Выбрать главу
АПОШНЯЯ
Старой апраткі колер. Ліпень змрочны. I жнівень скошаны. I вадзяная рука жывой яліне прышчапіла плады пустыя, дзе туга канае.
На якар стаўшы, цёмная апратка, расплочваешся пахам часу, долу, — знікненнем часу... Я пяю нядобры банкет жыцця, яго змахнуўшы з столу.
Ці ты нядужы, Божа, супраць смерці, якой усе скараецца ў дагоду? О рана колеру старой апраткі, я чую пах твой паленага мёду!
О еднасць годная! О аднаго ўсе за ўсіх па мулкіх муках падарожжа! Любоў супроць прасторы, супраць часу! Адзіны ўдар, удар апошні сэрца, таксама, як і рытм адзіны: Божа!
Калі плячыма паціскаюць межы, глухой знявагай цешацца лянота і абыякавасць, змяюкі льюцца на паўнату цнатлівую адзінкі. І зморшчынка адна, адна цямнота!
НЮ. ГЛІНА
Як жабы жудасныя да паветра, да вуснаў здзекі цягнуцца з даверам. Верш па Субстанцыі — Сахары сіняй, убраны ў шэрань, рушыць драмадэрам.
Фасфарысцыруе мох сноў няшчадных, сляпы нябожчык поўны галасамі снягоў. I золкі, качавы паэце, дня цяжкай мужнасці наступяць самі.
I светлачубыя стагоддзі шчасця ў гарачцы абарціруюць гадзіны. I хто за нітку цягне, хто няўмольна з нас сцёртыя здзірае, як вяроўкі, здзірае нашы нервы з дамавіны?
Мілосць! I ты. Ад кінутых каменняў твая ўзнікае маска, б’ецца ў гліну, бо дамавіна — гэта сэкс жаночы, які дасюль прыцягвае мужчыну!
КАПІТУЛЯЦЫЯ
Перад маімі майскімі гадамі здаліся ў вечары красавіковы, і пацалункаў малаточкі снамі кроў разбудзілі, адкавалі словы.
У саламяны вечар за вачамі яе ў палон ісці быў я гатовы, са мной загаварылі грудкі самі, гарэлі ў смазе ў ноч, шукалі сховы.
Смуглянка бедная, яна хацела змагацца, ветразі пад колер цела апалі, біліся ў салёнай стыні.
I чырвань думала, і цьмелі вочы, я знік на золку. I цяпер штоночы ў мяне ўваходзяць дзве змяі-рабыні.
ЛІНІІ
Кожная стужка агню, якую, Мілосць шукаючы, кідаю, каб трымцела на ружах жалю, нараджае хаўтуры пярэдадняў. I не ведаю, ці барабанны пошчак у тым, што шукаю, стане уздыхам скалы ці спрадвечнымі родамі сэрца.
Да глыбіні істот напінаецца звышнервовая вось, як патапец свінцовы.
О лёска лёсу! Гэты закон жыцця адвядзе Мілосць да голасу Чалавека і прынясе найвышэйшую волю, ператвараючы субстанцыю годнасці у барацьбу са сляпым і фатальным.
Няхай пульсуе ў літары кожнай вязень дасвеццяў крохкіх, яшчэ ляпейшы Хрыстос Пачатку вялікага!
Ну, а потым... Новая лінія... І Хрысціцель, які пільнуе, пільнуе,                                                 пільнуе...
I нібы на кані, на нябачным выгіне, — нага, пурпуровым святлом залітая.
ЗАБАРОНЕНАЯ МІЛОСЦЬ
Уздымаешся маланкай — да падвочча, я — па жылах тваіх зраненым сабакам, што знайсці прытулак, дзе не мулка, хоча.
Ты, Мілосць, на белым свеце —                                           грэшны клунак! Пацалунак мой іскрыцца рогам д’ябла!
Ён, маё святое крэда, пацалунак!
I душа праходзіць радасцю ўспаміну, уладарніца, нябёсаў нарачонка, сэрца, думку нараджаючы скразную, да цябе праз сумную праходзіць гліну. О пластычная тычынка, недаткнёнка, што ў душы тваёй у падвянцы існуе!