- Нiколi яшчэ я не бачыў настолькi счарсцвелай душы, як ваша. Нiхто са злачынцаў, якiя прыходзiлi да мяне, не здолеў стрымаць сваiх слёз перад гэтым пакутным аблiччам.
Я хацеў адказаць, што можа яно i так, але ж тое былi злачынцы. Але адразу падумаў, што i я - такi самы. Я ўсё нiяк не мог прызвычаiцца да гэтае думкi. Тут следчы ўстаў, паказваючы, што допыт закончаны. I напаследак, з гэткiм жа стомленым выглядам, запытаўся, цi шкадую я таго, што ўчынiў. Я падумаў i адказаў, што не тое, каб шкадую, але, хутчэй, - проста мне непрыемна. Па-мойму, ён не зразумеў. Але ў той дзень на гэтым усё i скончылася.
Пасля мяне часта яшчэ вадзiлi да следчага. Але кожны раз са мною цяпер быў адвакат. Яны патрабавалi ад мяне хiба што ўдакладнiць сёе-тое ў маiх ранейшых паказаннях. Цi наогул - увесь час гаманiлi памiж сабой наконт розных абвiнаваўчых пунктаў. Але сам я ў такiя хвiлiны нiколi па-сапраўднаму iх не цiкавiў. Ва ўсякiм выпадку, тон допытаў патроху змянiўся. Следчы, вiдаць, ужо адшукаў маёй справе нейкае тлумачэнне i страцiў да маёй асобы ўсякую цiкаўнасць. Ён болей не гутарыў са мною пра Бога, i я ўжо нiколi не бачыў яго такiм узбуджаным, як у той першы дзень. Некалькi пытанняў, кароткая размова з адвакатам - i допыт канчаўся. Справа мая, як любiў казаць следчы, пасоўвалася сваiм парадкам. Часам, калi размова iшла на нейкую агульную тэму, мяне падключалi таксама. I тады мне дыхалася вальней. Усё было так натуральна, iшло так гладка i гаварылася так разумна, што ў мяне нават пачало складвацца ўражанне, што я тут - "свой чалавек". Следства цягнулася адзiнаццаць месяцаў, i пад канец я амаль не мог даць сабе веры, што некалi ў мяне былi нейкiя iншыя ўцехi, акрамя тых хвiлiн, калi следчы праводзiў мяне да дзвярэй i, лопаючы па плячы, па-сяброўску казаў: "Ну, на сёння досыць, пане Антыхрысце". I мяне перадавалi ў рукi жандарам.
II
Ёсць рэчы, пра якiя мне нiколi не падабалася гаварыць. I калi я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькi дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна.
Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агiды. Але першыя днi я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я - у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца i ўсё пойдзе iнакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькi пасля першага i адзiнага наведвання Мары. З таго дня, калi я атрымаў яе лiст (а яна пiсала, што прыходзiць ёй больш не дазваляюць, бо яна мне не жонка), з таго самага дня я адчуў, што камера i ёсць мой дом i ўсё маё жыццё канчаецца тут. Спачатку, адразу пасля арышту, мяне пасадзiлi ў памяшканне, дзе ўжо было некалькi вязняў, больш - арабаў. Яны сустрэлi мяне рогатам. I пасля папыталiся, што я зрабiў. Я адказаў, што забiў араба, тады яны сцiхлi. Але хутка настаў вечар, i яны растлумачылi, як лепей складаць цыноўку, на якой тут даводзiлася спаць. Адзiн край трэба было скруцiць, i тады атрымлiвалася нешта накшталт падушкi. Усю ноч па маiм твары поўзалi клапы. Але праз некалькi дзён мяне перавялi ў адзiночку, i тут я спаў на драўняным ложку. У мяне была параша i бляшаная мiса. Турма ўзвышалася над горадам, i праз маленькае акенца ў камеры можна было ўбачыць мора. Аднойчы, калi я, ухапiўшыся за краты, лавiў тварам сонечныя прамянi, увайшоў наглядчык. Ён сказаў, што да мяне прыйшлi. Я падумаў, што гэта, вiдаць, Мары. I гэта сапраўды была яна.
У пакой для спатканняў мяне вялi па доўгiм калiдоры, пасля па лесвiцы i, нарэшце, зноў па калiдоры. Я ўвайшоў у вельмi шырокую залу з вялiзным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкi ў краты рассякалi пакой на тры часткi. Пустая прастора, шырынёй метраў восем цi дзесяць, аддзяляла наведнiкаў ад арыштантаў. Насупраць узнiкла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар i паласатую сукенку. Побач са мной у пакоi стаялi яшчэ некалькi вязняў, чалавек дзесяць, большасць былi арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былi арабкi: з аднаго - сцiснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсiм чорным, з другога - тоўстая кабета з распушчанымi валасамi, яна ўвесь час нешта моцна крычала i размахвала рукамi. З-за вялiкай адлегласцi памiж адгародкамi ўсiм, хто быў у зале, даводзiлася размаўляць вельмi гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працiнала шыбы, i гуд галасоў адбiвалiся ад голых сцен i мацнелi яшчэ больш. Калi я зайшоў, у мяне нават закруцiлася ў галаве. У камеры было намнога цямней i спакайней. I каб асвойтацца, мне спатрэбiўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калiдора памiж адгародкамi на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў i iх крэўныя масцiлiся на кукiшках адзiн насупраць аднаго. Гэтыя не крычалi. Нягледзячы на страшэнны гармiдар, iм неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Iх цiхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавiтага фону для хору тых гучных поклiчаў, што гучалi над iх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль iшоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў i з усяе сiлы намагалася ўсмiхнуцца. Яна мне здалася вельмi прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага.
- Ну што? - голасна крыкнула яна.
- Як бачыш, вось так.
- Табе нiчога не трэба, у цябе ўсё добра?
- Так, усё.
Мы змоўклi. Мары ўсё ўсмiхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымi вачыма. Вiдаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалi яшчэ да майго прыходу.
- Жана не захацела яго ўзяць, - на ўсё горла крычала кабета.
- Ну, ну, - адказваў муж.
- Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела.
Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывiтанне, i я адказаў: "Дзякуй". Але мяне перабiў сусед, якi пытаўся, "як у яго са здароўем". Яго жонка засмяялася i адказала, што "лепей ён сябе нiколi не адчуваў". Сусед справа, невысокi юнак з тонкiмi рукамi, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пiльна ўзiралiся адно ў аднаго. Але паназiраць за iмi яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула:
- Трэба не трацiць надзеi.
I я адказаў:
- Ага.
Я глядзеў на яе, i мне хацелася сцiснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую i лёгкую тканiну, i я не ведаў, цi можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усмiхалася. I я ўжо не бачыў нiчога, апроч бляску яе беласнежных зубоў i вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула: