Ранкам Мары засталася ў мяне, i я сказаў, што зараз мы будзем снедаць. Я схадзiў у лаўку па мяса i, вяртаючыся, пачуў у Раймонавай кватэры жаночы голас. Потым да нас данеслася бурчанне старога Саламано, якi бэсцiў сабаку, i мы пачулi, як па драўняных прыступках на лесвiцы прагрукаталi яго абцасы i сабачыя пазуры. Знiзу зноў данеслася: "Свалата, падла", - i яны выйшлi на вулiцу. Я расказаў Мары пра старога, i яна пасмяялася. Яна сядзела ў маёй пiжаме з падкасанымi рукавамi. I калi яна засмяялася, мне захацелася яе зноў. Потым яна спытала, цi кахаю я яе. Я адказаў, што гэта, па-мойму, не мае нiякага значэння, але, здаецца, не кахаю. Твар у яе пасумнеў. Але потым, калi я рабiў сняданак, яна зноў смяялася - проста так, без усялякай прычыны, i гэта было так прыгожа, што я зноў пацалаваў яе. У гэтую хвiлiну ў Раймонавым пакоi ўзняўся гвалт.
Спачатку мы пачулi пранiзлiвы жаночы крык i потым голас Раймона:
- Ты мяне зняважыла, ты зняважыла мяне! Я цябе навучу, як мяне зневажаць!
Пачулiся глухiя ўдары, i жанчына зараўла, ды так жахлiва, што лесвiчная пляцоўка адразу напоўнiлася людам. Мы з Мары выйшлi таксама. Жанчына ўсё галасiла, а Раймон па-ранейшаму бiў яе. Мары сказала, што гэта жахлiва, але я нiчога не адказаў. Яна папрасiла мяне схадзiць па палiцыянта, але я адказаў, што палiцэйскiх не люблю. Аднак урэшце адзiн усё ж прыйшоў. Яго прывёў водаправоднiк з трэцяга паверха. Палiцэйскi пастукаў у дзверы, але яму нiхто не адказаў. Тады ён пастукаў мацней, i праз некаторы час жанчына заплакала i Раймон адчынiў. У роце ён трымаў цыгарэту, i выгляд у яго быў вельмi лагодны. Дзяўчына кiнулася да дзвярэй i заявiла палiцэйскаму, што Раймон яе набiў.
- Прозвiшча? - запытаўся палiцэйскi.
Раймон адказаў.
- Вымi цыгарэту з рота, калi са мной размаўляеш, - сказаў палiцэйскi.
Раймон завагаўся, зiрнуў на мяне i зрабiў зацяжку. Тут палiцэйскi з усяго размаху ўляпiў яму звонкую i важкую поўху. Цыгарэта адляцела на некалькi метраў убок. Раймон перамянiўся ў твары, але нiчога не адказаў i толькi пасля сцiплым голасам запытаўся, цi можна яму падняць недакурак. Палiцэйскi адказаў, што можна, i дадаў:
- Другi раз будзеш ведаць, што палiцэйскi не лялька, з якой сабе можна дазваляць невядома што.
Дзяўчына ўвесь гэты час плакала i паўтарала:
- Ён мяне набiў. Ён сутэнёр.
- Пане палiцэйскi, - папытаўся тады Раймон, - цi ж гэта дазваляецца законам вось гэтак называць сумленнага мужчыну сутэнёрам?
Палiцэйскi загадаў яму "заткнуць зяпу". Тады Раймон павярнуўся да дзяўчыны i сказаў:
- Ну, чакай, дзiцятка, мы яшчэ стрэнемся.
Палiцэйскi зноў паўтарыў, каб ён заткнуўся, i сказаў, што дзяўчына можа iсцi, а Раймон мусiць заставацца ў пакоi i чакаць, пакуль яго паклiчуць у камiсарыят. Потым ён дадаў, што Раймону павiнна быць сорамна - да таго напiўся, што аж дрыжыць увесь. Але Раймон растлумачыў:
- Я не п'яны, пане палiцэйскi. Гэта проста перад вамi, ад нерваў, тут хочаш - не хочаш, задрыжыш.
Ён зачынiў дзверы, i ўсе разышлiся. Мы з Мары кончылi гатаваць сняданак. Але яна есцi не хацела, i я амаль усё з'еў адзiн. А першай гадзiне яна пайшла, i я крыху паспаў.
