Выбрать главу

Наіўна было б думаць, што падобнае сведчанне можа быць абсалютна дакладным, у ім ёсць хоць якая доля ідэалізацыі мінулага, бадай, моцнага кахання, але ўсё ж гэта жывы незаменны дакумент, доказ супраць стэрэатыпнага канструявання характару паэта.

Вальехава Сант’яга дэ Чука — страчаны рай. Інтэлектуальнае развіццё без даляглядаў, як ні шкода, немагчыма. Яму прыйдзецца пайсці ў “свет шырокі ды чужы”, — гэтак трапна назваў свой вядомы раман ягоны славуты зямляк і былы вучань Сіра Алегрыя. Прыйдзецца пакінуць ідылічнае месца маленства і юнацтва, а перасадка на іншую глебу прынясе незагойны боль. Вальеха застанецца амаль вяскоўцам у Парыжы, індзейцам у Мадрыдзе, горцам у Ліме. Нават у сталіцы айчыны Сэсар на самоце ўключаў душ і садзіўся працаваць, бо душ хоць як нагадваў яму дождж у гарах, музыку маленства. Яму дастаўся лёс спрадвечнага выгнанніка, але гэта быў ягоны лёс. I покуль ён жыў на радзіме, вандроўкі ў Сант’яга дэ Чука складалі найвялікшую яго радасць.

Тагачасная паэтычная мова спалучала акадэмічнасць з прыдыханнем, урачыстую прамалінейнасць з пяшчотаю на сахарыне, узнёсласць старажытнае міфалогіі з барскай агідай да мовы народа. Новае паэтычнае пакаленне, да якога належаў Вальеха, шукала выйсце ў мадэрнісцкіх плынях. Сэсар любіў неалагізіраваць. Ён паўтараў слова ўслых, намацваў яго языком, прыціскаў, дэфармаваў, нібыта дзіця, якое не разумее слова да дна і прыстасоўвае яго да ўласных экспрэсіўных патрэб, нібыта індзеец, які паўстае супраць навязанай яму мовы і не можа пазбавіцца ад пачуцця штучнасці некаторых слоў і выразаў, далекіх ад душы. Апроч таго, Сэсар Вальеха ўводзіў у паэзію навуковыя тэрміны, якія зусім натуральна рэзалі слых эстэтаў рамантызму, але не гэта было галоўным, не гэта вызначала загадкавую грань паэта.

Лацінаамерыканскія літаратуры ведалі геніяльных майстроў, шчыра адданых як класічнай паэзіі, якую яны ўзбагачалі чароўным стылем і новым уласным словам у межах дакладных формаў, так і мадэрнісцкім плыням або еўрапейскаму верлібру, фармальным вышыням паэзіі новага часу, да якіх яны падыходзілі таксама шчыра і адказна, разумеючы, што філасофская глыбіня, важкасць і ёмістасць слова, гукапіс у спалучэнні з эмацыянальнай логікай рытму шчодра кампенсуюць страту пэўных элементаў класічнага вершаскладання адно ў тых выпадках, калі нараджаецца матухна Паэзія. Майстры заўжды лічылі, што шчырасць — першасная катэгорыя, бо фальш супрацьпаказаны мастацтву, а самарэдактура, канчатковая апрацоўка тэксту — другасная, хоць, вядома, апошні працэс часам вырашальны і дорыць мастаку слова нечаканыя знаходкі.

Сэсар Вальеха рабіў інакш, асабліва пасля “Геральдаў смерці”. Калі прыходзіла яго светлая хвіліна, ён укладваў дарэшты наяўную моц пачуццяў, тэмпераменту, інтэлекту, вопыту ў радкі бездакорнае класічнае фактуры, а гэта значыць, што яны гэтак нараджаліся, гэтак пабачылі свет, і нездарма кажуць, што той паэт, хто знаходзіць у сховішчах душы адзіна адэкватную пачуццям і думкам форму. Але потым ён правіў верш пакутліва доўга, ды не толькі ў межах удакладнення ці карэкцыі, няхай замены няўдалага радка. Ягоная праўка ішла шляхам дэфармацыі, ломкі відочных элементаў класічнае формы, быццам корань зла — у яснай зграбнасці спрадвечнае гармоніі, у плёне ягонай бессані, нібыта паэт ламаў знявідны свет брыдкіх умоўнасцей.

Цяжка ўявіць Габрыэлу Містраль, Пабла Нэруду, Мігэля Атэра Сільву, Актаўё Паса, Хулё Картасара за падобным, у пэўным сэнсе разбуральныя заняткам, але Сэсар Вальеха, безумоўна, займае пачэснае месца ў шэрагу волатаў лацінаамерыканскай паэзіі. Мяркуюць, што яго злавала агіда, якую выклікалі ў ім заштампаваныя рамантыкі тае пары, бо логіка паварочвала агіду, нібы бумеранг, на яго, на блізкія па форме ўласныя творы, і тады ён іх ламаў нават насуперак творчай шчырасці, ірваў жывыя рыфмы, біў па рытмах, слепа пратэстуючы супраць жорсткасці і абсурднасці стараправінцыйнага свету, абліваючыся самотнымі слязамі ад несправядлівай мізэрнасці жыцця.

I ўсё ж меркаваць можна, а ісціну знайсці наўрад ці дадзена. Магчыма, тое, што здаецца разбуральным, на самой справе было нічым, акрамя творчага горна, адзінага ў свеце метаду, які дазваляў Вальеху самавыявіцца, адкрыць душу насцеж, складаную, праўда, змучаную душу, ад якой чорныя геральды штодня павыдзірвалі па рыфме, па рытму ненажэрнымі пінцэтамі зла.