуканства. Ну, тут падрабязнасці не патрэбны. Тонкае было круцельства. Так і накруціў ён сабе восем тысяч злотых. Ну і тут чамусьці адкрыўся Антасевічуўне. Тая — каб вярнуў. Ён — у аніякую. Пасварыліся. І тады ён «звяў» адзін.

Прыглядаўся да розных месц, куды можна было б укласці капітал. А тым часам раз'язджаў на веласіпедзе ў мундзіры палясоўшчыка прыблізна ў шматкутніку Аўгустоў — Беласток — Наваградак — Альшаны — Ліда. Кладна, вядома, мінаў.

І вось Замшаны і леснічоўка ў Цёмным Бары. Стары Андрон Сай, старэйшая дачка Агата, сын Юллян ды малодшая доня — Ганна. Зайшоў папіць дый начаваць застаўся. Ну, а дзе начлег, там у нас і вячэра. Знайшлася і бутэлька. Знайшлася пад яе і добрая бяседа… Даверлівасць гэтая наша, прастата — горш яны за любое крымінальнае, за кожнае нават дзяржаўнае злачынства.

Стары быў старой школы, калі ад палясоўшчыка толькі і патрабавалася, што веданне лесу на ўчастку ды сумленнасць. А новыя часы патрабавалі яшчэ і сякой-такой асветы. І палясоўшчык «з асветаю» выдаўся ім асобай прыблізна таго самага гатунку, што ў нашым коле доктар ганорыс каўза Сарбоны або лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне кібернетыкі.

Разгаварыліся па душах. Андрон паскардзіўся, што яго наследны прынц не ўспадкуе пасля яго ляснога каралеўства Замшанскага, што адзіны цяпер спосаб вывесці дзяцей у людзі, уратаваць іх ад галечы — даць ім асвету або хаця б патрэбную спецыяльнасць. І вось і хацеў бы Юллян у палясоўшчыкі, але грошы ўзяць дзе, дзе заручыцца падтрымкай? Ясна, што нейкі з горада заўсёды мае перавагу над вясковым, тым болей над лясным чалавекам. І чуў многае, і чытаў, і, нават хай сабе без ахвоты, бачыў. Хаця, можа, і дурнейшы за таго вясковага, як амаль кожны пародзісты сабака дурнейшы за дварнягу. І куды больш не прыстасаваны да жыцця.

— А можа, і я дапамагу, — сказаў Крыштоф. — Я скончыў Вышэйшую лясную школу ў Цешыне. Знаёмствы ў лясніцтве засталіся.

Не ведаю, магчыма, з гэтага выхваляння, якое не мела аніякай мэты, — от, так сабе, хлестакоўскае выхвалянне! — усё і пачалося.

Юллян з'явіўся. Год на шэсць маладзейшы, але фігура, колер валасоў, рысы аблічча былі крыху падобныя. Усміхнуўся — двух пярэдніх зубоў няма.

Пачалася размова. Дзе, ды што, ды як з хлопцам вялося, ды ці мае сяброў недзе на Кракаўшчыне, ці недзе там пад Бельскай-Бялай, Цешынам, Рыбнікам ці Жыўцам. Не меў аніякага, дый тут — мала.

— Там перавагу аддаюць людзям стопрацэнтна здаровым. Нават каб гландаў і апендыкса не было.

— Апендыкс выдалілі.

— Там на здароўе не менш глядзяць, як у арміі. Адбор і адбор.

— Ясна, што адбор, — уставіў і стары. — Толькі ж і маем права на трыста шэсцьдзесят тысяч войска.

— Па Версальскаму дагавору, — сказаў Крыштоф, «прасвяціў» цёмных. — Ясна, што ўжо няшмат, але патрэбны адборныя.

Гэта пазней ужо, калі мы яго, скурвысына, раскалолі, ён прызнаўся, што ўжо тады задумаў «падстаўку», бо паліцыя яго і сапраўды рана ці позна спаймала б.

Раніцаю сказаў, што хутка вернецца, вось толькі ў Цешыне спраўкі навядзе і на каго трэба націсне. Ну, а паколькі пашпарты тады былі не абавязковыя і многія, асабліва з вёскі, іх не мелі, то досыць і метрыкі і пасведчання за чатыры класы школы паўшэхнай. Ну і грошай крыху на вопратку і на першы час.

І пасведчанне ляснічага Хмялевіча — на стол. І дзе ўжо тым было, простым, нямудрым людзям, нязвыклым да ашуканства, заўважыць, што Хмялевіч год на пятнаццаць старэйшы і што «дыстынкцый» ляснічага ў Высоцкага на мундзіры няма.

Ні ў які Цешын ён, ясна, не ездзіў. Вярнуўся дзён праз колькі, прадыктаваў заяву ў дырэкцыю, заверыў, што прымуць. Толькі трэба трыста злотых за інтэрнат заплаціць (з поўным пансіёнам, хаця хатняй каўбасы вэнджанай ды паляндвіцы падкінуць і не шкодзіць). І трэба яшчэ дзесяць злотых за маркі казны.

Дамовіліся сустрэцца праз пару дзён на бліжэйшай станцыі і ехаць некуды аж пад Беласток, дзе ў леснічоўцы, блізка, збор кандыдатаў.

Як вы думаеце, што мне было ў гэтай гісторыі асабліва брыдка? Не ведаеце? А тое, што гэтая… ухітрылася яшчэ пасля са старэйшаю дачкою цалавацца за гумнамі. Ведаючы ўжо ўсё.

Ну і вось. Перон паўстанка. З'яўленне Юлляна. Цень лёгкага незадавальнення, калі той сказаў, што здолелі сабраць толькі дзвесце пяцьдзесят злотых. Некалькі прыпынкаў цягніком. Пасля некалькі кіламетраў на таксі. Калі тое ад'ехала — выявілася, што злезлі зарана, што трэба яшчэ метраў дзвесце прайсці да патрэбнай сцежкі (таксіста пасля знайшлі, і ён паказаў і паваротку — не тую, і сказаў, што «палясоўшчык» даў яму звыш таксы тры злотых, а астатнія грошы і дакуманты «маладога» схаваў у кішэнь). Урэшце паварацілі ўлева. Надыходзіў змрок. Ужо і сцежку было відаць кепска. І тут упершыню нешта, мабыць, стукнула ў галаву Саю:

— Куды мы?

— Ды тут, блізка ўжо.

І тут, бы ў дрэннай меладраме, закрычаў пугач (Крыштоф адзначыў гэтую дэталь пазней, калі стала марнай справай маўчаць). І гэта было злавесна.

— Не пайду далей, — сказаў Юллян. І ўбачыў, як сказаў нехта, «самае сумнае відовішча на свеце», дзірку чужога пісталета.

— Скідай вопратку.

— Што ж я зрабіў вам? — дрыжучы, пачаў маліць небарака.

Сярод вясковых хлопцаў з глухіх месц хапае такіх ціхіх, «вады не замуцяць», людзей. І гэта, на мой погляд, было адзіным апраўданнем «ідыятызму вясковага жыцця», калі ён яшчэ не адыходзіў у нябыт.

— Вы мяне не забівайце. Злітуйцеся. Грошы бярыце. Я маўчаць буду. Не вярнуся ў Замшаны. Далёка-далёка з'еду.

— Кінь енчыць. Памяняемся адзеннем, дый ідзі сабе.