Выбрать главу

- Ты выйдзеш, i мы пажэнiмся!

- Ты так думаеш? - адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць.

I тады, вельмi хутка i па-ранейшаму голасна, яна залапатала - але, але, мяне апраўдаюць, i мы зноў будзем плаваць у моры. Але кабета побач з ёю раўла безупынку. Яна казала, што пакiнула ў канцылярыi кошык з перадачай, i пералiчвала ўсё, што там ляжыць. Трэба абавязкова праверыць - гэта каштуе немалых грошай. Другi сусед i яго мацi па-ранейшаму маўчалi i ўзiралiся адно ў аднаго. На кукiшках гэтак жа перашэптвалiся арабы. Святло на дварэ нiбы напiналася i цiснула ў шыбы.

Я адчуваў нейкую кволасць, немач i быў бы рады пайсцi. Ад шуму мне рабiлася млосна. Але з другога боку, хацелася пабыць яшчэ, паглядзець на Мары. Не ведаю, колькi мiнула часу. Мары расказвала пра сваю працу i ўсмiхалася бесперастанку. Шэпт, крык, гамонка гучалi з усiх бакоў. Адзiны астравок цiшынi заставаўся там, дзе, побач са мной, шчуплы юнак i яго мацi моўчкi глядзелi адно на аднаго. Патроху арабаў пачалi выводзiць. Калi вывелi першага, амаль усе адразу ацiхлi. Маленькая бабуля прыгарнулася да кратаў, i ў тую ж хвiлiну наглядчык зрабiў знак яе сыну. Той сказаў:

- Да пабачэння, мама.

Яна прасунула памiж кратаў руку i павольна, мякка махнула яму наўздагон.

Бабуля пайшла, i на яе месцы адразу ўзнiк мужчына з капелюшом у руцэ. Прывялi новага вязня, i яны ажыўлена загаманiлi, але не крычалi, бо ў пакоi было ўжо цiха. Прыйшлi па майго суседа справа. Яго жонка, нiбы не заўважаючы, што ўжо няма патрэбы крычаць, гучна сказала яму:

- Беражы сябе i будзь уважлiвы!

Потым настала мая чарга. Мары рукою паслала мне пацалунак. Ад дзвярэй я яшчэ раз зiрнуў на яе. Яна стаяла нерухома, прыцiснуўшыся тварам да кратаў, i па-ранейшаму неяк напята, сутаргава ўсмiхалася.

Неўзабаве пасля гэтага яна мне напiсала. Тады i пачалося тое сапраўднае турэмнае жыццё, пра якое я нiколi не любiў гаварыць. Праўда, тут не трэба перабольшваць - жыць у турме мне ўдавалася лягчэй, чым iншым. Цяжка было хiба што першы час, бо трапiўшы ў турму, я захоўваў яшчэ думкi вольнага чалавека. Хацелася, напрыклад, на пляж, прагуляцца да мора. Я ўяўляў, як першыя хвалi пляскочуць каля маiх ног, як вада прымае маё цела, i мне адразу робiцца лёгка i вольна. I раптам зноў бачыў турэмныя муры, i мне здавалася, што яны яшчэ шчыльней абступаюць мяне. Але праз некалькi месяцаў гэта прайшло. I пасля ў мяне былi толькi арыштанцкiя думкi. Я чакаў, калi мяне павядуць на прагулку на двор або калi прыйдзе мой адвакат. Я няблага навучыўся прабаўляць i рэшту вольнага часу. Я часта думаў тады, што калi б мяне змусiлi жыць у камлi старадрэвiны i адзiным заняткам маiм было назiраць за барвамi неба над галавой, дык i тады б я патроху прызвычаiўся да гэтага. Я чакаў бы, калi прыляцяць птушкi або з'явяцца хмары, як чакаю цяпер дзiўных гальштукаў майго адваката, а раней, на волi, чакаў суботы, калi можна было абняць цела Мары. Аднак, калi добра разважыць, - я не ў камлi старадрэвiны. Былi i болей няшчасныя за мяне. Зрэшты, гэта не мае - гэта мамiны думкi. Гэта яна часта гаварыла, што ўрэшце чалавек да ўсяго прызвычайваецца. А я ў сваiх думках рэдка заходзiў гэтак далёка.