Гадзiне а трэцяй у дзверы да мяне нехта пастукаўся. Увайшоў Раймон. Я яшчэ ляжаў, i ён падышоў i сеў на край ложка. Нейкi час ён сядзеў моўчкi, i я папытаўся, як у яго прайшло. Ён расказаў, што зрабiў усё так, як задумаў, але пад канец яна дала яму поўху, i ён за гэта яе пабiў. Рэшту ж усё я бачыў сам. Я сказаў, што цяпер, па-мойму, яна пакараная i ён можа быць спакойны. Раймон пагадзiўся. Ён заўважыў, што палiцэйскi цяпер дарма стараецца - дыхту яна дастала, i нiчога ён ужо не зменiць. I дадаў, што палiцэйскiх ён добра вывучыў i ведае, як сябе з iмi паводзiць. Потым ён запытаўся - мабыць, я чакаў, што ён адкажа палiцэйскаму на поўху. Я адказаў, што нiчога такога не чакаў i наогул палiцэйскiх не люблю. Раймон, вiдаць, быў гэтым вельмi задаволены. Ён прапанаваў куды-небудзь схадзiць. Я падняўся i пачаў прычэсвацца. Ён сказаў, што трэба, каб я быў яму сведкам. Мне было ўсё роўна, але я не ведаў, што павiнен буду сказаць. На думку Раймона, досыць было пацвердзiць, што дзяўчына яго ашукала. Тады я згадзiўся.
Мы выйшлi, у кавярнi Раймон пачаставаў мяне чаркай гарэлкi. Потым яму захацелася згуляць партыю ў бiльярд, але я пудлаваў увесь час i прайграў. Пасля ён прапанаваў пайсцi ў бардэль, але я адмовiўся, бо не люблю такiх рэчаў. Мы пацiху пайшлi назад, i ён увесь час расказваў, якi ён задаволены, што правучыў сваю кралю. Па-мойму, ён ставiўся да мяне вельмi прыязна, i я падумаў, што мы някепска прабавiлi час.
Яшчэ здалёк я заўважыў, што на парозе нашага дома стаiць стары Саламано i выгляд у яго нейкi ўзрушаны. Калi мы падышлi блiжэй, я ўбачыў, што ён без сабакi. Ён азiраўся вакол, круцiўся на месцы, намагаўся нешта разгледзець у цемры пад'езда, мармытаў бязладныя словы i зноў пачынаў шнарыць па вулiцы пачырванелымi вочкамi. Раймон запытаўся, што здарылася, але стары нiчога не адказаў. I я толькi цьмяна пачуў, як ён шапнуў: "Свалата, падла", - i зноў пачаў круцiцца ва ўсе бакi. Я папытаўся, дзе яго сабака. Ён раздражнёна адказаў:
- Уцёк! - i раптам скорагаворкай забалбатаў: - Павёў я яго на Манёўравы пляц, як звычайна. А там народу, кiрмаш, балаганы з артыстамi прыехалi. Ну, спынiўся я - паглядзець "Караля-ўцекача". А як сабраўся пайсцi, глянь, а яго ўжо i след прастыў. Праўда, даўно ўжо трэба было яму аброжак вужэйшы купiць. Ды каб жа я ведаў, што гэтая падла вось так возьме дый уцячэ.
Раймон пачаў яму тлумачыць, што сабака, мабыць, проста заблудзiўся i яшчэ вернецца. Ён расказаў некалькi выпадкаў, калi сабакi прабягалi дзясяткi кiламетраў, каб вярнуцца да свайго гаспадара. Але стары яшчэ больш занепакоiўся:
- Ды як жа вы не разумееце, яго ж заб'юць. Хай бы яшчэ падабраў нехта. Ды дзе ўжо там - каму ён са сваiмi шолудзямi патрэбен, усе гiдзiцца будуць. Сцапаюць гiцлi - вось i ўсё.
Тады я сказаў, што яму варта схадзiць на скуралупню - заплацiць там штраф за паслугi, i сабаку яму аддадуць. Стары папытаўся - цi вялiкi трэба плацiць штраф? Я не ведаў. Тады ён усхадзiўся:
- Даваць грошы за гэтую падлу! Ага! Ды хай сабе спруцянее!