Выбрать главу

— Кішкі ў вас слабыя, дзядзька Мар'ян, — сказаў я. — Гэта год змовы Міхайлы Алелькавіча, князя Слуцкага і яго стрыечніка Хвёдара Бельскага.

— Правільна. І іншых, сярод якіх Пятро Давыдавіч, князь Альшанскі. Што далей?

— Ну-ну, хацелі яны вялікага князя Казіміра на смерць прыправіць і самім правіць краінай. А як ужо не пашанцуе, то ўзняць край і трымацца да апошняга. А як і гэтага не атрымаецца, то з усімі сваімі ўладаннямі ад княства адсесці і шукаць падмогі ў Масквы.

— Так. І чым гэта скончылася?

— Змову раскрылі. Паляцелі галовы. Каго ў цямніцы прыдушылі, каго на плаху пры паходнях, каго, прасцейшага, на палю. Сотні ахвяр з тых людзей, што хацелі самастойнасці. Бельскі Хвёдар Іванавіч, кінуўшы ўсё, уцёк у Маскоўшчыну да Івана Трэцяга і прынёс яму ў «пасаг» «северскія землі».

— А іншыя землі куды падзеў? — іранічна спытаў Мар'ян.

— Ну не ў кішэні ж панёс. Кінуў.

— Вось яно як, — сказаў Мар'ян. — Палі, плахі, прэнг. А хто з галоўных змоўшчыкаў застаўся?

— Валі.

— Альшанскі застаўся. Адзін з усіх. Адзін з усіх, якому нічога не было. Наадварот, сеў у маёнтак моцна, як ніколі. Чаму?

— Моцны быў. Баяліся. Род княскай крыві і з каралямі павязаны не раз.

— Глупства. Не паглядзелі б.

Ён адкінуў кніжку на стол. Моўчкі мы сядзелі адзін насупраць другога. Урэшце Мар'ян правёў рукою па твары, нібы ўмыўся:

— І якраз з гэтага года пачынаецца неверагоднае, проста несамавітае, фантастычнае багацце роду. Тысяча і адна ноч. Скарбы Галконды і Эльдарада. Дораць гарады. Сустракаючы вялікага князя, апранаюць у золата тысячы шляхцюкоў і сялян. Ліставым золатам абабіваюць замкавыя дахі. Словам, усё, на што здатны быў чалавек, раптам узбагаціўшыся.

— Звонку нібы культура, а знутры…

— Дзікунства? — спытаў Мар'ян. — Не. Тут танчэй. Лічы: толькі-толькі да сапраўднай улады прыйшлі. Над душамі, над целамі, над дзяржавай, урэшце. З Усяславам Чарадзеем не дужа паспрачаўся б… А тут… Ну і адмовілі цэнтры, якія стрымліваюць. Адмовілі, як ва ўсіх свежых паноў над усім, хаця многія з гэтых, свежых, і стагоддзямі свой род цягнулі, але на правах… ну, дружыннікаў, ці што. І вось пачалося: звонку гуманісты, звонку вытанчаныя, а ўнутры — тыгр.

— Тут ты, па-мойму, памыляешся, — сказаў я. — Астрожскіх успомні, Міколу Радзівіла, Сапегу Льва. Сапраўдныя, адукаваныя, стрыманыя людзі, хай сабе і страсныя.

— Вонкавы гэта разлад, — сказаў Мар'ян. — Ясна, што ў масе гэта не двор Чынгісхана і не апрычны двор. Усё ж на вачах у Еўропы, пачаткі галоснасці, пачаткі дэмакратыі, хай шляхецкай. Noblesse oblige*. Але ломкі хрыбтоў і тут хапала.

* Становiшча абавязвае.

— «Час — ён заўсёды такі, калі знаходзяцца людзі», — працытаваў я кагосьці. — Але ты ўсё ж гані сюжэт.

— Ну і вось. І раптам праз нейкія там сто год усёй гэтай раскошы — крэс! До — праз меру гуляць, до — ліставога золата, до — загонаў у парчы! Звычайны сярэдняга багацця род. У чым справа?

— Гэтага мы ніколі не даведаемся, — сказаў я. — Мала што там магло здарыцца. Ну, скажам, першае, гэта Пятро Давыдавіч, хаця й моцны, пабойваўся ўсё ж, што прыпомняць удзел у змове, і вырашыў багацце тое пратрэнькаць, пажыць на ўсю закрутку. І нашчадкі трэнькалі. А як пратрэнькалі, то й супакоіліся.

— Т-так, — сказаў ён. — Ты ведаеш, што то за знакі і што азначаюць?

На шматку паперы ён вывеў наступнае:

— Ну, ты мяне за дзіця лічыш. Гэта лічбавыя знакі літар. Першая — легіён, або сто тысяч, другая — леадор, або мільён.

— Ну, а так?

І ён напісаў яшчэ й такое:

— Ну, шэсцьсот тысяч, ну, сем мільёнаў.

— То вось, адкажы ты мне цяпер, даражэнькі мой лабузю, Антон Глебавіч, якім такім чынам мог чалавек, нават самы магутны, прыдбаць за палову года багацце ў шэсцьсот тысяч залатых ды на сем мільёнаў каштоўнымі каменнямі — гэта на той падлік, на той, калі й сапраўды «цялушка-палушка» была, — і якім чынам ён, нават калі б еў тое золата — і нашчадкі ягоныя елі, — мог за нейкія сто трыццаць год такі капітал струбіць? А яны ж кожны год і даходы фантастычныя да таго мелі.

— Магчыма, ведаў аб казне змоўшчыкаў і прыбраў яе да рук.

— А можа, выдаў? — спытаў Мар'ян.

