Выбрать главу

Альшанскі павольна выпіў каньяк:

— Ну вось, гэта, бадай, усё. Унь там мой кабінет, а ў ім тэлефон. Схадзіце, Шчука, і пазваніце туды, дзе зараз будуць павінны заняцца мною… Да той ступені, да якой я палічу гэта мэтазгодным. І зачыніце за сабою дзверы, я не хачу ведаць, якімі словамі гэта гаворыцца. Не меў такога вопыту і не жадаю яго набываць.

Шчука пайшоў у кабінет. Мы трох сядзелі моўчкі, утаропіўшыся ў акно на жывыя гарадскія агні.

— Я знаю, што мяне чакае, — сказаў лекар. — Магчыма, і найгоршае (з нечага пункту гледжання). Як гэта там называюць: «вышка», «дзірка»?

— І так гавораць і гэтак, — нечакана для сябе самога сказаў я.

— Хутка крочыце. Відавочны поступ. Можа б, да Шчукі пайшлі?

— Позна, — я ўпершыню за цэлы вечар упаў у шал. — Але куды хочаце пайшоў бы, абы такіх вось, ганебна абыякавых да людзей, у імя высокай хлусні. На плошчах бы за ногі вешаў… Саматугам, без усякай міліцыі душыў бы.

Мы чулі невыразныя словы Шчукі за дзвярыма. Пасля ён паклаў трубку, з'явіўся ў пакоі і заняў сваё месца:

— Пазваніў.

І тут Альшанскі раптам засмяяўся:

— На хвіліну мне стала шкада.

Ён выскаліў белыя роўныя зубы:

— Невялічкі рэцыдыў шкадавання. А здорава гэта, Косміч. Сіла, магутныя рукі за спінаю. Род волатаў-людзей на волатах-конях. І сцягі над галавой. І слава на ўвесь свет.

Хлопцы б'юць у сякеры,

Сінія, быццам неба,

Пахолкі ў рудае полымя шчытоў сваіх удараюць,

Дзіду ўстраміўшы ў зеніт і дрыжучы ад гневу,

У хмарах чорнага дыму сцяг вялізны лунае.

Здорава! Зямля калоціцца пад коньмі. Твары і рукі з бронзы. Нічога мне не было там патрэбна, акрамя таго, што ўзвялічыць вялікую харугву. Апошні Альшанскі павінен быў і памерці з гонарам. А памрэ… Самы канец: думаеце, чаго я так лёгка згадзіўся з усім? Прапала ўсё, што сцвярджала маю годнасць. Вось памру Лыганоўскім.

— І лепей было б, — сказаў я. — Даследчык, вандроўнік, лекар. Сумленнае, незаплямленае імя. Не імя з роду нягоднікаў.

— …памрэ Лыганоўскім. Вялікай харугвы не будзе.

— Ну так. Апошні Сапега пахаваны на Вавелю. Але вас не пахаваюць ні ў Альшанскім касцёле, ні нават ля яго. Таму што тыя — гэта быў род ваяўнікоў. А вы — род нягоднікаў і прахвостаў. І вы яшчэ з іх лепшы, хаця і звязаліся з бандытамі. Што ж вы нарабілі, Альшанскі? Які вялікі матэрыял чалавечы пагубілі ў сабе, пахавалі, каменем прыціснулі?!

Прабеглі па шыбах водбліскі ад моцных ліхтароў машыны, што заварочвалася ў двары. Прабеглі, паскакалі па шыбах, па абліччы Лыганоўскага, а пасля зніклі, бо машына ўжо была пад самым домам і святло, відаць, падала на дзверы пад'езда.

Згаснула святло.

— Вось, гэта па мяне, — прыўстаў Альшанскі. — Ану, «стшэменнэго», як кажуць палякі. І слова свайго не знайшоў. Да сустрэчы, Хілінскі. Рад быў з вамі ўсімі пазнаёміцца. Калі вам будзе прыемнае прызнанне ворага — я вам скажу яго… Думаецца, шмат у якіх сваіх меркаваннях, поглядах, спадзяваннях я памыляўся. Бывайце, Косміч. Вы-то ўжо — назаўсёды.

Зрабіў крок да дзвярэй, у якіх ужо стаялі дзве постаці.

— Глядзіце за мной, хлопцы, у чатыры вокі. Чуеце?

Яшчэ крок:

— Ну вось, апошні… сам разбівае радавы шчыт на сваім надмагільным камені. «І герб радавы разбіваюць на камені тым…»

І знік. Пайшоў вонкі. Туды, дзе толькі што пагладзіла яго аблічча, а пасля знікла святло.

Э П І Л О Г КАНЕЦ ПАД'ЕЗДА КАВАЛЕРАЎ

Некалькі год назад і прыблізна праз месяц пасля падзей, на якіх я скончыў сваё апавяданне, мы з Хілінскім сядзелі ў ягонай кватэры за шахматнай партыяй.

І партыя тая была не партыя, а суцэльная нескладуха, і настрой у нас таму быў не з лепшых.

А за акном стаяў мяккі і добры ліпеньскі вечар. І тут ясна, што не за дурацкімі шахматамі трэба было сядзець, а недзе ў лесе ля вогнішча. Над ракою. Чысціць рыбу на вясле, абдзіраць цыбулю, скрэбці бульбу.

Словам, усё, што хочаце, толькі не гэта.

