А кучаравая Сабiна, што аж з другога канца вёскi, паднялася з праснiцы i пачала абкручваць кругом шыi рог тоўстае хусткi.
— Ой, i нам пара, — падхапiлiся астатнiя дзеўкi, забiраючы з сабою праснiцы з вялiкiмi бародамi недапрадзенай кудзелi.
Цiшком адзiн за адным кiнулiся ў сенi хлопцы, каб злавiць якую ды падвесцi дадому. У сенях падняўся вiск, быў чуваць сыты рогат Бронiся Лiтавара.
Iмполь выходзiў апошнiм. З iм ужо, каб прысунуць дзверы, накiнуўшы на галаву вялiкую суконную хустку, выбегла Хрысця.
Хлопцы з дзеўкамi смяялiся на вулiцы. Але раптоўна гэты рогат сцiх. Немы чужы крык працяў вясёлую цiш:
— А людзечкi, ая-ёй!
Iмполь дагадаўся, што некага б’юць. Тупацелi ногi, трашчаў плот — ламалi недзе частаколiны.
— А божачка, што там? — Хрысця злавiла Iмполеву руку.
— Б’юцца, — сказаў ён, чуючы, што яна дрыжыць не то ад холаду, не то ад страху.
На надворку валтузiлiся: нешта мякка i глуха вухкала, як у падушку, i нехта крактаў, нiбыта сек дровы.
— Iзноў, мусiць, гэтыя Катэ, — сказала яна, стаўшы на высокi парог i цiкуючы на надворак, — кругом яе галавы, ад белага месяца, стаяла сiняватая яснасць.
— Ой, не суньцеся ж хаця, — яна ўчапiлася Iмполю за рукаво, калi ён пераступiў парог. З-пад веснiкаў, угнуўшыся i без шапкi, уцякаў сюды Бронiк Лiтавар, твар у яго быў залiты крывёю — яна выдавала чорнаю, як гразь. I нехта нiжэйшы, трымаючы ў руках калок, насцiг яго каля хаты i з усяе моцы гахнуў па плячах — калок трэснуў, i адзiн канец, скачучы, як скача адсечанае ад калодкi палена, паляцеў аж пад парог.
— Ах, божачка, заб’е ж, — зноў немым голасам заенчыла дзеўка. Гэта была Сабiна — стрыечная Лiтаварава сястра.
Астатнiх дзяўчат i хлопцаў як ветрам змяло з Корсакавага надворка, кожны наравiў быць далей ад бяды. У веснiках толькi стаяў Жэнiк Рэпка, каб, на выпадак чаго, памагчы брату.
— Ну, Чадзiна… — Сяргей мацюкнуўся i, не выпускаючы з рук канец адламанага калка, спусцiўся з пакатага надворка да веснiкаў.
— I што гэта iм зноў тудака трэба? — крыкнуў туды, на вулiцу, Корсак Улас, выйшаўшы разам з Мiцем на двор.
— Хадзi i ты сюды, хадзi, — аказалiся з-за плота Каты.
— А ты паагрызайся болей! — Мiця саступiў з пляскатага каменя, што ляжаў каля парога. Рукi ў яго былi закладзеныя за спiну — ён хаваў ззаду нешта караткаватае, цi не жалезны прэнт.
Каты змоўклi. Высунулiся з цянька i пайшлi вулiцай, схаваўшыся за рогам чужое хаты. Адзiн дробна, з пералiвам, высвiстваў польку.
— Iдзi ў хату, Бронiсь, — сказаў Корсак, хаваючыся ў цёмных сенях. — Iдзi, абмыйся хоць.
— I праўда, Бронiк, — Сабiна з Хрысцяй пагналi Лiтавара ў хату.
Iмполь выйшаў на вулiцу, каля веснiкаў наступiўшы на нешта чорнае i мяккае, цi не на Лiтавараву шапку.
Вечар быў ясны — высока на полуднi стаяў белы месяц з сiняватым у сярэдзiне i бурым па краях кругам. На нечым шчыце ў аконцы блiшчаў асколак шкла. Пахла вострым марозам i чэрствым гаркаватым лiсцем. На звялай i шэрай, як ссыпанай соллю, траве пералiваўся, цьмяна мiгцеў iней. Каля чарнаты плота белым паскам ззяў малады ўчарашнi снег, што не растаў за дзень. Дужэў прымаразак — камянела зямля. Усё выдавала пустым, голым, i звон стаяў, як у парожняй дубовай бочцы. Так бывае позна ўвосень у сухi мароз. Толькi недзе ў хляве бляяла, акацiўшыся, авечка — там нехта свяцiў лiхтаром: у адчыненых дзвярах мiльгаў скупы жоўты агонь. У канцы вулiцы чуўся злы, здушаны голас:
— I яе, гадзiну, трэба правучыць…
Гаварылi, мусiць, пра Хрысцю. Падыходзячы блiжай i заварочваючы да Мондрых у двор, Iмполь прыслухаўся, але нiчога болей не распазнаў. З-за хлевушка высунулася i загаўкала, кiдаючыся да ног, аблавухая сучачка — яна яшчэ не асвойталася з чужымi ў хаце людзьмi. У вокнах раптам палахлiва затрапятаўся i патух агонь — гаспадыня, гатуючыся, пэўна, спаць, баялася, цi не падглядае хто.
Iмполь пастукаў у цёмнае, што адлiвала месячным бляскам, прадпечнае акно. За глухою шыбаю паказалася Алеся. Распушчаныя валасы падалi на плечы, глыбокi выраз сарочкi адкрываў цеплату грудзей.
V
Бацьку свайго Iмполь не помнiў. Расказвала мацi, што бацька быў рослы, кучаравы — ён, Iмполь, i крошкi па iм падабраў. Толькi бацька ганьбу невялiкую меў: на правай руцэ не хватала двух пальцаў — аджавала трыбаю сячкарнi. Праз гэтае калецтва яго i ў войска не ўзялi, таму жанiлiся яны з мацераю ў той год, як пачалася вайна. Людзi якраз у бежанства ўцякалi, спярша здалёк, недзе зпад Сувалак, — мазуры ўсё. А на другi год, калi фронт падышоў блiжай, ускораўшы пажаць толькi жыта, выправiлася ў дарогу iхняя вёска.