Выбрать главу

— А-а, вы ўсё ж прыйшлі, Косміч. Не чакаў так… позна. То бы рана…

Ён заўважыў Хілінскага і Шчуку:

— І вы тут… Добра, заходзьце.

— Усё ж мы прыйшлі, — сказаў я.

— Што ж, хоць і не чакаў (а, гледзячы на вас, варта было чакаць) — рады. Недаацаніў мазгі сучасніка.

Ён казаў гэта з іроніяй. А ў вачах жыло нешта глыбокае, нібы злавеснае. І цень нейкай усмешкі, і дараванне — тысячы выразаў.

Урэшце гаспадар працягнуў Шчуку руку:

— З імі мы даўно ведаемся. Хаця і не зусім па правілах. Ну, будзем знаёмыя… Князь Вітаўт-Ксаверы-Станіслаў Альшанскі. Лыганоўскага можаце адправіць на могілкі імён. Тым больш што я дзеля гэтага дакумента нікога на той свет не адправіў. І ўвогуле, асабіста — нікога… Ну вось. Альшанскі.

— Ведаю, — сказаў я.

— І я ведаю, што гэта так. Адкуль з'явіўся першы цень здагадкі, прашу прабачэння і калі гэта не сакрэт?

— Гены, — сказаў я, — фамільная схожасць.

Ён адразу нібы павесялеў.

— А-а, статуя ў Альшанскім касцёле. Усё ж, значыць, спачатку была выпадковасць. Каб не яна… І хацелася ж мне змязджыць ёй твар — радзінныя забабоны перашкодзілі. А пазнавалі. І вы, і тая археолаг, і ксёндз, калі я заходзіў у касцёл. Круцілася нешта ва ўсіх у галаве. У вас і дакруцілася. Выпадковасць.

— Тое, што здарылася пазней (і раней), аніяк не было выпадковасцю. Хаця вы і яшчэ некалькі разоў нарываліся на выпадковыя неспадзяванкі.

— З вамі, — сцвярджальна сказаў ён.

— Чаму такая ўпэўненасць? — спытаў Шчука.

— Ды чаго мы тут стаім? — сказаў гаспадар. — Праходзьце ды сядайце.

Мы размясціліся на нешматлікіх сучасных рэчах у гэтай хаце, на крэслах і на тахце каля чайнага століка. А з усіх бакоў на нас выскалялі морды дужа несучасныя скульптуры і маскі, пагражала яшчэ больш несучасная зброя. Адчуванне было, як у запрошаных на вячэру да людаедаў. Не ў якасці гасцей, вядома, запрошаных, а ў якасці кароннага далікатэсу.

— А ўпэўненасць таму, што я дэтэктывы таксама часам чытаю. Схема адна: пратакол допыту, ордэр на вобыск, які праводзіць лейтэнант. Яго старэйшы калега ў гэты час у машыне праз тэлефонную трубку наводзіць патрэбныя спраўкі аб іншай машыне (марка, прыватная, колеру суніцаў з малаком, едзе па вуліцы імя Пілата, вадзіцель такі і гэтакі). Прыблізны раён і вуліца. Участковы атрымоўвае прыкметы — і праз некалькі дзён адрас вядомы… Ну, тут запрос у цэнтральную картатэку. Праз тыдзень палкоўнік мае біяграфію злачынца з турмой, амністыяй, характарыстыкай… А далей як па масле. Спынілі: «Рукі ўгору!» Пры спрытным злачынцу — перастрэлка.

Закурыў:

— Нічога гэтага не будзе. І перастрэлкі таксама. Бо — досыць стандартаў. І ўвогуле, мне ўсё абрыдла, калі я пачаў бачыць, чым гэта ўсё канчаецца. А асабліва калі ўбачыў брыдоту запусцення на месцы дзеяння.

— Ну так, — сказаў я. — Адразу адпала ахвота прыдбаць кінутае там. Падумаеш, права — хай намінальнае — на валоданне выбаровай ямай.

— Вы што ведаеце? — сказаў ён з дакорам. — І што вы можаце ведаць аб маім стане. Стане сапраўды апошняга, які хоча хоць памерці пад сваім імем.

— А дарэмна. Выдуманае прозвішча Лыганоўскі было яшчэ не так, не да канца скампраметаванае, як ваша сапраўднае. Тут ужо вы пастараліся новае прозвішча ўсямерна запэцкаць.

— Як запэцкаць? Злачынствамі, вартымі нейкага гіцля? А іхнімі ўчынкамі я ганарыўся. Іхнія ўчынкі пасавалі і адпавядалі ім, былі ім да твару. Вы памятаеце…

— Я нічога не памятаю. Я проста думаў над усім, што бачыў і чуў. Дык вось, вы пайшлі з дому яшчэ юнаком. Так? Захапіла тагачасная барацьба ўсіх супраць усіх. І ўсіх супраць санацыі. Нават прадстаўнікі арыстакратыі…

— Ведаю, што хочаце сказаць. Я б сказаў асабліва сапраўдная арыстакратыя саромелася таго, што Пілсудскі родам з гэтых мясцін. Непадалёк.

— Супакойцеся. Ад яго бацькоўскага фальварачка застаўся толькі падмурак… А вы блукалі: Прага, іншыя краіны пасля (гэта з вашых намёкаў).

— Афрыка.

— І паўночна-заходняя Індыя. Рака Нарбада. Полюс біялагічнай недаступнасці. Кветка, якая расце там… Адзін малады чалавек, мабыць, усё ж прайшоў там. Напэўна, у нейкім скафандры.

— Угм. Другі мой ляп. Жыхары вакол гэтага «полюса» і іх схільнасць.

— Каб жа ж другі. Мо ўжо дзесяты.

— А я думаў якраз гэтым адцягнуць вашу ўвагу.

— Аб чым вы? — спытаў Шчука.

— Слухай, — сказаў Адам.

— Пасля вяртання на радзіму, — сказаў я. — Прыблізна за год да вайны. І патаемная сустрэча з бацькам. Чаму? Як вынік бацькавага розуму і прадбачлівасці.

— Так. Ён быў адзін з нешматлікіх відушчых. Ведаў, што ідзе навальніца і што яе лепей пераседзець.

— І таму вы ў Кракаве, а ён у Кладна. Так.

— Я — у Кракаве і Варшаве.

— Дзе вы, мяркуючы па ўсім, сустрэліся з бацькам, калі пачалася вайна.

— Так. Кладна было ў вас. Варшаву захапілі немцы. Чаму вы думаеце, што мы сустрэліся?

— Мяркую, ваш айцец здолеў у агульных рысах разгадаць таямніцу продкаў. І ў тых жа агульных рысах перадаў яе вам. На ўсякі выпадак. Я мяркую, што ён адкрыў вам, што ёсць Кніга, Ступка і Таўкач, трыяда, якая разам складае разгадку таямніцы. І што дзве часткі ў двух верных людзей. А трэцяя…

— Трэцяя была ў вартаўніка касцёла. Таго, што быў да вашага дзеда. Немцы, адступаючы, пакінулі яго ў спакоі. Але не пакінулі…

— Але не пакінулі апошнія пагранічнікі. Я даведаўся ў Мультана, што таго застрэлілі. Кнігу ён за непатрэбнасцю аднёс на гару да іншых рэчаў, што непатрэбныя, а выкінуць нібыта яшчэ шкада. І так самая галоўная частка згубілася з вашых вачэй.

— Так. Бацька, такі прадбачлівы заўсёды, тут на старасці нібы аслеп, нібы выжыў з розуму. Балбатаў з дружкамі з айнзацкаманды аб «дзіва-зброі», аб тым, што тыя вернуцца.

— І тым, праўдзівей сваёй смерцю (можа, не выпадковай), адсек яшчэ адну пуцяводную ніць. А «дружкі» загінулі таксама ў зменлівасцях падзей вайны. І цяпер нават прыблізна, нават няпэўна, па чутках ведалі пра сховы архіва, старога скарбу і таго, што нарабавала ведамства Розенберга, толькі тры чалавекі. Два бандзюкі — і нашым і вашым — і вы, апошні ліст на дрэве, квяціна ў крапіве.

— Хутчэй Хрыстос між двух разбойнікаў, — сумна пажартаваў ён. — Хаця не такі ўжо я быў і Хрыстос. Мне там нічога не было патрэбна, акрамя запавету (у мяне быў толькі скарочаны) і знойдзенай бацькам радаслоўнай.

— Ясна. Дрэва годнасці, якое столькі год было пад сумненнем і служыла нават прадметам кпінаў, трэба было аднавіць.

— Так.

— А вы не думалі, чаму не думае нічога даводзіць адзін з Хадкевічаў, што трымае ў Афрыцы птушкаферму? Ці адна з Радзівілавых, узнагароджаная за падполле ордэнам «Віртуці Мілітары»?

— Чаму?

— Ды таму, што ім нічога не трэба было даводзіць. Яны — гэта былі яны. І даводзілі, што яны ёсць яны, «палякі, што ніколі не забывалі, што яны беларусы, беларускага высакароднага кораню» і ў падполлі, і ў партызанцы, і на барыкадах, і ў розных турмах. Гэтым даводзілі, а не радаслоўнай, ні няпэўнымі нават падазронымі «подзвігамі продкаў», ні сяброўствам са сволаччу, арыстакрат ён або бандзюга.

Ён нібы атрымаў поўху. Таргануўся:

— А вы не думаеце, што, вырашыўшы пазбавіцца і расказаць усё, я цяпер магу не сказаць нічога.

— Тады я раскажу ўсё за вас з большай ці меншай дозай пэўнасці.

— Нашто?

— Бо я ненавідзеў, і гэта навучыла мяне думаць. Стакроць інтэнсіўней.

Тут ён досыць ганарліва ўпершыню за час размовы ўскінуў галаву. Ільвіную сівую галаву продка з помніка.

— А я нікога не ненавідзеў і таму павінен быў скончыць паражэннем?

— Вы павінны былі ім скончыць, бо не ненавідзелі, а прымянялі сродкі, якія ўжывае нянавісць, ды яшчэ й самая беспрынцыповая… Вы ведалі мінулае гэтых вашых двух башыбузукаў.

— Так, — ён глядзеў некуды праз мяне сваімі доўгімі вачыма.

— І не пасаромеліся звязацца з імі. З трайнымі здраднікамі свайго краю. І тут была ваша апошняя спроба зрабіць з гэтых вялых паасобных пальцаў адзін кулак. Яны цягнулі ў розныя бакі. Вам былі патрэбныя толькі радавыя клейноды. Ну і, калі я не памыляюся, акрамя гэтых радавых грамат, была патрэбная. Словам, было патрэбнае нешта, каб легенда пра двух князёў Альшанскіх так і засталася легендай. Як назаўсёды засталася легендай гісторыя пра кляты богам замак Алелькавіча-Слуцкага на Князь-возеры… Што гэта было?