Першыя месяцы было цяжка. Але намаганне, якое трэба было рабiць над сабой, якраз i дапамагала таму, каб час бег хутчэй. Напрыклад, мне пакутлiва хацелася жанчыны. Гэта натуральна, бо я быў малады. Я нiколi не думаў менавiта пра Мары. Я проста думаў пра жанчыну, наогул - пра жанчын, перабiраў у памяцi ўсiх, каго ведаў, усе тыя абставiны, у якiх кахаўся з iмi, i тады камера напаўнялася тварамi, i ў ёй рабiлася цесна ад маiх жаданняў. З аднаго боку, гэта парушала маю душэўную раўнавагу. Але з другога - дапамагала прабавiць час. Патроху мне ўдалося заваяваць спагаду старэйшага наглядчыка, якi разам з раздатчыкам з кухнi хадзiў па камерах, калi разносiлi ежу. Ён i пачаў са мною гаворку пра жанчын. Ён сказаў, што гэта сама першае, на што ўсе пачынаюць скардзiцца. Я адказаў, што я тут не выключэнне, але, па-мойму, такое становiшча - несправядлiвае.

- Але ж дзеля гэтага вас i садзяць у турму, - сказаў ён.

- Як гэта дзеля гэтага?

- Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым i ёсць.

Я нiколi не думаў пра гэта. I словы наглядчыка здалiся мне слушнымi.

- Ваша праўда, - сказаў я. - Iначай што б гэта было за пакаранне?

- Вядома! Вось вы разумееце. А iншыя - не. Праўда, яны ўрэшце самi сабе робяць палёгку.

Пасля гэтага наглядчык пайшоў.

Была яшчэ праблема - цыгарэты. Калi я трапiў у турму, у мяне забралi пас, матузкi з чаравiкаў, гальштук i ўсё, што ляжала ў кiшэнях, у прыватнасцi цыгарэты. Апынуўшыся ў адзiночцы, я папрасiў, каб мне iх аддалi. Але мне сказалi, што гэта забаронена. Першыя днi было вельмi цяжка. Тое, што не было тытуню, прыгнятала мяне, мусiць, больш за ўсё. Я смактаў трэскi ад дашчанага ложка. Увесь дзень мяне нудзiла. Я не разумеў, чаму мяне пазбаўляюць таго, што нiкому не прыносiць нiякай шкоды. Але пазней я ўцямiў, што гэта таксама ўваходзiць у пакаранне. Праўда, палiць на той час я ўжо адвык, i пакараннем мне гэта больш не было.

Калi ж не лiчыць гэтых невыгод, я быў не такi ўжо няшчасны. Уся праблема зноў жа ўпiралася ў тое, якiм чынам прабавiць час. I калi я навучыўся ўспамiнаць сваё мiнулае, мне нарэшце ўдалося пазбавiцца ад нуды. Часцей за ўсё я думаў пра свой пакой, я ўяўляў, што стаю ў адным куце, i пачынаў рухацца ўздоўж сцен. Я перабiраў у думках усё, што мне траплялася, пакуль не вяртаўся ў той самы кут. Спачатку ў мяне гэта выходзiла неяк хутка. Але кожны раз, як я пачынаў зноў, займала ўсё болей часу. Я перабiраў усю мэблю, дзе што стаiць, дзе што ляжыць - кожную рэч, кожную дробязь, дзе якая iнкрустацыя, дзе расколiнка, дзе край вышчарблены, што якога колеру, якое навобмацак. У той жа час я стараўся не зблытаць чарговасцi i нi пра што не забыцца. Праз некалькi тыдняў я ўжо цэлымi гадзiнамi мог займацца толькi тым, што пералiчваў рэчы ў сваiм пакоi. Чым больш я думаў i прыгадваў, тым больш у маёй памяцi ўзнiкала новых дробязяў, на якiя раней я зусiм не зважаў. I я зразумеў тады, што нават той, хто пражыў усяго адзiн дзень, мог бы сто год спакойна правесцi ў турме. Яму б хапiла ўспамiнаў, каб не знудзiцца. У пэўным сэнсе, успамiны - вялiкая выгода.

Ну, i пасля яшчэ - сон. Спачатку ўначы я спаў дрэнна, а ўдзень - наогул не мог заснуць. Але патроху з ноччу справа наладзiлася, дый удзень спаць я таксама навучыўся. Апошнiя месяцы я спаў шаснаццаць - васемнаццаць гадзiн на суткi. Заставалася прабавiць толькi шэсць гадзiн, на што iшлi ежа, натуральныя патрэбы, успамiны i гiсторыя пра чэха.