Выбрать главу
Між лехаў ходзіць маці самавіта, ніяк не ўспомніць смак, які ён ёсць. Цяпер яна пяшчотная, нібыта само крыло, ці выйсце, ці мілосць.
Самотны дом, без шуму, як раздзеты, без вестак, без маленства, мітусні, як і зламалася што ў вечар гэты і хрупаціць, упаўшы, ў цішыні, дык гэта выгін двух шляхоў з падстрэшша, па іх маё знікае сэрца пеша.
МАЙМУ БРАТУ МІГЭЛЮ
Светлай памяці
Мой браце, я на прызбе нашай хаты, дзе гэтак не стае цябе! I ўспомніў, прагульвалі мы гэтую гадзіну, а маці “Так, сынкі...” казала з ласкай. Хаваюся цяпер, як і бывала раней, пад час вячэрняе малітвы, чакаючы, што ты мяне не знойдзеш. Паўсюль — у зале, ў сенцах, калідорах. А потым ты — цябе я не знаходжу. Прыгадваю, як мы з табою, браце, прыкідваліся ў той гульні, што плачам.
Мігэль, надоўта ты схаваўся той жнівеньскаю ноччу, на дасвецці, але ўжо не смяяўся, быў у скрусе. I сэрца маё ў гэты вечар мёртвы зайшлося, як сіямскае, шукае. І змрок ужо ў душу маю садзіцца
Дык не затрымлівайся, чуеш, браце, выходзь жа. Будзе турбавацца маці.
УСПАМІН
Птушынай раніцою ледзь-ледзь выводзіў бацька свае семдзесят восем, свае семдзесят восем
букетаў узімелых да радаснага сонца. Пагост, ужо крануты вясёлым новым годам, сант’ягаўскі відзён быў. I колькі раз скіроўваў ён да пагоста крокі, каб потым з пахавання дамоў вярнуцца моўчкі.
Прайшло багата часу, як бацька не выходзіць. Дзіцячы жарт знікае.
Казаў часамі маці пра з’явы гарадскія, палітыку, а сёння ён з урачыстым кіем, які гучаў дарэчы ў часіны Губернатараў, пазнаць нялёгка бацьку, бо ён зрабіўся крохкім пярэдаднем чагосьці. Прыносіць і адносіць рэліквіі і рэчы, падказкі і ўспаміны. I раніца ступае за ім з раскрыллем белым сястрою міласэрнай.
О вечны дзень наіўны, нібыта хлопчык з хору, з вячэрняе малітвы, а час каранаваны галубкамі даверу, населена наступнасць бясконцым караванам руж смелых, неўміручых. А бацька, ён дагэтуль яшчэ ўсё абуджае, ён — студзень маразяны — спявак, мілосць, якая трымціць у Вечнасць рэхам.
Яшчэ ён пасмяецца з сваіх няўдзячных дзетак і зашуміць уладна ў зажуранай пустэчы.
I Новы год надыдзе. I пірагі спякуцца, а мне галодна будзе, калі зазвоніць клічна па-над святой званіцай сляпы і добры лірык, з якім склады дзяліла шкалярскія наіўнасць мая нядаўнім часам. I калі ранак, поўны і грацыі і палу, бы дзве адмовы, быццам мілосці парыванні, пгго хочуць набліжацца, каб вечна жыць у вечным, са спевам у паветра падкіне Дзеясловы у множным ліку, быццам рыззё тваёй істоты, сядзі між белых крылаў, што раніца раскрыла сястрою міласэрнай, о бацька мой!
ДАВЕДКА
Нарадзіўся я ў гуморы, Бог якраз тады быў хворы.
Лёс мяне не выцяў пасам. Ды тады скрануўся лежань — перайшоў у студзень снежань. Нарадзіўся самапасам, Бог якраз хварэў тым часам.
У метафізічным штосьці подыху маім пустое, аніхто не ўчуе тое, гэта келля немай госці, што агонь узнесла ў тосце.
Слухай жа, паслухай, браце...
Не падамся на ўгаворы, снежні не знясу з сабою, ўбраўшы студзені журбою. Нарадзіўся ж я ў гуморы, Бог якраз тады быў хворы.
Ведаюць, што я не ў горы ўсе... Ды мой не чуюць смутак, у радках рыпяць чаму так горкім змрокам дамавіны пругкія вятры з даліны, што чамукала пустэльні развінае Сфінкс пякельны.
I не ведаюць ляныя, што святло сухоты ўела, а Цямрэча растаўсцела, што Містэрыя не ные... што яна — той горб, якому ад мяжы да Межаў стому крокі аддаюць зямныя. Нарадзіўся ўдзень без зморы, Бог якраз тады быў хворы, і цяжка.