Той нават не спытаў, нашто тым адзеннем мяняцца. Скінуў усё і чакаў, пакуль Крыштоф з пісталетам павольна апранае ягоныя порткі, пінжак, а ўсё сваё кідае пад ногі хлопцу. Яму б у той час скочыць у гушчар і бегчы: у адной калашыне не пабегаеш. Але ён быў запалоханы, і ён… паверыў. Яму хацелася верыць. Бо хто ж не паверыць, калі хочацца жыць?
І таму, калі ён пераапрануўся, ён адразу атрымаў кулю ў скронь. З правай рукі і таму ў левую скронь. Упаў. Яшчэ варушыўся і таму атрымаў, зверху, другую кулю, у сэрца.
А пасля забойца падцягнуў Сая да невялічкага ўрвішча, адкінуў яму адну руку так, каб звісала над дрыгвою. У запале не заўважыў, што адкінуў правую, не тую, калі ўлічыць, што рана была ў левую скронь.
Ну а потым засунуў забітаму за борт пінжака загадзя напісаны ліст і пайшоў сабе. А пісталет дарогаю — трэцяя памылка — кінуў у нейкую ручаіну.
Думаеце, канец? Ды не. Што там дзвесце сорак злотых, калі з васьмісот — сотню паспеў пражыць. Калі ўжо зроблены першы крок па дарозе, на якой чалавек ператвараецца ў брутальнага і без лішняй маралі звера, то астатнія крокі даюцца лягчэй. А тут яшчэ ён не ведаў пра свае памылкі, пра існаванне нас, верыў, што ў скуры Сая яму бяспечна. І яшчэ ведаў, што простыя лясныя людзі не ведаюць усёй меры цынізму такіх, як ён.
Таму з Варшавы піша ліст і дасылае фота Антасевіч. А пасля з Цешына, падрабіўшы почырк (узор — заява Сая), піша бацьку забітага, што дзякуючы пану Хмялевічу паступіў, што ўсё добра, толькі патрэбен новы касцюм, гадзіннік і сто злотых на выдаткі.
Гэты забойца так і застаўся ў душы дробным кавалачнікам, які памёт здатны з-пад сябе з'есці.
І прыехаў. І расказаў аб планах Юлляна, аб сябрах. І атрымаў усё, што хацеў. А ад старэйшай дачкі — таксама. Вось што самае страшнае!
— Малодшая цяпер за Салвэсем Цяцерычам, — сказаў я.
— А старэйшая за маці-зямелькай. Пасля суда вешацца хацела (і яна і стары давалі паказанні, ясна ж, пры замкнёных дзвярах, але ўявіце сабе адчуванне: абдымаць забойцу брата). Знялі. То пасля ніводнага хлопца да сябе не падпускала, а ў партызанах, як знарок, лезла ў самыя небяспечныя справы. І смерць яе мучыла-мучыла, а пасля і злітавалася.
І ведаеце што? Я не быў ані ў якой меры прыхільнікам пана Мацыеўскага*, але пасля таго як даведаўся пра гэтую гісторыю Крыштофа з Агатаю, з ахвотаю кароткі час пабыў бы з Крыштофам і панам Мацыеўскім у адной кампаніі. А пасля нават з прыемнасцю запрасіў бы яго на гарбату і пазнаёміў з сям'ёй.
* На ўсю Польшчу ў той час быў толькі адзін кат, якога вазілі па меры патрэбы з месца на месца. І хаця «выступаў» у масцы — усе ведалі ягонае прозвішча — Мацыеўскі. На кожнага павешанага ўжываў свежую пару белых пальчатак. Пасля выканання прысуду — выкідаў старую пару са словамі: «Справедлівосці стала сен задосць» — «Справядлівасць перамагла».
Хаця мне вельмі не падабаліся гэтыя яго штукі з белымі пальчаткамі. Неяк не быў я ад іх у захапленні.
Але да Мацыеўскага яшчэ быў акружны суд. Пасілены эскорт паліцыі, варожасць народа.
Прызнаўся ва ўсім, і нічога тут не мог дапамагчы адвакат (псіхіятр прызнаў Высоцкага адказным за свае ўчынкі) з ягонай канцэпцыяй «канстытуцыянальнага псіхапата», пазбаўленага ў дзяцінстве пяшчоты і цеплыні.
Прысудзіў суд (раіліся дзве гадзіны) да пакарання смерцю. А той, хоць і казаў, што «жыць не хоча і не можа» — падаў на апеляцыю.
Выводзілі яго з суда праз чорны ход. Іначай лінчавалі б. Бо нянавісць аж віравала, як кіпецень у катле.
Суд апеляцыйны ў сярэдзіне жніўня зацвердзіў прысуд суда акруговага. Бо і што можна было дадаць яшчэ, якія абставіны маглі б змяніць погляд людзей на рэчы. Хіба гэта было нешта вартае паблажлівасці? Выключная жорсткасць, зверства, бесчалавечча, нуль маралі, аніякага раскаяння. Небяспечны люты звер, кат і вылюдак.
Шаноўны пан Мацыеўскі выехаў у чарговую дарогу, даруй яму бог парачку больш дробных грахоў за адну гэтую паездку.
Я не прысутнічаў на апеляцыйным судзе, не быў сведкам выканання прысуду. Быў за мяжою і застаўся там яшчэ на год, бо 1 верасня грымнула вайна.
Палякі нібыта напалі на радыёстанцыю Гляйвіц.
— А ўсё-ткі як гэта адбылося?
— Кажу, Мацыеўскі выехаў. І добра, што скончылі хаця з адным падонкам перад тым, як Польшчы як ніколі спатрэбіліся сапраўдныя людзі.
Яны ўсё ж былі людзі слова, мае спадарожнікі. Сказана — зроблена. З'явіўся ў прызначаны тэрмін да касцёла і кляштара бернардынаў — умова застаецца ў сіле. Дакладны — значыць, дакінем амаль да Альшан з Кладна. Нават Хілінскі быў у наяўнасці, хацеў паслухаць пра маю размову з былым пракуратарам, пасля вярнуцца ў Кладна і назаўтра прыехаць зноў, ужо аўтобусам.
У тую хвіліну, калі я ўлез у наш «казёл», яны якраз канчалі нейкую спрэчку, якая ўзнікла значна раней.
— Кідаецеся вы тэрмінамі, што далі людзям, юрыспрудэнцыяй, — рэзка кідаў Хілінскі. — А на мой погляд, самае брыдкае ў кожнай прафесіі, асабліва калі ты надзелены ўладаю, — прымушаць людзей рахмана, ціхмяна і пакорліва, без скандалаў цярпець несправядлівасць. Я гэта бачыў… У розных краях.
— Перажыткі, — буркнуў Клепча.
— Ну так, — сказаў Шчука. — Змяшаў божы дар з яешняй. Перажыткі капіталізму ва ўсім, што яму не па душы, бачыць. А ён гэтага капіталізму і не нюхаў. А што, скажам, дзед нейкага таварыша быў… ну… губернскім казначэем, то давай абвінавацім у гэтай нашай гісторыі ўнука першага лепшага загадчыка АблФА. Дык вось твой «падазроны» гэта чалавек добры, гэта чалавек на сваім месцы — якога табе яшчэ ражна? І запамятай, наперад сабе такіх штук не дазваляй. Невіноўны — пусці. Не бойся, самалёта ён не захопіць. У яго аўтамата няма. І іншай радзімы таксама.
— Абстрактны гуманізм!
Дзіўныя пачуцці выклікаў ува мне гэты чалавек.
— Абстрактны гуманізм, — зноў умяшаўся Хілінскі, — гэта калі б Гітлера бараніў за тое, што вегетар'янец і сабак любіў. Гэта калі б я падлюгу, што сабрата ў пяцьдзесят год інфарктам задушыў — і не аднаго, — па галоўцы гладзіў. Глядзі, Клепча, не давядзе цябе гэта да дабра. Не цяпер, то ў чацвер… Расказвай лепей, Антосю, што там было.
Я расказваў падрабязна, і таму, калі скончыў, мы былі ўжо на пад'ездзе да клуба ў Альшанцы, сёння нежывога і замкнёнага на замок.
— Н-на, гісторыя, як кажуць, страшней за страхавітую выдумку, — сказаў Шчука. — Дык гэта клуб?
— Ага.
— То пройдземся на месца, дзе на цябе напалі.
Праз пару хвілін усе рассыпаліся па лагчынцы, а я паказваў ім, што і як тут было.
— Малайчына, — сказаў раптам Шчука.
— А мне якраз гэта і падазрона, — гаварыў, як рэзаў, няўхільны Клепча. — Чацвёра не здолелі адолець аднаго. І запавет на вашу карысць. І запіска тая. Хто яго ведае тую графічную экспертызу. — Ён гаварыў досыць з'едліва, але так гжэчна, што здавалася, вось-вось пачне дыгаць ножкай.
— Перастаньце быць такім нудна-гжэчным, — гэта сказаў палкоўнік, ціха і суха. Ён, відаць, не саромеўся мяне і быў у стане ціхага шаленства.
— Тут вам не Нясвіж, а група міліцыянераў. Дый нават Радзівілам было пляваць на ўмоўнасці. Ім радавітасць даводзіць не было прычыны.
Я развітаўся з імі па дарозе ў вёску. Яны пайшлі да машыны, усё яшчэ ціха гаворачы між сабой. А пэўна маўчалі б, каб ведалі, які ў мяне слых.
— І ўвогуле, Клепча, — сказаў Шчука. — Ты ведаеш, чаму нас у Польшчы «глінамі», у Францыі — «каровамі», а тут часам «лягавымі» абзываюць?
— Не.
— А гэта вось праз такіх, як ты.
Клепча паскорыў крокі, а яны, памахаўшы мне рукой, зноў пайшлі сваёй дарогай. І зноў даляталі да мяне ўрыўкі іхняй размовы.
— То што, перавядуць яго? — спытаў Хілінскі.
— Я б яго звольніў, — сказаў Шчука.
— Та-ак, то на самай справе вялікая страта, — нечакана ўмяшаўся шафёр. — Такі хлопец, як ён, — гэта ж прыкраса міліцыі.
Астатнія прамаўчалі.
Машына кранула з месца і хутка знікла за павароткаю дарогі. Я ішоў да сябе, і мяне калаціла. Усе гэтыя дні я быў на грані нервовага вычарпання.
РАЗДЗЕЛ V У ЯКІМ Я АМАЛЬ СКЛАДВАЮ ЛАПЫ, ПАДВОДЖУ ВЫНІКІ ПАРАЖЭННЯ, АЛЕ СВОЕЧАСОВА ЎСПАМІНАЮ ПРА ПЭЎНУЮ АПТЫМІСТЫЧНУЮ ЖАБКУ
Не падумайце толькі, што ўсе гэтыя дні я адно займаўся паездкамі дадому, у Кладна, туды-сюды, што я захапляўся выключна аналізам людскіх характараў і адносін (хаця гэта і забірала пэўны час), самааналізам, самакапаннем і іншымі малапаважанымі «сама»…