— Ну што, па малому каньяку? — прапанаваў Хілінскі, раптоўна змяшаўшы фігуры.

— Адзін з польскіх, здаецца, дэтэктываў так і пачынаўся: «Капітан піў усё, акрамя какавы».

— Дрэнны пачатак, — сказаў Хілінскі. — У нас бы яго рэдактар неадменна зарэзаў.

— Вып'ем за рэдактараў, якія разумеюць гумар.

Выпілі. І зноў нібы праляцеў над намі ціхі анёл, а прасцей кажучы, нібы нарадзіўся недзе злодзей.

— Ты чаму не пытаеш, чым уся гэтая гісторыя скончылася? — раптам спытаў Адам.

— Мяне яна перастала цікавіць. Ведаю, скончыцца яна так, як трэба. І кожны атрымае, чаго заслужыў. Я зрабіў што мог. Проста ў памяць аб усіх гэтых людзях, што адышлі заўчасна. Цяпер ужо гэта справа іншых. І я сярод іх не маю гонару быць.

— Альшанскі атруціўся ў камеры, — глуха сказаў Хілінскі. — Тыдзень назад. Мне Шчука казаў. І апошнія словы ў паказаннях былі такія: «Больш не маю чаго сказаць. Пражыў большую частку свядомага жыцця і пражыў яго дарэмна, не зрабіўшы, акрамя пачатку дарогі, амаль нічога людскага. Магчыма, больш сурова, чым вы судзіце мяне, я суджу сябе. І асуджаю. На смерць».

— То што ж, адкуль атруту здабыў? Не аглядалі?

— Аглядалі. Гэты чалавек казаў праўду аб магчымасці пайсці прэч, калі толькі захоча. Пад каронкамі верхніх клыкоў хірургічным метадам была зашытая маленькая капсула з атрутай. Даўно. Можа, яшчэ пры немцах. Мала чаго ён мог ад іх спадзявацца. І вось прыдалася. Лыжкаю, як рычагом, націснуў і раздушыў. Моцна, відаць, даводзілася ціснуць — зламаў два ніжнія разцы.

— Хто яму тады зрабіў такое?

— А хто цяпер можа гэта зведаць?… Значыць, чакаў, ведаў, што кожнай вяроўцы бывае канец. І ведаеш, чамусьці нават шкада… Вось гэты быў з вартых ворагаў. Не смоўж нейкі. З такімі цяжка і небяспечна, але й прыемна мець справу.

Сядзеў, выпрастаўшыся ў крэсле. Нават у нізкім крэсле — высокі, сівы. І зараз не містэр Сміт і не славянская храпа, а проста паджылы, стомлены чалавек. Між гэтых паліц з кнігамі, мноства з якіх ён, мабыць, не паспее перачытаць.

Сухі твар з абвіслымі павекамі. У гожай мужчынскай руцэ пачаты келіх.

— Яшчэ і жартаваў у апошнюю гадзіну. Нібы намякаючы: «Гэта называецца: урэшце пасля празмернага зацікаўлення гісторыяй перайшоў да цеснага кантакту з сучаснасцю».

— Змоўкніце, Адам.

Ён моўчкі згадзіўся са мною. За акном свяцілі праз шаты ліпаў начныя агні, якіх апошні Альшанскі ўжо не мог бачыць. І міжволі думалася, што некалі іх не ўбачым і мы. Якое глупства перад гэтым былі ўсе намаганні, прывілеі, скарбы, улада над душамі і целамі?! Якое гэта ўсё было тройчы клятае глупства!

— Я павінен быў прадбачыць, — сказаў Хілінскі. — Гледзячы на ягоную прафесійную вопытнасць, не забываючы аб веданні Ўсходу… І яшчэ: мяне аднойчы ўразіла адна думка: хто мог пасля Нюрнбергскага прысуду перадаць Герынгу ампулу з цыянкалі?

— Кажуць, жонка падчас развітальнага пацалунку?

— Не. Псіхіка не тая. І я падумаў, што там магло быць вось так… як з гэтым. Не ведаю, ці меў я рацыю. Пасля ж пэўна аглядалі? Але магло быць: здаўна чакаў канца, бо жывёльна баяўся смерці, а калі даведаўся, што літасці не будзе, што ратунку няма ніадкуль, што шыбеніца — тады скончыў. Усё ж хаця і гнюсная, паскудная, гнілая дрэнь, разбэшчаная гэтым сіфілісам неабмежаваных улады і раскошы, але ўсё ж у былым ваенны чалавек.

— Кіньце, Хілінскі. Вы й самі бачылі ваенных, якія клалі ў порткі горш за іншага цывільнага. Ды ў лекара і не было жаху. Проста не хацеў жыць.

Я пачаў нібы здагадвацца і рабіцца відушчым:

— Я, здаецца, разумею хаду вашых думак. Скажыце, была б яму?…

— Не ведаю. Аб смерці Мар'яна ён не ведаў, аб «подзвігах» тых мярзотнікаў — таксама. Можа, і не была б.

— Ясна, — сказаў я. — І ён, аднак, заслужыў забыццё. Бо нашто яму ўжо было жыць? Ды яшчэ за кратамі… Шмат… Ён заслужыў.

Хілінскі моўчкі працягнуў мне цыгарэты.

— Свае, — сказаў я.

Дастаў новы пачак, раздзёр яго зубамі. Хілінскі назіраў за мной: