Выбрать главу
***
Мяркуючы халодным розумам суддзі, што чалавек кашляе ў маркоце, але адчувае ўцеху ў чырвоных грудзях, што ён адно робіць, сябе складае з дзён, што ён змрочны сысун, які сябе прычэсвае...
Мяркуючы, што з працы бярэ чалавек пачатак, начальства гудзе, дык гудзе падначалены, што дыяграма часу не што іншае, як дыяграма спрадвечная ў медалях ягоных, і ледзьве расплюшчыў вочы, вывучаў з глыбіні стагоддзяў галодную формулу масаў...
Цямячы няцяжка, што падчас чалавек задумваецца, быццам бы плакаць хоча і, абавязкам прывязаны да напругі рэчаў, робіцца столярам добрым, пацее, забівае ды потым пяе, палуднавае, зашпільвае гузікі... Мяркуючы таксама, што чалавек сапраўды жывёліна, аднак, валячыся, адбівае свой сум ува мне...
Разглядаючы ўрэшце бедны пакой ягоны і прыбіральню, адчай сцірае яго ў канцы палахлівага дня...
Разумеючы, што ён ведае: яго я люблю, на яго пяшчотна злуюся і, зрэшты, стаўлюся абыякава...
Улічваючы ягоныя агульныя дакументы. і разглядаючы праз павелічальнае шкло даведку пра тое, што ён нарадзіўся маленькі...
Клічу яго, ён прыходзіць, і абдымаю яго я ўзрушана.
А што! Узрушана... Узрушана...
***
А сёння я хацеў бы шчасця, да шчасця мець пытанняў безліч, пакойчык адчыніць з імпэтам, як вар’ят, і ўзняць нарэшце голас з маім даверам лёткім, адно каб бачыць, а ці хочуць маю спантанную пазіцыю ўведаць і ўголас казаць, чаму вы гэтак мне душу аддаяцё.
Бо шчасця існага хацеў бы, шчырэць без кія сведкаю пакоры, як чорны асёл. Як і пачуцці свету, песні ўмоўнага ладу, аловак, згублены ўва мне і мілыя органы плачу.
Разумны браце мой, таварышу, бацька вялікасці, смяротны сыне, сябра і спірко, вялікі дакумент Дарвіна, Дык а якой гадзіне прыйдзеш з маім партрэтам? У часе ўцехі і ў смяротнай апранасе? А ці раней? З упартасцю, з імпэтам? Пад час спагады, таварышу, свой чалавеча, які адпрэчвае і назірае, суседзе, у якім уздымаецца і спадае мая вялікая, натуральная, без ніткі фальшу надзея...
ВЯСНА ЎЗГОРКАВАТАЯ
Гэтым разам, з імпэтам цягнучы беднасць напярэймы маім паляўнічым скураным нагавіцам, параўноўвае рух свой з маім спатыканнем удалым вясна дакладная, як выдзеўб грыфа.
Я страціў яе, нібы тканіну майго мантычання, я прайграў яе, хоць ашалеў ад воплескаў, нарэшце тэрмометр-чарвяк паставілі мне, ён намацвае немач маю дзень пры дні, а чакаў я вясну, як пошапт цвыркуна-ўцекача, каб развітацца з ёю, з доўгімі пазногцямі, з хваробаю, болем.
З трымценнем нябесных целаў, са спробамі зрабіцца курыцай чорнай, вясна-бандытка змагалася супроць натоўпу маіх згрызотаў, супроць нясмеласці маёй у кашулі, супроць майго адвечнага права і шапкі маей.
О слынны прысмак вясны, сімвал, тытунь, сусвет і плоць, глыток імгнення пад мантыяй, калі птушкі спяваюць, маёй пяшчоты таленавітая плынь, якую каменнем прэчаць, якая ўздыхамі поўніцца... А флора як стыль шчодрая, яна цытуецца, што глеба гонару для чулых ружаў... Выбрык, удар капытамі, выспятак, ашалелы піруэт... Спяваюць... Пацеюць...
***
Сёння жыццё падабаецца меней, ды жыць я любіў заўсягды: я ж казаў. Да сябе я амаль даткнуўся і ўстрымаўся, языком прыцмокнуў за словам.
Сёння абмацваю падбароддзе, адыходзячы, і ў сваіх нагавіцах часовых скажу я сабе: Столькі жыцця і назаўсягды! Столькі гадоў і заўсягды мае тыдні!.. Бацькі мае пахаваныя пад каменнем, але дасюль не здрыгануліся нам у маркоце, браты мае ва ўсім, мае браты, і ўрэшце я ў камізэльцы стаю самотны.