Выбрать главу

Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў - былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя - скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што - было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зiрнуў на свае чаравiкi i сказаў, што ў той дзень я не выявiў жадання паглядзець на маму i нi разу не заплакаў, а потым - з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магiлы. I яшчэ яго ўразiла, што - як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро - я нават не ведаў, колькi маме гадоў. На нейкi момант у зале запанавала цiшыня, i старшыня папрасiў дырэктара пацвердзiць, што ўсё сказанае iм тычыцца менавiта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, i старшыня быў вымушаны растлумачыць:

- Гэтага патрабуе закон.

Потым старшыня запытаўся ў пракурора, цi будуць у яго якiя пытаннi да сведкi, але пракурор усклiкнуў:

- О не! Гэтага дастаткова.

Яго твар свяцiўся ад радасцi, i ён кiнуў на мяне такi пераможны позiрк, што - упершыню за апошнiя гады - у мяне ўзнiкла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькi мяне ненавiдзяць усе гэтыя людзi.

Старшыня папытаўся ў прысяжных i адваката, цi, можа, у iх ёсць якiя пытаннi да дырэктара, i потым загадаў выклiкаць брамнiка. З iм, як i з усiмi, паўтарылася тая ж цырымонiя. Брамнiк увайшоў, хутка зiрнуў на мяне i, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытаннi. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я палiў, спаў, што я пiў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацiлася быццам нейкая хваля, i першы раз усвядомiў, што я - вiнаваты. Брамнiка папрасiлi яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком i цыгарэты. Пракурор пазiраў на мяне з iранiчным бляскам у вачах. Але ў гэту хвiлiну адвакат запытаўся ў брамнiка, цi не палiў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў i катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання:

- Нарэшце, хто тут злачынца, i што гэта за метады, якiя iмкнуцца адно зняславiць сведкаў абвiнавачвання i прынiзiць iх сведчаннi, якiя ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя!

Нягледзячы на гэта, старшыня папрасiў брамнiка адказаць на пытанне. Стары сумеўся i прабалбатаў:

- Я разумею, што не меў рацыi. Але калi пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмелiўся яму адмовiць.

Нарэшце ў мяне спыталi, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў:

- Нiчога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я.

Брамнiк зiрнуў на мяне крыху здзiўлена i з нейкай удзячнасцю. I пасля невялiкага вагання заявiў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў i пераможна абвясцiў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвiўся таксама i з гнеўным абурэннем сказаў:

- Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. I яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусiў адмовiцца ад яе перад целам той, хто спарадзiў яго на свет.

Брамнiк вярнуўся на сваё месца ў зале.

Калi настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымлiваць, каб падвесцi да перагародкi перад суддзямi. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькi маю мацi, а мяне бачыў толькi раз, у дзень пахавання. У яго запыталiся, што я рабiў у той дзень,i ён адказаў:

- Разумееце, мне ў той дзень было вельмi цяжка. I я нiчога не бачыў. Я не мог нiчога ўбачыць праз вялiкае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялiкае гора. Аднойчы я нават страцiў прытомнасць. I таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана.

Тады пракурор спытаўся, цi бачыў ён, прынамсi, каб я плакаў. I Перэс адказаў - не. Пракурор павярнуўся да мяне i заявiў:

- Панове прысяжныя ацэняць гэта.

Але мой адвакат незалюбiў. Ён устаў i, як мне здалося, перабольшана абыходлiвым голасам запытаўся ў Перэса, "цi бачыў ён, што я не плакаў". I Перэс сказаў:

- Не.

У зале пачуўся смяшок. I адвакат, закасаўшы адзiн рукаў, катэгарычна заявiў:

- Вось вам аблiчча гэтага працэсу. Усё тут праўда - i нiчога не праўда!

Пракурор сядзеў пануры i моўчкi тыкаў алоўкам у вокладку на дасье.

Пасля пяцiхвiлiннага перапынку, за час якога адвакат паспеў мне паведамiць, што ўсё пакуль iдзе як найлепш, у залу выклiкалi Селеста. Ён выступаў з боку абароны, гэта значыць - за мяне. Час ад часу ён кiдаў на мяне позiркi i камячыў у руках панаму. Ён быў у сваiм новым гарнiтуры, якi часам надзяваў у нядзелю, калi мы разам хадзiлi на скачкi. Але сёння, па-мойму, ён не надзеў крухмальнага каўняра, бо пiнжак, каб схаваць кашулю, быў зашпiлены зверху на медны гузiк. У яго папыталiся, цi быў я яго клiентам, i ён адказаў:

- Так, але, апроч таго, ён быў маiм сябрам.

Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я - сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Цi заўважыў ён, што я - чалавек негаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў:

- Гэтыя дробязi датычацца толькi нас.

Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў.

- Па-мойму, - сказаў ён, - гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, - гэта проста няшчасце!

Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:

- Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.