— Такое пра людзей так, без доказаў, нельга рэкнуць. Хаця б яны і гнілі ўжо ў зямлі трыста год. На тое мы і гісторыкі.

— Угм. «История, та самая, которая ни столько, ни полстолько не соврет». Згніў ён толькі не ў зямлі, а ў саркафагу Альшанскага касцёла. Там на саркафагах статуі каменныя ляжаць. Такая, брат, ляжыць пратабестыя, з такой святой ды божай усмешачкай. Сам убачыш.

— Чаго гэта я раптам «убачу»?

— Як захочаш — убачыш. Ну вось, а наконт знікнення — успомні баладу гэтага… менестрэля засцянковага.

— Выдумка.

— У шмат якіх выдумках ёсць пах праўды. Я шукаў. Шукаў па хроніках, успамінах, дакументах. Тут не месца іх называць — вось спіс.

— І дакапаўся?

— Дакапаўся. Табе гаворыць што-небудзь такое прозвішча — Валюжыніч?

— Валюж… Ва… Ну калі гэта тыя, то Валюжынічы — стары род, яшчэ ад «сваіх» князёў, тых, што «да Гедыміна». Мелі землі ў Полацкай зямлі, ля Менска і на паўночны захад ад яго. Але да таго часу ўсё радзей упамінаюцца ва ўніверсалах і хроніках, мабыць, згалелі, страцілі вагу. Лёс, увогуле, звычайны. У семнаццатым стагоддзі знікаюць.

— Малаток, — з блатным акцэнтам сказаў Мар'ян. — Кавадлам будзеш. Ну, а апошні ўсплёск рода, га?

— Чакай, — сказаў я. — Гамшанскае паўстанне, так?

— Ну-ну, — падначваў ён.

— Грыміслаў, Андрэевіч, здаецца, Валюжыніч. 1611 год. Славуты — «удар у спіну»? Чорт, ніяк я гэтых з'яў не звязваў.

— А між тым Гамшаны ад Альшан — не адлегласць. Так, Валюжыніч. Так, два тыдні бойкі без пярэрвы ды пасля з год лясной вайны. І на гак павешаныя, і на палю ўскінутыя. Так, славуты «ўдар у спіну», пра які мы так мала ведаем.

— Нявыгадна было пісаць. «Здраднікі». І ў такі момант! Інтэрвенцыя, вайна. Наступныя падзеі, мабыць, і захілілі, зацерлі ўсё… Сюжэт, Мар'яне!

— Невыносны ты, — абурыўся ён.

— Ад цікаўнасці гару. Не цягні.

— Ну вось. І падлічыў я, даражэнькі мой, па пісцовых кнігах і актах, што за гэтыя гады, улічваючы і даходы з маёнткаў, нашчадкі, нягледзячы на ўсе шаленствы, аніяк не маглі выдаткаваць больш за трэць прыдбанага скарбу. Гэта пры самым што ні ёсць страшным, «радзівілаўскім», мантацтве. І вось у год бунту Валюжыніча княжыць у Альшанах Вітаўт Хвёдаравіч, пяцідзесяці сямі год, а жонка ў яго — Ганна-Гардзіслава Альшанская, дваццаці пяці год, а ў дзявоцтве князёўна Мязецкая. І княгіню гэтую страшэнна папікае ў сваім пасланні біскуп Кладзенскі Геранім за забыццё княскага і жаночага гонару, а галоўным чынам за тое, што ворагі княства вялікага карыстаюцца для сустрэч патаемных з ёю вопраткаю мніхаў.

— Сапраўды, жах які, — сказаў я. — «Дама з чорным манахам».

— І паршывы беларускі рамантызм, — сказаў Мар'ян. — Вось, уяві сабе такую маю гіпотэзу. Усё разбіта. Паратунку няма. Паўсюль гойсаюць віжы. Паплечнікі на палях хрыпяць. І ва ўсім вінаваты з самага пачатку князь Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі. Яму на водкуп было аддадзена Кладзенскае староства. Ён гроб несамавіта і яшчэ шмат грошай здзёр з яго на сваю карысць. Праз яго цяпер людзей вешаюць. А жонка ягоная, як і ў баладзе, — анёл. Што, не маглі яны тую казну, скарб той, пабраць і ўцячы? Каб хаця частку нарабаванага аддаць ахвярам?

— Гіпотэзы, — сказаў я. — Адкуль той паэта мог ведаць?

— А ты падумаў, колькі архіваў, сямейных паданняў, чутак, легенд, урэшце, магло знікнуць за сто з лішнім год? З войнамі, ды пажарамі, ды рэвалюцыямі? Пэўна, нешта ведаў.

Ён зноў закурыў. Не трэба яму было рабіць гэтага.

— І вось у 1612, — ён выпусціў дымавое кольца, — гэты чалавек, гэты «мніх» знікае. Самае цікавае, што знікла і яна. Ці ўцяклі, ці забітыя былі, хто ведае? Хутчэй за ўсё ўцяклі. Бо вось сведчанне копнага суддзі Станкевіча, што пагоня княская была, бо тыя нібыта пабралі альшанскі скарб, але ён, Станкевіч, воляй сваёю пагоню тую спыніў і ганіціся, пад пагрозаю смяротнай кары ад караля, не даў. Можа, другі нейкі загон князя дагнаў уцекачоў і забіў? Не. Вось у тым жа копным акце клятва Вітаўта Альшанскага на Евангеллі, што не забіваў і няма крыві на ягоных руках, і што пасля апошняй яго сустрэчы з імі, калі падсачыў, як збягалі яны з Альшан, такія і такія сведкі ведаюць, што былі яны яшчэ праз два тыдні жывыя… А між тым сляды іхнія зніклі. Ні ў якім горадзе аж да Вільні, Варшавы, Кіева — слядоў іхніх няма.