Сканаў музыка Мэндэс, высокі дзядзыса, ён піў як не ў сябе ды граў на кларнеце такаты меланхалічныя, пад мелодыю засыналі куры квартала задоўга да заходу сонца.
Адышла мая неўміручасць, і я сяджу ля яе з запаленай свечкай.
НАЙЦЯЖЭЙШЫ МОМАНТ МАЙГО ЖЫЦЦЯ
Казаў адзін чалавек:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця настаў на Марнскай бітве, калі мяне параніла ў грудзі.
Другі чалавек казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця пад час падводнага землятрусу на Іака-Гаме, пад паветкаю крамы, дзе гандлявалі фарбамі, цудам уратаваўся.
Трэці чалавек казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця настае, калі сплю ўдзень.
Іншы казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця прыйшоў з вялікай самотай.
Той казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця наведаў мяне ў адной турме Перу.
I нехта яшчэ казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця страсянуў мяне, калі ўпершыню ўгледзеў бацьку майго ў профіль.
I апошні казаў:
— Найцяжэйшы момант майго жыцця — наперадзе.
***
— Анікога жывога ў хаце, — кажаш, — усе пайшлі. Зала, спальня, пацё пусцеюць пустэчай. Аніхто не застаўся, бо з’ехалі ўсе адсюль.
I я адказваю: — Калі нехта з’язджае, нехта застаецца. Там, дзе прайшоў чалавек, ужо самоты няма. Толькі пачалавечы самотнае месца тое, праз якое чалавек не прайшоў. Новыя хаты бязлюднейшыя, чым старыя, бо сцены іхнія з камення ці з сталі, але ж не з чалавека. Хата прыходзіць на гэты свет не тады, калі скончылі яе будаваць, а калі жыць пачалі. Хата жывая адно што чалавекам, таксама як дамавіна. Таму да неверагоднасці падобныя хата і дамавіна. Толькі што хата жывіцца чалавечым жыццём, пакуль дамавіна — чалавечаю смерцю. Таму першая стаіць, а тым часам гэная ляжыць ніцма.
Усе пакінулі хату, праўда, але ўсе засталіся ў ей, і гэта праўда таксама. I не іхні ўспамін застаецца, а самі яны.
Апрача, не проста ў хаце застацца, а па-ранейшаму жыць у пакоях. Клопат, абавязкі, варункі з хаты з’ехалі цягніком, самалётам, ці конна, ці пехатою, ці поўзма. Застаецца ў хаце орган, агент у стане герундыя і кола. Крокі з хаты пайшлі, як пацалункі, выбачэнні, злачынства. Засталіся ў хаце нага, вусны, вочы, сэрца. Адпрэчанкі і сцверджанні, дабро і зло зніклі. У хаце застаўся віноўца ўчынкаў.