За горадам мы выйшлi. Пляж быў непадалёк ад прыпынку. Трэба было перайсцi невялiкi пагорак, якi ўзвышаўся над морам, i спусцiцца да берага. Увесь схiл быў усыпаны жоўтым каменнем i белымi асфадэлiямi. Колер кветак здаваўся вельмi яркiм на фоне густа-сiняга неба. Дзеля забавы Мары збiвала з iх пялёсткi, шырока махаючы цыратоваю торбай. Мы iшлi паўз маленькiя вiлы, агароджаныя белымi цi зялёнымi тынамi; у некаторых веранды патаналi ў кустах тамарыксу, другiя стаялi голыя сярод маўклiвых камянёў. Яшчэ не падыходзячы да краю пагорка, можна было ўбачыць нерухомае мора i крыху далей - вялiкую грамаду мыса, якi, здавалася, спаў у празрыстай вадзе. У цiхiм паветры чуўся слабы рокат матора. I недзе вельмi далёка мы заўважылi маленькую рыбацкую вiцiну, якая непрыкметна плыла па зiхатлiвым моры. Мiж камянямi Мары знайшла некалькi касачоў. З адхона, якi спускаўся да мора, мы заўважылi, што некалькi чалавек ужо купаюцца.
Раймонаў сябар жыў у маленькай хацiне на самым ускрайку пляжа. Тыльнай сцяной домiк тулiўся да скалы, а спераду - палi, на якiх ён стаяў, абмывалiся салёнай вадой. Раймон нас пазнаёмiў. Сябра звалi Масон. Гэта быў высокi здаравяк з магутным торсам i шырокiмi плячыма. Яго маленькая, мiлая i пухленькая жонка гаварыла з парыжскiм акцэнтам. Масон адразу сказаў, каб мы размяшчалiся, як нам выгодней, - хутка будзе гатова смажаная рыба, якую ён сам налавiў гэтым ранкам. Я сказаў, што хатка, па-мойму, вельмi ўтульная. I Масон паведамiў, што праводзiць тут кожную суботу i нядзелю, i апроч таго - увесь адпачынак.
- З жонкай, вядома, мы з ёю заўсёды ладзiм, - дадаў ён.
Яго жонка, сапраўды, ужо смяялася i балбатала пра нешта з Мары. I мабыць, першы раз я ясна ўсвядомiў, што хутка ажанюся.
Масон прапанаваў пакупацца, але яго жонцы i Раймону не захацелася. Мы пайшлi ўтраiх, i Мары адразу кiнулася ў ваду. Мы з Масонам трошкi пачакалi. Ён гаварыў марудна, i я заўважыў, што ў яго прывычка перад кожнай фразай паўтараць: "i я нават болей скажу", - нават тады, калi нiчога новага ён, па сутнасцi, не дадае. Пра Мары ён сказаў:
- Яна вельмi прывабная, i я нават болей скажу - проста чароўная.
Пасля я ўжо не зважаў на гэту дзiвотную прыказку i ўсю ўвагу засяродзiў на сонечных прамянях, якiя прыемна песцiлi маё цела. Пясок пад нагамi пачынаў пячы. Мне вельмi хацелася плёхнуцца ў ваду, але я яшчэ крыху счакаў i нарэшце сказаў Масону:
- Ну што, пайшлi?
Я даў нырца, а ён паволi зайшоў у ваду i паплыў толькi тады, калi ногi ўжо не даставалi да дна. Плыў ён брасам, даволi кепска, i таму я пакiнуў яго аднаго, а сам паплыў за Мары. Вада была халодная, i плыць было хораша. Мы з Мары далёка адарвалiся ад Масона, i нам было прыемна адчуваць суладнасць нашых пачуццяў i рухаў.
Далёка ў моры мы леглi на спiну, я глядзеў на неба, i сонца хутка сушыла апошнiя пырскi, якiя збягалi мне ў рот. Мы ўбачылi, што Масон вярнуўся на пляж i лёг на пяску пад сонцам. Здалёк ён здаваўся яшчэ больш вялiзным. Мары захацела паплаваць разам. Я прыладзiўся ззаду, узяў яе за талiю, i мы паплылi: яна рукамi рассоўвала хвалi, а я дапамагаў ёй нагамi. У ранiшнiм паветры вакол нас чуўся цiхi плёскат вады. Але я ўрэшце стамiўся, пакiнуў Мары i паплыў да берага. Я стараўся роўна махаць рукамi i дыхаць глыбока. На пляжы я лёг побач з Масонам на жывот i прыцiснуўся шчакой да пяску. "Хораша", - сказаў я, i ён пагадзiўся. Хутка на бераг выйшла Мары. Я павярнуўся i глядзеў, як яна наблiжаецца да нас. Яе цела блiшчала ад салёнай марской вады, валасы былi адкiнутыя назад. Яна легла побач са мной, i ад цеплынi яе цела i сонца я задрамаў.
Мары патрэсла мяне за плячо i сказала, што Масон ужо пайшоў i нам таксама трэба iсцi: пара снедаць. Я адразу ўстаў, бо быў вельмi галодны, але Мары сказала, што я зранку яшчэ нi разу яе не пацалаваў. Гэта была праўда, i, дарэчы, мне самому хацелася пацалаваць яе.
- Хадзi ў ваду, - сказала яна.
Мы пабеглi да берага i плёхнулiся ў першыя маленькiя хвалi. Потым адплылi крыху яшчэ, i Мары прытулiлася да мяне ўсiм целам. Я адчуў, як яна апляла мае ногi сваiмi, i ўва мне запалiлася жаданне.
Калi мы падыходзiлi да хаты, Масон ужо выйшаў нас клiкаць. Я сказаў, што вельмi хачу есцi, i ён адразу заявiў сваёй жонцы, што я яму падабаюся. Хлеб быў смачны, i я ўмомант праглынуў сваю порцыю рыбы. Потым прынеслi мяса са смажанай бульбай. Усе елi моўчкi. Масон раз-пораз адпiваў вiно i безупынку падлiваў мне. Калi прынеслi каву, галава ў мяне ўжо пацяжэла. Я многа палiў. Мы з Масонам i Раймонам дамовiлiся ўвесь жнiвень правесцi тут - будзем жыць разам, у складчыну. Мары раптам сказала:
- А вы ведаеце, якi час? Яшчэ толькi палова на дванаццатую.
Мы ўсе вельмi здзiвiлiся, але Масон сказаў, што нiчога дзiўнага тут няма снедаць трэба тады, калi хочацца есцi. Мары гэта чамусьцi рассмяшыла. Па-мойму, яна проста выпiла лiшку. Тады Масон запытаўся, цi не хачу я крыху прайсцiся па пляжы.
- Жонка ў мяне заўсёды любiць трошкi адпачыць пасля снедання. А я дык не магу - мне трэба хадзiць. Я заўжды кажу ёй, што гэта лепш для здароўя. Але ўрэшце - ёй самой вырашаць.
Мары сказала, што застанецца дапамагчы панi Масон памыць посуд. А вясёлая парыжанка заявiла, што дзеля гэтага перш за ўсё трэба выставiць мужчын прэч. I мы ўтрох пайшлi.
Сонца было ў зенiце i бязлiтасна палiла пясок, блiскi промняў на хвалях рэзалi вочы. На пляжы ўжо нiкога не было. З хат, якiя купiлiся на краi пагорка, павiсаючы над морам, даносiўся бразгат талерак, вiдэльцаў i нажоў. Ад спякотнага подыху камянёў, якi падымаўся з зямлi, дыхаць было амаль немагчыма. Раймон з Масонам гутарылi пра нейкiя справы, пра людзей, якiх я не ведаў, i я зразумеў, што яны даўно ўжо знаёмыя i нават жылi некалi разам. Мы рушылi да вады i потым пайшлi па беразе. Часам нейкая крыху мацнейшая хваля абдавала нашы палатняныя чаравiкi пырскамi. Я ўжо нi пра што не думаў, спякотнае сонца палiла маю непакрытую галаву, i мяне хiлiла на сон.
У гэты час Раймон нешта сказаў Масону. Я недачуў, але адначасна заўважыў, як вельмi далёка, на другiм канцы пляжа, узнiклi два арабы, абодва ў сiнiм. Яны наблiжалiся. Я зiрнуў на Раймона, i ён сказаў: "Гэта ён". Мы па-ранейшаму iшлi наперад. Масон здзiвiўся - як гэта iм удалося дапiльнаваць, што мы тут. Я падумаў, што яны, вiдаць, бачылi, як мы сядалi ў аўтобус з пляжнымi торбамi, але нiчога не адказаў.
Арабы iшлi марудна, але былi ўжо намнога блiжэй. Мы не запавольвалi хады, i Раймон сказаў: