Выбрать главу
БЯЗБОЖНІЦА
Божа! Які ты быў чалавечны, сумны які за акном канчыны, як аплаквала Цябе ў той вечар                                         тая жанчына!
Як святы чацвер былі ў яе вочы, чорныя зерні гаркоты стылай! Кроплямі слёз і крыві па-жаночы                                         крыж забіла!
О бязбожніца! Як знік Ты, Божа, на Іардан не хадзіла сэрцам, раздзецца ў водах чырвоных можа, дзеліць яна свой хлеб з іншаверцам!
ЧОРНЫ КУБАК
Ноч, быццам кубак злосці. I аглушальны посвіст гвардзейца працінае яе, як шпілька злая. Як гэта, чуеш, краля, хоць ты даўно ўжо знікла, яшчэ чарнее хваля і ў ёй яшчэ згараю?
Зямля з краямі ў цемры, як тая дамавіна. Ты гэта чуеш, краля, вяртацца не павінна.
А плоць мая лунае, лунае ў кубку змроку у кубку, ад якога мацнее боль няспынны; і плоць у ім лунае, нібы яе глынае балоцістае сэрца жанчыны.
Вуголле зорнае... I я адчуў знянацку засмяглы дотык гліны, што ўпасці пажадала на мой празрысты лотас. Ён з-за цябе трывае глухі інстынкт зачыну, інстынкт з абліччам плоці. О жанчына!
Таму, о чорны кубак, як знік ты без прычыны, я патанаю ў пыле і плоць мая вар’яткай б’е капытамі люта ад смагі і правіны!
ЛІХАЛЕЦЦЕ
А чысціня, дзе вочы асалоды не ведалі, абсурдная заўсёды!
Я ведаю, ўва мне жыла тады ты, як ткаў я эмбрыён жыцця сярдзіты.
I школьнай сукні чысціня мне сніцца і малака, што ў зернятку пшаніцы,
дажджлівым днём, калі душа ў зняменні кінжал свайго зламала адступлення,
калі ў прабірках цьмянага значэння сціскаецца нахабнае каменне,
калі ёсць людзі ўцех, якія словам на караблі галосяць пурпуровым.
О чысціня, калі з’язджала з багны, нам не пакінула ні весткі прагнай,
ні крошкі голасу твайго, ні нерва рэалій зор. О зоры, дзе цяпер вы!
Пакіньце мяне, подласці рахубы, калючыя ад асалоды губы...
У вас, жанчыны, бачу вобраз любы! Бо мала нараджаецца жывога у дзень вясны жыцця, канае многа!
СВЕЖАСЦЬ
Дайшоў я да гэтага зліцця з ёю!.. Па яе завулках духоўных ішоў я грахоўна, гуляючы, сярод пяшчотных суніц прынук, між яе ранішне-грэчаскіх рук.
Потым яна завязала мне вузялок багемскага чорнага гальштука. Незнарок убачыў я зноў у здзіве каменне засяроджанае, пакрыўджаныя скамейкі і гадзіннік, які размотваў наш маток, пакручваючы вяртушку, каб час цёк.
Былі тыя добрыя ночы, а сёння яна мне смяецца ў вочы, бо дзіўна я паміраю сёлета, хаджу задуменна неяк. Бразголкі з золата, дарагакошты з цукру трэснуць з імпэту у парцалянавай ступе свету.
А дзеля слязіны мілосці зоркі — гэта прыгожыя хусткі ліловыя, аранжавыя, зялёныя у вільгаці сэрца.
I калі ўжо жоўці зашмат у шаўках болю, ёсць пяшчота, што не народзіцца ніколі і ніколі не памрэ, тады хутка узляціць іншая апакаліптычная хустка, сіняя рука, якую не змог ніколі паказаць Бог.
АЛЕБАСТР
Наўкола цішыня. Тут уначэла, спакойна села сонца за кладамі, і ўжо расце тут плач тысячавокі: ты не вяртайся, сэрца знікла снамі. Апранута усе тут у жалобу і ледзь гарыць, ледзь хліпае глыткамі, як газ благі, як пал, што тушым самі.
Вясна надыдзе. Заспяваем “Еву” з пляскатай хвілі, з печы, дзе нявінна згараць і нарды Эраса, тваё там загартавацца пакаянне вінна перад паэтам, каб зрабіцца болем, як цвік, што зачыняе дамавіну!
Ды... ў ноч лірычную твае аднойчы і мора ўсё чырвонае, і грудзі трымценне пройме хваляў-пятнастовак, калі пабачым, як у перапудзе, пірацкі карабёль маей няўдзякі.
А потым — яблыневы сад твой будзе і вусны, дзе апошні раз упіўся, мілосцю скрывянеюцца ў аблудзе, Хрыста пакуты ўспомняць па-паганску.