Недзе блiзка, з’язджаючы з дарогi на поле, ляскаталi калёсы.
— Едуць!.. — сказаў ён, адчуваючы брыдкасць перад ёю, перад самiм сабою, што зрабiлася з iм. Падняўшыся, убачыў, што да жытнiх пашаркаў ехаў стары Радзюк — была вiдаць яго палатняная, рудая, забруджаная сарочка i чорная, з кароткiм лакiраваным брыльком, яшчэ царская шапка. Радзюк пад’ехаў да мэндляў i, злазячы з воза, гукнуў:
— Iмполь, iдзi сюды! Iмполь…
— Клiча ж во, iдзi, — Ваця спешна абцягнула караткаватую сарочку i села, паставiўшы на каленi палiваны збан.
Iмполь пайшоў, слухаючы, як шастае, трашчыць жоўтае аўсянiшча; за iм ужо было жытняе, зеленаватае ад маладое сырадэлi ржышча.
Падыходзячы да воза, азiрнуўся: з другога боку поля, карычняватаю ад пераспелага быльнiку мяжою, сюды iшоў Ладак. У Iмполя ад брыдкасцi, ад страху нешта адарвалася ў грудзях — падумаў, што гэты з мяжы, з грудка, пэўна бачыў усё. Ваця жала авёс — сагнуўшыся, махала локцем, потым нясла, прытрымлiваючы сярпом, i клала «жменю.
— Чаго стаiш, скiдай рубаль! — стары асцярожна сцягнуў з дзесяткi лёгкую растапыраную «шапку» i панёс да воза.
Ладак, злы, раз’юшаны, падышоў да каня, тузануў за цуглi, адрываючы ад сiвенькае маладое сырадэлi, што ўжо рэдзенькiмi калiвамi паднiмалася з iржышча.
— Здыхата на цябе — не наеўся!
Стары скоса зiрнуў на сына, але нiчога не сказаў, палез на воз укладваць снапы.
Ладак памахаў кулаком, але не выцяў каня, мусiць, пашкадаваў.
Носячы шапаткiя, з сухiмi каласамi, снапы, Iмполь стрэўся вачыма з Ладакам — i адвёў свае: яму здалося, што гэтыя паўпаданыя i пустыя, як у старых, вочы, мусiць, бачаць усё.
I Ладак, вядома, бачыў, як жонка занадта лагодна ходзiць каля Iмполя, як падае яму есцi, як сцеле пасцель, чуў, як яна рагоча, астаўшыся з iм самнасам у прычыненых сенях, як чэпiцца да яго i строiць нейкiя жартачкi. Але ён маўчаў, покуль аднойчы не напiўся, покуль не асмялеў, здурнелы ад гарэлкi.
Было гэта на Ларывона, на свята коней, што прыпадае ўвосень. Ён вярнуўся з кiрмашу з вянком абаранкаў на шыi, распрог каня, але вёў яго ўжо не ў хлеў, а ў хату — тут якраз сядзелi Ваця з Iмполем.
— Ах, божачка, ды што ж гэта ён робiць?! — яна пляснула рукамi, убачыўшы ў адчыненых сенях белую конскую галаву. — Здурэў чалавек.
Ён пераступiў парог, трымаючы адною рукою каня, другою здымаючы з шыi абаранкi.
— Ужо залiў сабе вочы, — яна паднялася з лавы i, злая, пайшла да парога. — Куды ж гэта каня вядзеш? Засляпiла, цi што? — яна турзанула яго за руку, каб адарваць ад конскае грывы.
Ён кiнуў аж адтуль, ад парога, мецячы на стол, вянок абаранкаў, але недакiнуў — храснуўшыся аб падлогу i б’ючыся на кавалачкi, абаранкi паляцелi пад стол. I цяпер толькi, мусiць, убачыў Iмполя. Доўга думаў, што да чаго, i нарэшце змiкiцiў, што яна тут з iм.
— Пусцi, кажу, каня, — Ваця, ужо чырванеючы ад натугi, вырывала ў яго з рук павады.
— Не руш, — сказаў ён цвёрда, i раптам яго худы, з паўпаданымi шчокамi твар перакасiўся. — Адыдзiся, гавару! — Ён растапыранаю рукою пхнуў яе ў грудзi.
— Ды што ж гэта з iм? — азiрнулася яна на Iмполя, абапёршыся аб вушак, каб не ўпасцi.
— Яна пытае што?! Што?.. А ты думаеш, я не бачу, што з iм скруцiлася? Не бачу, га?! — ён скрыгануў зубамi, раптам зняўшы руку з канёвае грывы; конь адвярнуў галаву, грукаючы i круцячыся там, у незачыненых сенях, каб выйсцi на двор.
— Я з iм буду жыць, з iм, — махнуў Ладак галавою на адчыненыя i з хаты, i з надворка сенi — каня ўжо там не было. — Скацiна не прадасць…
— Ды i праўда, то ўжо лепш са скацiнай, — яна выпрасталася, адступаючы да акна, да палiцы, дзе вiселi драўляныя счарнелыя лыжкi, — чым во з такiм слiнкатым страшыдлам.
— А чаго iшла? Чаго? На дабро пагналася? Думаеш, я не знаю, што чакаеш мае смерцi. Але не дачакаешся. Я цябе першаю… Першаю на той свет заганю, — ён схапiў яе за белую батыставую блузку з круглаю фаралiнаю i банцiкам i турзануў да сябе.
— Пусцi, злыдух, пусцi, кажу, — яна хацела адапхнуць яго ў грудзi, але не здужала. Ён яшчэ прутка стаяў на нагах. Рука яго за спiною абмацвала чорны прыпек з чырвонаю сточанаю цэглаю, на якой вастрылi нож. Там ён i ляжаў — тонкi, шчарбаты, з драўлянымi тронкамi. Ладак яго згледзеў раней.
— Iмполька, ратуй, Iмполька! — збялеўшы, закрычала Ваця, ловячы Ладакаву руку з гэтым шчарбатым зрэзаным нажом.
Iмполя працяў гэты прыдушаны, самлелы ад страху крык i запёкся нейкаю злосцю ў грудзях. Ён абедзвюма рукамi пхнуў ад сябе стол i, прыгнуўшыся, сiгануў туды, да печы. Ладак, пусцiўшы жонку, неяк перагнуўся трохi назад, адставiў адну руку, а другую высока падняў над галавою — вострым халадком блiшчаў у ёй тонкi вышчарблены нож.