Выбрать главу

- Не, бо гэта няпраўда.

Ён зiрнуў на мяне неяк здзiўлена, нiбы я выклiкаў у яго агiду. I амаль са злосцю сказаў, што, ва ўсякiм выпадку, дырэктар i службоўцы з прытулку будуць выклiканы на працэс як сведкi, а "гэта можа зрабiць мне вельмi благую паслугу". Я заўважыў, што гэта гiсторыя не мае нiякага дачынення да маёй справы. Але ён адказаў, што я нiколi не сутыкаўся з правасуддзем i гэта вiдаць адразу.

Ён пайшоў раззлаваны. Я хацеў быў яго затрымаць, растлумачыць яму, што хачу ад яго спагады - не дзеля таго, каб ён абараняў мяне лепш, а проста так, як звычайна хочуць спагады ад кожнага чалавека. Тым больш што я бачыў, як ён хвалюецца праз мяне. Бачыў, што ён не можа мяне зразумець i толькi злуецца. Я хацеў давесцi яму, што я такi самы, як i ўсе, абсалютна такi самы. Але я паленаваўся, бо падумаў, што, па сутнасцi, гэта не так ужо важна.

Праз некалькi дзён мяне зноў вадзiлi на допыт. Была другая гадзiна дня, i кабiнет гэтым разам быў залiты святлом, якое прабiвалася скрозь празрыстыя фiранкi. Было дужа горача. Следчы прапанаваў сесцi i вельмi абыходлiва паведамiў, што "ў сувязi з адной непрадугледжанай акалiчнасцю" мой адвакат прыйсцi сёння не можа. Але я маю права не адказваць на пытаннi i чакаць адваката. Я сказаў, што магу адказваць i адзiн. Тады следчы нацiснуў пальцам на кнопку на стале, i ў пакой увайшоў малады пiсар. Ён сеў у мяне амаль за самаю спiнай.

Мы ямчэй умасцiлiся ў фатэлях, i допыт пачаўся. Спачатку следчы сказаў, што ўсе, у каго ён нi пытаўся, апiсваюць мяне, як чалавека змрочнага i замкнёнага. Ён хацеў ведаць, што я сам думаю на гэты конт. Я адказаў:

- У мяне проста няма нiчога цiкавага расказаць. I таму я звычайна маўчу.

Як i на першым допыце, ён усмiхнуўся i пагадзiўся, што гэта сама лепшая прычына. I потым дадаў:

- Зрэшты, гэта абсалютна няважна.

Ён змоўк i зiрнуў на мяне, але раптам даволi рэзка выпрастаўся i скорагаворкай сказаў:

- Мяне цiкавiце вы, вы самi.

Я не вельмi зразумеў, што ён мае гэтым на ўвазе, i таму не адказаў.

- Сёе-тое ў вашых учынках мне застаецца яшчэ няясным, - дадаў ён. - Але я ўпэўнены, што вы дапаможаце мне зразумець гэта.

Я адказаў, што ўсё вельмi проста. Ён папрасiў мяне яшчэ раз з усiмi падрабязнасцямi апiсаць той дзень. I я зноў пералiчыў усё, што ўжо казаў яму мiнулы раз: Раймон, пляж, купанне, свара, зноў пляж, крынiчка, сонца i пяць стрэлаў з рэвальвера. Пасля кожнай фразы ён казаў: "Так, так". I калi я дайшоў да нерухомага цела на пяску, ён, нiбы ўхваляючы, сказаў: "Добра". Ужо каторы раз мне даводзiлася вось так паўтараць адну i тую ж гiсторыю, i, бадай, нiколi яшчэ я гэтак доўга не гаварыў.

Пасля некаторага маўчання ён падняўся i сказаў, што хоча мне дапамагчы - я яго зацiкавiў, i з Боскаю дапамогай ён што-небудзь зробiць дзеля мяне. Але раней ён хоча задаць мне некалькi пытанняў. I без усялякага пераходу ён раптам спытаў, цi любiў я маму. Я сказаў: "Але, як i ўсе". Пiсар, якi дагэтуль роўна стукаў на машынцы, чамусьцi зблытаўся - вiдаць, нацiснуў не на тую лiтару, i апошнiя словы яму давялося перадрукаваць. Зноў без усялякай вiдавочнай сувязi следчы запытаўся, цi страляў я з рэвальвера ўсе пяць разоў запар. Я трошкi падумаў i сказаў, што спачатку стрэлiў толькi адзiн раз, а праз некалькi секунд - яшчэ чатыры разы.

- Чаму памiж першым i другiм стрэламi вы зрабiлi паўзу? - запытаўся ён.

Я зноў убачыў перад сабой чырвоны пляж i адчуў, як сонца пячэ мне чало. Але нiчога не адказаў. Маё маўчанне, вiдаць, занепакоiла следчага. Ён сеў, раскудлачыў валасы i, абапершыся локцямi на стол, схiлiўся да мяне з нейкiм дзiўным выглядам:

- Чаму, чаму вы стралялi ў нерухомае цела?

Я зноў не здолеў яму адказаць. Следчы пацёр лоб рукамi i паўтарыў пытанне нейкiм крыху разгубленым голасам:

- Чаму? Вы павiнны сказаць мне. Чаму?

Я па-ранейшаму маўчаў.

Тады ён раптам устаў, шырокай хадой падышоў да краю стала, выцягнуў з тумбы шуфляду i дастаў з яе срэбны крыж з распяццем. Трасучы iм, ён вярнуўся да мяне i абсалютна непазнавальным, амаль дрыготкiм голасам закрычаў:

- Цi ведаеце вы, хто гэта?

Я сказаў:

- Натуральна, што ведаю.

Тады ён, захлынаючыся, палка прызнаўся мне, што ён верыць у Бога, i ён упэўнены, што нiводзiн чалавек на зямлi не вiнаваты настолькi, каб Бог не дараваў яму гэтага, але трэба, каб сваiм раскаяннем чалавек ператварыўся ў дзiця, у немаўлятка, чыя душа - чыстая i адкрытая, i здольная ўспрыняць усё. Следчы ўсiм целам навалiўся на стол. Ён махаў распяццем амаль над самай маёй галавой. Шчыра кажучы, я вельмi дрэнна сачыў за яго думкай - мне было горача, у кабiнеце лёталi мухi i часам садзiлiся мне на твар. Апроч таго, следчы выклiкаў у мяне страх. Я разумеў, што гэта смешна, бо сапраўдны злачынца тут я. Але ён не сунiмаўся. Увогуле я зразумеў, што ў маiх паказаннях, на яго думку, ёсць толькi адна цьмяная рэч - чаму я счакаў, раней чым стрэлiць другi раз. З рэштай - усё выдатна, а вось тут ён не разумее.

Я хацеў быў сказаць, што ён не мае рацыi, на гэтую рэч не варта звяртаць такой увагi: яна наогул не мае вялiкага значэння. Але ён перапынiў мяне. Ён выпрастаўся i з апошняю надзеяй вылечыць маю душу папытаўся, цi веру я ў Бога. Я адказаў, што не. Ад такой знявагi ён сеў у фатэль. Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ўсе людзi вераць у Бога - нават тыя, хто адвярнуў ад яго свой твар. I ён упэўнены ў гэтым, упэўнены, i калi хоць раз яму давядзецца ў гэтым засумнявацца, яго жыццё страцiць усялякi сэнс.

- Няўжо, - закрычаў ён, - няўжо вы хочаце, каб маё жыццё не мела сэнсу?

На маю думку, гэта мяне не датычылася, i я так яму i сказаў. Але ён ужо перагнуўся цераз стол, падсунуў Хрыста пад самыя мае вочы i крычаў, як апантаны:

- Я хрысцiянiн! Я малю яго дараваць табе грахi твае! Як жа ты можаш не верыць, што ён пакутаваў дзеля цябе?

Я, вядома, заўважыў, што ён звяртаецца да мяне на "ты", але мне ўжо абрыдла яго слухаць. Гарачыня душыла ўсё мацней. I я зрабiў выгляд, нiбы згаджаюся, як раблю заўсёды, калi хачу пазбавiцца ад надакучлiвай размовы. На маё здзiўленне следчы шалёна ўзрадаваўся.

- Вось бачыш! Бачыш! - закрычаў ён. - Ты верыш у Бога! I цяпер ты адкрыеш перад iм сваю душу.

Зразумела, я яшчэ раз сказаў, што не. I ён зноў павалiўся ў фатэль.

Выгляд у яго быў змораны. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i толькi машынка дастуквала апошнiя словы з нашага дыялога. Потым следчы ўважлiва i крыху тужлiва зiрнуў на мяне. I прамармытаў: